Ордэн Дружбы народаў — дзяржаўная ўзнагарода сучаснай Беларусі.

Статут ордэна Ордэнам Дружбы народаў узнагароджваюцца грамадзяне:

за значны ўнёсак у справу ўмацавання міру, дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, кансалідацыі грамадства і адзінства народаў; за асабліва плённую дзейнасць па збліжэнні і ўзаемаўзбагачэнню нацыянальных культур; за высокія дасягненні ў міжнароднай грамадскай, дабрачыннай і гуманітарнай дзейнасці; за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё і множанне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь, актыўную дзейнасць па абароне правоў чалавека і яго сацыяльных інтарэсаў; за асаблівыя заслугі ў развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці, дэмакратыі і сацыяльнага прагрэсу.

Ордэн Дружбы народаў носіцца на шыйнай стужцы.

Апісанне

Ордэн Дружбы народаў уяўляе сабой знак, выкананы ў форме пяці- і дзесяціканцовай зорак. Пяціканцовая зорка, пакрытая чырвонай эмаллю і апраўленая па контуры выпуклымі кроплямі, накладваецца на дзесяціканцовую зорку дыяметрам 59 мм, якая ўтворана пяццю залацістымі пірамідальнымі гранямі і пяццю залацістымі пучкамі разбежных прамянёў. У цэнтры ордэна размешчана накладная выява зямнога шара з пяццю кантынентамі, асобныя дэталі якога пакрыты сіняй эмаллю. Зямны шар абрамлены абадком з выявай поціскаў рукі. Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзіцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка і плоскага кальца, да якога прымацаваны прамавугольны знак памерам 14х14 мм, які ўяўляе ў мініяцюры Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, злучаецца з муаравай стужкай сіняга колеру шырынёй 44 мм.

Ордэн Дружбы народаў вырабляецца са срэбра з пазалотай.

Спасылкі Закон Рэспублікі Беларусь ад 18.05.2004 № 288-З (рэд. ад 04.05.2005) «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні апісання ордэнаў, медалёў і нагрудных знакаў да ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь» Дзяржаўныя ўзнагароды і прэміі Рэспублікі Беларусь