Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Беніца (Маладзечанскі раён). Помнік архітэктуры позняга барока.
Гісторыя
У 1701 г. кашталян троцкі Міхал Казімір Коцел выдаў фундуш на будаўніцтва касцёла ў сваім маёнтку. Пабудаваны касцёл быў перададзены бернардзінцам, якія пазней па фундушу таго ж Коцела пабудавалі побач кляштар. У 1704 г. узведзеныя будынкі былі асвячоны. У канцы XVIII ст. касцёл стаў парафіяльны. Вядома, што пры кляштары знаходзілася школа.
У 1851 г. кляштар скасаваны, у 1866 г. касцёл перароблены пад царкву, а жылы корпус пасля 1863 г. зруйнаваны. У канцы ХІХ ст. руіны кляштара былі разабраны тагачасным уладальнікам мястэчка К. Швыкоўскім. У 1919 г. касцёл вернуты каталікам, у 1948 г. закрыты. Цяпер знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі.
Архітэктура Касцёл Экстэр'ер
Касцёл уяўляе сабой двухвежавы крыжападобны ў плане будынак, з пяціграннай апсідай і кароткімі крыламі трансепта. Над сяродкрыжжам купал на васьмігранным светлавым барабане, увянчаны гранёнай шатровай вежай. Галоўны заходні фасад фланкіраваны трох'яруснымі квадратнымі ў плане вежамі. Ніжнія ярусы вежаў размешчаны на ўзроўні сцен касцёла і аб'яднаны з імі агульным прафіляваным карнізам. Верхнія ярусы злучаны крывалінейным франтонам. Інтэр'ер
Унутраная прастора касцёла перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Алтар, крылы трансепта і бабінец адкрываюцца ў цэнтральную залу арачнымі праёмамі. Над уваходам — хоры на дзвюх калонах. Часткова захаваліся тры стукавыя надмагіллі роду Коцелаў. У сутарэннях касцёла былі сямейныя склепы Коцелаў і Швыкоўскіх.
Агароджа Па восі касцёла размешчана брама, якая ўваходзіла ў мураваную агароджу (часткова захавалася з заходняга боку.). Уяўляе сабой кампазіцыю з чатырох слупоў з закругленымі вугламі. Сярэднія слупы звязаны крывалінейным франтонам, ствараюць цэнтральны праезд. Бакавыя часткі брамы глухія, крапаваны плоскімі арачнымі нішамі крывалінейнага абрысу.
Літаратура
Спасылкі
Як старшыня-камуніст храм ратаваў і чаму з гэтага нічога не атрымалася // сайт «Радыё Свабода», 22 чэрвеня 2019
Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Беніца Катэгорыя:Касцёлы Маладзечанскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1704 годзе Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:Бернардзінскія кляштары Беларусі Катэгорыя:1704 год у Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі