Мікалай Аляксандравіч Карцель (, в. Галяшы (зараз — Сасновы Бор), Расонскі раён, Полацкай акругі — ) — беларускі вучоны ў галіне генетыкі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996); член-карэспандэнт (1986). Доктар біялагічных навук (1984), прафесар (1991). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).
Біяграфія У 1959 годзе скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С. М. Кірава. У 1959—1960 гадах памочнік таксатара Мінскай лесаўпарадкавальнай партыі, у 1960—1963 гадах аспірант, у 1963—1967 гадах асістэнт ў Беларускім тэхналагічным інстытуце. У 1967—1978 гадах старшы навуковы супрацоўнік, а ў 1978—1994 гадах намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР. У 1994—2004 гадах дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2005 г. загадчык лабараторыі гэтага інстытута.
Навуковыя інтарэсы Навуковыя працы па генетыцы, малекулярнай генетыцы і генетычнай інжынерыі раслін. Даследаваў пытанні генетыкі і селекцыі драўняных раслін, радыяцыйнага мутагенеза сельскагаспадарчых раслін, праблемы генетычнай і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін.
Правёў сістэматычнае вывучэнне ўзаемадзеяння экзагеннай ДНК з геномам вышэйшых раслін і абгрунтаваў фундаментальныя палажэнні пра фізіялагічнае, біяхімічнае, цыталагічнае і генетычнае дзеянне чужароднай ДНК на раслінны арганізм. Распрацаваў тэхналогію стварэння трансгенных раслін шэрагу сельскагаспадарчых культур і стварыў арыгінальныя вектарныя канструкцыі, якія нясуць гаспадарчыя важныя гены. Атрымаў трансгенныя расліны, якія праяўляюць устойлівасць да фітапатагенаў і насякомых, расліны, якія здольныя паспяхова расці на глебах, забруджаных цяжкімі металамі і нафтапрадуктамі.
Устанавіў ролю простых і складаных паслядоўнасцей ДНК, якія паўтараюцца ў структурна-функцыянальнай арганізацыі геному раслін. Выдаў і ўкараніў у практыку метадычныя рэкамендацыі па ДНК-паспартызацыі гатункаў і ліній раслін. Стварыў насычаную ДНК-маркерамі генетычную карту геному жыта, якая прадстаўляе высокую генетыка-селекцыйную каштоўнасць. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні па ДНК-маркерам спадарожнай селекцыі сельскагаспадарчых культур, па ідэнтыфікацыі генаў устойлівасці да хвароб, дыягностыцы захворванняў з выкарыстаннем ДНК-маркераў.
Праводзіў даследаванні па генетычных выніках Чарнобыльскай катастрофы. Вынікі вывучэння малекулярна-генетычных асаблівасцяў развіцця папілярных карцыном шчытападобнай залозы ў дзяцей знайшлі адлюстравання ў выдадзеным у ЗША даведніку па раку шчытападобнай залозы (Thyroid Cancer, 2006).
Узнагароды Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2001) за кнігу «Генетыка: энцыклапедычны слоўнік».
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2009).
Творы Аўтар больш за 470 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 12 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Генетика в лесоводстве. — Мн.: Наука и техника, 1970 (совм. с Е. Д. Манцевичем). Генетическая инженерия: науч. изд. / Н. А. Троицкий, Н. А. Картель; АН БССР, Ин-т генетики и цитологии, Белорусское о-во генетиков и селекционеров. — Минск: Наука и техника, 1980. Эффекты экзогенной ДНК у высших растений. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1981. Биоинженерия: методы и возможности. — Мн.: Ураджай, 1989. Фитогормоны и фитопатогенность бактерий. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994 (совм. с Е. В. Лобанок, В. В. Фомичевой). Генетика: энциклопедический словарь. — Мн.: Тэхналогія, 1999 (совм. с Е. Н. Макеевой, А. М. Мезенко). Биотехнология в растениеводстве. — Мн.: Тэхналогія, 2005 (совм. с А. В. Кильчевским).
Літаратура Картель Николай Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1. — С. 480. Картель Николай Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. — Т. 7 : Снегирь-Ящерицын. — С. 893—894. Картель Николай Александрович // Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928—2015 / сост.: Т. С. Буденкова [и др.]; редсов.: В. Г. Гусаков [и др.]. — Минск : Беларуская навука, 2016. — С. 115—116.
Спасылкі Мікалай Аляксандравіч Картэль у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
Крыніцы
Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Генетыкі Беларусі