Храм-пахава́льня по́лацкіх епі́скапаў — колішні праваслаўны храм у Полацку, узведзены, верагодна, у пачатку — першай палове XII ст.. Храмы-пахавальні на Ніжнім замку і ў Ефрасіннеўскім манастыры будавала адна будаўнічая арцель, але храм-пахавальня Ефрасіннеўскага манастыра быў пабудаваны першым. Помнік полацкай школы дойлідства.

Рэшткі храма-пахавальні былі выяўлены падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага (Ефрасіннеўскага) манастыра.

Архітэктура і будаўнічыя асаблівасці Храм уяўляў сабой шасціслуповы, трохнефны крыжова-купальны будынак з адной апсідай і хорамі на захадзе. З паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў храм абкружала шырокая галерэя, аб'ёмы якой мелі выгляд прытвораў. Пад яе падлогай знойдзены старажытныя пахаванні ў цагляных скляпах (крыптах), дзе, магчыма, спачывалі полацкія епіскапы.

Падмуркі храма-пахавальні дэманструюць характэрную для полацкай школы XII ст. тэхналогію: яны былі складзены з дробных валуноў насуха, цалкам без выкарыстання вапнавага раствору. Пры гэтым даследаванні паказалі, што ў аснове сцен (над падмуркам) драўляныя сувязі не прымяняліся, што таксама было адметнай рысай полацкіх будаўнікоў першай паловы XII ст..

Сцены будынка былі выкладзены з плінфы ў спецыфічнай полацкай варыяцыі муроўкі «са схаваным радам» — калі кожны другі рад цэглы ўтопліваўся і заціраўся растворам, але пры гэтым на фасадах цалкам адсутнічалі палосы з неапрацаванага каменя. Пры ўзвядзенні выкарыстоўвалася плінфа са знакамі: на яе тарцах сустракаюцца выпуклыя вытворчыя меткі, а на пасцелістым (шырокім) баку асобных цаглін былі выяўлены выпуклыя княжацкія знакі (верагодна, родавае таўро заказчыка).

У аздобе інтэр'ера шырока выкарыстоўваліся роспісы, а ў пакрыцці падлогі — дэкаратыўныя паліваныя керамічныя пліткі (шчыльна пасаджаныя на раствор) і фрагменты мазаікі.

Фрэскавым жывапісам былі пакрыты сцены асноўнага храма і галерэй. Да нашага часу ад яго захаваліся, па-сутнасці, толькі асобныя фрагменты. Па манеры пісьма яны падобныя да кіеўскай школы жывапісу.

Аднаапсіднасць вылучае полацкія храмы-пахавальні сярод усіх помнікаў усходнеславянскага дойлідства, бо такія прыёмы будаўніцтва на Русі дагэтуль не сустракаліся. Новаўвядзенні, на думку П. А. Рапапорта, могуць тлумачыцца тым, што полацкія князі ў час вяртання са ссылкі ў Візантыю маглі прывезці з сабой новага дойліда. Гэты майстар развіў некаторыя мясцовыя традыцыі і ўключыў у іх новыя архітэктурныя прыёмы, напрыклад, шырока распаўсюджаную ў Візантыі муроўку сцен «са схаваным радам». Не выключана, што візантыйскі дойлід быў запрошаны ў Полацк яшчэ да высылкі князей (г.зн. да 1130 года), што вельмі верагодна, калі ўлічыць даўнія сувязі Полацка з Візантыяй.

Крыніцы

Літаратура

С. 467—468.

Спасылкі Храм-пахавальня Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра // сайт Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Полацка Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Полацка Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Епіскапы полацкія Катэгорыя:Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр