Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — помнік дойлідства неаготыкі. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Гісторыя Пабудаваны ў 1674 годзе з цэглы і бутавага каменю на паўночнай ускраіне вёскі Ражанка Шчучынскага раёна. Архітэктар Генрык Марконі перабудаваў храм па замове Паца. Так у Беларусі з’явіўся першы неагатычны будынак. Перабудаваны ў 1924—1925 гадах. Капітальна адрамантаваны ў 1990 годзе.
Касцёл дзейнічае.
Архітэктура
Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з больш нізкімі пяціграннай апсідай і трансэптам. Тарцы высокіх двухсхільных дахаў над нефам і крыламі трансэпта закрытыя ступеньчатымі шчытамі. Да бакавых сцен асноўнага аб’ёму далучаныя дзве прастакутныя ў плане капліцы. Да паўднёва-заходняга кута нефу прыбудаваная трох’ярусная вежа (васьмярык на двух чацвярыках), накрытая васьмігранным спічастым шатром, да апсіды з паўночнага боку — невялікая сакрысція. Куты асноўнага аб’ёму і трансэптаў умацаваныя контрфорсамі і завершаныя дэкаратыўнымі вежачкамі — пінаклямі. Бакавыя фасады з высокімі паўцыркульнымі вокнамі, дэкарыраваныя геаметрычнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасаду круглае акно-«ружа», вышэй яго дэкаратыўны арнамент, пояс і шчыт, аздоблены вузкімі плоскімі нішамі з трохлопасцевымі арачнымі завяршэннямі і ляпным гербам у сярэдзіне. Галоўны ўваход вырашаны стральчатым парталам.
Інтэр’ер
Унутраная прастора касцёла перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках, крылы трансэпта — крыжовымі. Апсіда і капліцы раскрываюцца ў прастору нефа арачнымі праёмамі. Над уваходам — хоры. Сцены асноўнага аб’ёму расчлянёныя пілястрамі і размаляваныя ў верхняй частцы шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія тэмы.
Літаратура
Лаўрэш Леанід. Ражанка // Наша слова.pdf № 24 (76), 14 чэрвеня 2023. // на pawet.net
Спасылкі
Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Шчучынскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Катэгорыя:Ражанка (аграгарадок) Катэгорыя:Храмы Святых Пятра і Паўла