Франці́шак Ка́ралевіч Аляхно́віч, Аляхно́віч-Але́кна (; 9 (21) сакавіка 1883, Вільня — , Вільня) — беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст, празаік.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Біяграфія

Паходжанне 18 красавіка 1882 года Караль Аляхновіч, маючы 29 гадоў, ажаніўся з шляхцянкай Марыяй з Марковічаў. Злучыў іх шлюбам ксёндз Раман Казлоўскі ў касцёле Святой Тэрэзы на Вастрабрамскай вуліцы. Бацька, Караль Іванавіч Аляхновіч, нашчадак збяднелага шляхетнага роду з-пад Радашковічаў быў прафесійным скрыпачом і працаваў у розных віленскіх тэатральных аркестрах. Маці Марыя з Марковічаў (памылкова ў некаторых выданнях — з Наркевічаў) памерла на 75 годзе жыцця, па смерці мужа ажанілася на савецкім службоўцу з прозвішчам Клім.

Меў стрыечнага брата Францішка Умястоўскага.

Кумамі Францішка сталі Рафаіл Ягела і Людвіка Марковіч (удава). Асіставалі на хросце Юльян Бурбекл і Юзэфа Аляхновіч (дзеўка, як зазначана ў дакуменце).

Маленства Нарадзіўся ў Вільні. Пра яго маці, Марыю з Марковічаў, звестак не засталося. Упершыню бацька ўзяў Францішка на спектакль, калі таму было ўсяго пяць гадоў. Ранняе знаёмства з тэатральнымі падмосткамі абумовіла захапленне юнака тэатральнай справай, што ў выніку перарасло ў сталае жаданне Францішка стаць акцёрам. Усё, што было па-за тэатральным мастацтвам, не цікавіла юнага Францішка і ў выніку перашкодзіла яму атрымаць сістэмную агульную адукацыю (за хранічную непаспяховасць ён быў выключаны з 5 класа Віленскай гімназіі, таксама няўдала скончыў навучанне ў Віленскай хіміка-тэхнічнай школе).

Францішак, яшчэ будучы вучнем Віленскай гімназіі, спатыкаўся са старэйшым за яго на тры класы Феліксам Дзяржынскім, які пазней працаваў рэпетытарам у сваякоў будучага драматурга ў маёнтку Борце, недалёка ад Вільні.

Адукацыя Бацькі не пярэчылі Францішку паступіць у Кракаўскую драматычную школу. Да Кракава ён дабіраўся праз прыгранічнае мястэчка Дамброва пад выдуманым імем Андрэй Кулеша. Прыгранічныя жыхары мястэчка мелі права чатыры разы ў год браць пропуск на выезд за граніцу. 19-гадовы Францішак у прывакзальным шынку звярнуўся па дапамогу да нейкага Кулешы, які выставіў будучага драматурга за свайго пляменніка і дапамог яму атрымаць пропуск на імя 25-гадовага Андрэя Кулешы. Па прыбыцці ў Кракаў быў вымушаны перасядзець год вольным слухачом на гісторыка-літаратурным факультэце Кракаўскага ўніверсітэта праз адсутнасць у школе набору на 1903/04 год.

Увосень 1904 года перабіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якую скончыў у 1907 годзе. Пазней толькі год папрацаваўшы акцёрам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню і вырашае прысвяціць сябе журналістыцы. Імаверна, з прычыны расчаравання руціннасцю і несамавітасцю правінцыйнага тэатра. З 1908 года ў Вільні. Спачатку працуе рэпарцёрам у віленскіх газетах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Perkunas».

Беларускі асяродак

На гэты час прыпадае збліжэнне Францішка Аляхновіча з актывістамі асяродку «Нашай Нівы», што прадвызначыла яго ролю ў беларускім нацыянальным руху. У канцы студзеня 1910 года Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысіруе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы Марка Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю акцёра. Гэта быў першы беларускамоўны спектакль у Вільні. Ён меў сенсацыйны поспех.

Неўзабаве пасля гучнай тэатральнай пастаноўкі, рэдагуючы гумарыстычны тыднёвік «Perkunas», Францішак Аляхновіч надрукаваў залішне крамольны артыкул, праз які яго абвінавачваюць у «стремлении к ниспровержению существующего строя» і ў «возложении хулы на бесплотные силы небесные».

Атрымаўшы позву ў суд, Францішак Аляхновіч туды не з’яўляецца, а ўцякае на Галічыну (Аўстра-Венгрыя), дзе ў Львове і Кракаве пад псеўданімам Юрый Монвід, якім будзе пазней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх тэатрах. Разлічваючы на абвешчаную ў сувязі з 300-годдзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 годзе ў Вільню, але пазбегнуць судовай адказнасці не ўдаецца. Яму даравалася зневажанне толькі «сіл зямных», а за знявагу «сіл нябесных» прыгавораны на год турэмнага зняволення, адбывае тэрмін у віленскіх Лукішках. У астрозе Аляхновіч пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор — камедыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасля турмы, у 1915 годзе, перарабляе яе і перакладае на беларускую мову. Камедыя пабачыла свет на старонках віленскай беларускай газеты «Гоман».

Першая сусветная вайна

Заканчэнне тэрміну пакарання Францішка супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. Аляхновіч працаваў маляром, пажарнікам, кантралёрам электрасетак і адказным рэдактарам за частку накладу газеты «Гоман», якая выходзіла беларускай лацінкай.

Віленскі перыяд тэатральнай дзейнасці 1916—1918 гадоў быў для Францішка Аляхновіча вельмі плённым. У пачатку 1916 года ў Вільні арганізоўвае тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, сіламі якога 15 кастрычніка 1916 года ставіцца беларускі спектакль паводле матываў «Хама» Элізы Ажэшкі. 26 снежня 1916 года ставіцца п’еса «На Антокалі». З гэтага часу спектаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як пра тэатр Францішка Аляхновіча.

Адкрываючы тэатральны сезон 1917 года, Аляхновіч бярэцца за напісанне п’ес, якія б адпавядалі запатрабаванням часу — уздыму нацыянальнай самасвядомасці. Аўтар стварае пяць п’ес: «Бутрым Няміра» (некаторыя крыніцы датуюць яе 1916 годам), «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь». Таксама піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесць спавядальнага характару «Пісьмы да яе».

У гэты час Аляхновіч сутыкаецца з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі. Ратуючыся ад голаду, аўтар перабіраецца ў Чорны Бор пад Вільняй, дзе працуе настаўнікам у беларускім дзіцячым прытулку «Золак», які арганізавала «Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны». Тут Францішак Аляхновіч стварыў дзве дзіцячыя п’есы: казку «У лясным гушчары» і інсцэніроўку паводле паэм Канстанцыі Буйло і Янкі Купалы «Папараць-кветка». Акрамя таго, ім была напісана тут п’еса «Калісь», з якой у творчасць аўтар увайшла тэма, не зусім для яго характэрная, — тэма рэвалюцыі.

У чэрвені 1918 года пераапрануты фурманам Францішак Аляхновіч накіроўваецца ў Менск, дзе ў гэты час актыўна працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра рэарганізаванага з закладзенага ў маі 1917 года Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Паводле слоў Максіма Гарэцкага:

Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч без нямецкага пропуска, пехатою, без грошай у кішэні пусціўся ў дарогу. Пераапрануўшыся фурманам, ён з нейкімі засцянковымі шляхцянкамі перабраўся праз лінію старога фронту (каля Маладзечна) і, абарваны, босы, з ранамі на нагах, пасля васьмідзённага падарожжа прайшоў у Менск

Для сваёй першай пастаноўкі ў Менску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала добрыя водгукі. Ролю Няміры выканаў сам аўтар. З гэтай нагоды беларускі літаратар Змітрок Бядуля пісаў:

Першы раз, можна сказаць, у Менску публіка бачыла ў беларускім тэатры праўдзівае штукарства, вытрыманае перш-наперш у самой рэчы, потым у ігры і дэкарацыі. Гэтай штукай п. Аляхновіча можна шчыра віншаваць.

Аляхновіч арганізоўвае ўласную трупу. У гэты ж год Францішак Аляхновіч ладзіць дзве прэм’еры паводле сваіх новых п’ес: камедыі «Чорт і баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцця» (1918), якая сведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы — тэмы інтэлігенцыі.

Савецка-польская вайна

З адступленнем нямецкіх войскаў і ўсталяваннем у Менску савецкай улады, тут арганізуецца Беларускі пралетарскі тэатр (Францішак Аляхновіч — дырэктар, Фларыян Ждановіч — рэжысёр), які ў хуткім часе мяняе назву на «Беларускі савецкі тэатр». Пазней аўтар у сваёй кнізе «Беларускі тэатр» успамінаў:

Тэатральная работа пачынаецца з шырокім размахам. Спектаклі ідуць па 3—4 у тыдзень. Праца кіпіць… Камісарыят народнай асветы багата субсыдуе тэатр. Артысты з матэрыяльнага боку забяспечаныя. Рэпертуар узбагачаецца новымі творамі.

