О́рдэн «За асабі́стую му́жнасць» — дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь. Уручаецца за праяўленую выключную адвагу і асабістую храбрасць, подзвігі, здзейсненыя ў экстрэмальных абставінах. Адзіны беларускі ордэн у форме крыжаОрдена Беларуси // spec-by.ucoz.ru, 25 снежня 2010 .

Гісторыя Ордэн уведзены ў сістэму дзяржаўных узнагарод указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змен і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь „Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь“» 2 чэрвеня 1997 года. Часам памылковай датай заснавання называецца пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь № 3726-XII ад 13 красавіка 1995 года.

Хаця ордэн заснаваны па аналогіі з аднайменнай савецкай узнагародай, яго дызайн карэнным чынам адрозніваецца ад савецкага.

Першым кавалерам ордэна стаў 8 кастрычніка 1997 года майстар-выратавальнік пажарнай часткі Барысава малодшы сяржант Аляксандр Хоміч «за мужнасць і рашучыя дзеянні ў час ліквідацыі пажару на Барысаўскім чыгуначным вузле».

Апісанне ўзнагароды зацверджана ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1999 года і 8 красавіка 2005 года, а яе палажэнне замацавана законам Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2004 года № 288-З «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь».

У 2008 годзе адбылося самае масавае ўзнагароджанне ордэнам, калі ім былі ганараваны 15 членаў экіпажа самалёта Іл-76 авіякампаніі «ТрансАвіяЭкспарт», збітага 23 сакавіка 2007 года ў Самалі.

Узнагароджанні адбываліся таксама і за спартыўныя дасягненні. Напрыклад, у 2018 годзе за залаты медаль на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане ордэнам «За асабістую мужнасць» узнагародзілі спартсменаў нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне.

Статут Ордэнам «За асабістую мужнасць» узнагароджваюцца грамадзяне:

за выключную адвагу і асабістую храбрасць, праяўленыя пры выкананні ваеннага абавязку, грамадзянскіх або службовых абавязкаў; за самаадданыя ўчынкі, здзейсненыя ў экстрэмальных абставінах; за мужнасць, праяўленую пры абароне дзяржаўнай граніцы; за мужнасць, праяўленую пры ахове грамадскага парадку; за смелыя і рашучыя дзеянні ў абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця.

Ордэн «За асабістую мужнасць» носіцца на левым баку грудзей і пры пры наяўнасці іншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна «За службу Радзіме».

Апісанне Ордэн уяўляе сабой пазалочаны Георгіеўскі крыж размахам 45 мм на фоне пазалочанай чатырохграннай плоскасці, канцы якога пакрыты цёмна-чырвонай эмаллю. Паміж канцамі крыжа выступаюць чатыры рабрыстыя пазалочаныя прамяні, якія ўтвараюць квадрат з бокам 30 мм, на кожным з якіх размешчаны па два тонкія злучаныя промні. У цэнтры крыжа змешчаны медальён дыяметрам 22 мм, пакрыты белай эмаллю, з надпісам «За асабістую мужнасць» і выявай лаўровых галін. У цэнтры круга — залацістая пяціканцовая зорачка на цёмна-чырвоным фоне. Круг накладзены на пазалочаны сярэдневяковы меч.

Адваротны бок мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзіцца парадкавы нумар. Ордэн вырабляецца з срэбра з залачэннем на Гомельскім вытворчым аб’яднанні «Крышталь».

Ордэн пры дапамозе вушка і кольца мацуецца да пяцівугольнай калодкі, абцягнутай муаравай стужкай залацістага колеру шырынёй 24 мм з падоўжнай бардовай палоскай шырынёй 6 мм пасярэдзіне. Па краях стужка мае па адной падоўжнай палосцы: з левага боку — белай, з правага — бардовай, шырынёй 2 мм.

Статыстыка ўзнагароджанняў ордэнам «За асабістую мужнасць» паводле гадоў

Літаратура

Спасылкі Ордэн «За асабістую мужнасць» на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ордэн «За асабістую мужнасць» на сайце «Дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь»

Катэгорыя:З’явіліся ў 1997 годзе Катэгорыя:1997 год у Беларусі