Палац Бутрымовічаў  — помнік архітэктуры позняга барока ў Пінску.

Гісторыя

Пабудаваны ў 1784—1790 гадах архітэктарам К. Шыльдхаўзам для пінскага старосты Мацея Бутрымовіча на высокім левым беразе ракі Піна, да якой павернуты дваровым фасадам. У XIX і пачатку XX ст. сярод мясцовага насельніцтва меў за свой мураваны «матэрыял» размоўную назву «Мур».

Пазней у будынку змяшчаўся Палац піянераў і школьнікаў. Адрэстаўраваны ў 2007—2009 гадах. Выкарыстоўваецца як «Палац шлюбу». Помнік рэспубліканскага значэння.

Архітэктура

Мураваны П-падобны ў плане будынак з развітым цокальным паверхам, трактаваны з выкарыстаннем элементаў рустоўкі, выглядае лёгкім і гарманічным па прапорцыях. Аднапавярховую сярэднюю частку будынку займаюць парадныя памяшканні з авальнай залай у цэнтры, якая ўтварае эркер з балконам на галоўным фасадзе. Планіроўка анфіладная. Бакавыя крылы вырашаныя ў двух узроўнях і маюць невялікія жылыя памяшканні ўздоўж калідораў.

Знадворны дэкор мае рысы ранняга класіцызму. Фасады аздобленыя плоскімі і руставанымі лапаткамі, сандрыкамі, фрыз антаблементу — трыгліфамі і метопамі. Эркер, выкружаныя вуглы і тарцы бакавых крылаў аздобленыя калонамі і паўкалонамі дарычнага ордара. Яны крыху рассунуты ў бакі, што дазваляе акцэнтаваць увагу на ўваходзе і паўкруглым акне над ім.

Літаратура

Zbigniew Hauser, Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi, Warszawa 2005, ISBN 83-87654-25-6 Grzegorz Rąkowski, Polesia czar, Oficyna Wydawnicza «Rewasz», Pruszków 2001, ISBN 83-85557-92-X

Спасылкі

У Пінску рэканструявалі палац Бутрымовічаў XVII стагоддзя Новая экспазіцыя адкрылася ў Палацы Бутрымовіча ў Пінску

Катэгорыя:Славутасці Пінска Катэгорыя:Палацы Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Пінска ў стылі барока Катэгорыя:Бутрымовічы Катэгорыя:1790 год у Беларусі Катэгорыя:Вуліца Леніна (Пінск)