Праз недахоп сцэнічных кадраў увесну 1919 года Францішак Аляхновіч выязджае ў Вільню. Па сумяшчальніцтве выдае часопіс «Беларускае жыццё», супрацоўнічае з рэдакцыямі «Грамадзяніна» і «Руні». Аляхновіч знаходзіць сваю былую трупу і пачынае з ёю ставіць спектаклі, нават хоча арганізаваць дзяржаўны тэатр і ў Вільні, аднак савецка-польская вайна перашкодзіла ажыццяўленню яго намераў. У красавіку 1919 года палякі займаюць горад. З пачаткам уварвання Францішак Аляхновіч дапамагае Максіму Гарэцкаму, схаваўшы яго на сваёй кватэры на Маставой вуліцыГарэцкі, М.. Смаленск — Мінск — Вільня // . Пісьменнікі разважаюць наконт уцёкаў з Вільні, але вырашаюць застацца.

Нягледзячы на перашкоды акупацыі аўтар заканчвае п’есу «Дзядзька Якуб», дапрацоўвае камедыю «Птушка шчасця», друкуе вялікі артыкул «Тэатр на вёсцы», піша вершы і апавяданні. Новая п’еса «Дзядзька Якуб» друкуецца на старонках газеты «Беларускае жыццё», якая са снежня 1919 года будзе выдавацца ў Менску. Яшчэ паводле рукапісу ставіцца камедыя «Птушка шчасця», канчатковы варыянт якой быў зроблены драматургам у пачатку 1920 года, як і сцэнічны абразок «Лес шуміць» (паводле аднайменнага апавядання Уладзіміра Караленкі).

У другой палове лістапада 1919 года Францішак Аляхновіч і некаторыя артысты, якія працавалі ў Вільні, вяртаюцца ў заняты польскімі легіянерамі Менск. Ужо ў канцы гэтага месяца адбываецца сход Таварыства беларускай драмы і камедыі, на якім была прынята пастанова аб распачынанні працы. Такім чынам арганізаваўся Менскі гарадскі тэатр пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. Рэжысёрам быў зноў выбраны Фларыян Ждановіч. Гэты тэатр праіснаваў да жніўня 1920 года, а калі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, то на яго аснове створаны Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1).

У сваёй манаграфіі аб нацыянальным тэатры Аляхновіч пісаў пра падтрымку яго трупы польскай уладай, напрыклад аб атрыманні субсідый, аднак у той жа час, акупацыйная адміністрацыя перашкаджала ставіць «Паўлінку» і «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Моднага шляхцюка» Каруся Каганца. Пад забаронай былі і п’есы Францішка Аляхновіча — «Калісь» і «Бутрым Няміра». У снежні 1919 года аўтар піша драму ў трох актах «Цені». Да менскага перыяду дзейнасці адносіцца таксама п’еса «Заручыны Паўлінкі».

Вільня

У ліпені 1920 года разам з адступаючымі польскімі войскам з’язджае з Менска, вяртаецца ў Вільню. У кастрычніку 1920 года Вільня ўвайшла ў склад марыянеткавай Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе далучанай да Польшчы. Па прыбыцці працаваў у розных перыядычных выданнях і займаўся арганізацыяй трупы, у красавіку 1921—1923 рэдагаваў газету «Беларускі звон», у першым нумары якой і была апублікавана яго новая п’еса «Няскончаная драма». Выкладае ў Віленскай беларускай гімназіі.

Для свайго першага спектакля новая трупа Аляхновіча выбрала «Птушку шчасця». А следам за «Птушкай шчасця» Аляхновіч ставіць яшчэ адну прэм’еру — «Паўлінку» Янкі Купалы, якая ішла з аўтарскім дадаткам, трэцім актам пад назвай «Заручыны Паўлінкі», які быў нібыта развязкай сюжэта купалавай п’есы. Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што гэта спроба аказалася не вельмі карэктнай з этычнага боку і не зусім удалай паводле мастацкіх вынікаў.

Улетку 1921 года раз’язному тэатру Аляхновіча польскія ўлады дазволілі выступаць у правінцыі, што дагэтуль рашуча забаранялася. Трупа накіравалася ў Ліду. Праз год артысты зноў аб’ехалі шэраг мястэчак Заходняй Беларусі: Ашмяны, Радашковічы, Вілейку і інш. Аўтар заканчвае яшчэ два драматычныя творы: «Шчаслівы муж» (1921) і «Пан міністар» (1922).