Яго Высокапраасвяшчэнства кардынал Аўдрыс Юозас Бачкіс (; ) — літоўскі кардынал і ватыканскі дыпламат.

Біяграфія Нарадзіўся 1 лютага 1937 года ў Коўне. Сын літоўскага дыпламата Стасіса Антанаса Бачкіса і Онас Гільвідайце.

Неўзабаве пасля Другой сусветнай вайны сям’я Бачкіса эмігравала з СССР. Навучаўся ў Францыі ў семінарыі Св. Сульпіцыя ў Ісі-дэ-Муліна, пазней — у Рыме: скончыў Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт (вывучаў тэалогію), Папскі Латэранскі ўніверсітэт (абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве), Папскую Духоўную Акадэмію (вывучаў дыпламатыю). 18 сакавіка 1961 года ў Рыме прыняў капланскія пасвячэнні, працаваў як душпастыр сярод літоўскіх эмігрантаў у ЗША. Ад 1964 года — на дыпламатычнай службе ў Ватыкане, быў сакратаром нунцыятуры ў Філіпінах (1964—1965), Коста-Рыцы (1965—1967), Турцыі (1967—1970), Нігерыі (1970—1973).

Ад чэрвеня 1965 года — Тайны камергер Яго Святасці Папы Рымскага (ад 1968 года — «Капелан Яго Святасці»). Ад 1973 года — пры Радзе Публічных спраў пры Дзяржсакратарыяце Ватыкану, між іншым — дэлегат Святога Прастола на канферэнцыі ААН у Вене ў 1975 годзе. Ад 1979 года — намеснік сакратара Савета Публічных спраў.

Тытулярны біскуп Меты, з персанальным тытулам архібіскупа з 5 жніўня 1988 года. Нунцый у Нідэрландах з 5 жніўня 1988 года да 24 снежня 1991 года. Архібіскуп вільнюскі з 24 снежня 1991 года. Старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Літвы ў 1993—1999 і з 2003; у 1999—2003 — віцэ-старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Літвы. Кардынал-святар з тытулам царквы Nativita di Nostro Signore Gesu Cristo a Via Gallia з 21 лютага 2001 года. У кастрычніку 1999 года браў удзел у правядзенні Свяшчэннага Сінода біскупаў у Ватыкане, прысвечаным Касцёлу ў Еўропе.

Апроч літоўскай, ведае італьянскую, англійскую і французскую мовы.

Крыніцы

Спасылкі

Audrys Juozas Cardinal Backis, Archbishop of Vilnius, Cardinal-Priest of Nativita di Nostro Signore Gesu Cristo a Via Gallia Біяграфія на сайце gcatholic.org Біяграфія на сайце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Літвы

Катэгорыя:Кардыналы Літвы Катэгорыя:Апостальскія нунцыі ў Нідэрландах Катэгорыя:Архібіскупы віленскія Катэгорыя:Выпускнікі Папскай Царкоўнай акадэміі Катэгорыя:Выпускнікі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта