Брусы́ (, ) — вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Сваткаўскага сельсавета.
Назва На думку В. Жучкевіча, назва вёскі Брусы ўтворана ад беларускага тэрміна брусы — тоўстыя бярвенні, калоды, таксама буйныя валуны. Не выключана і магчымасць сувязі з брусніцаміВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 38..
Гісторыя У 1848 годзе вёска маёнтка Вузла Вілейскага павета Віленскай губерні, валоданне графа К. І. Тызенгаўза. У 1904 годзе вёска і выселкі, валоданне памешчыкаў Пшаздзецкіх у Мядзельскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. З 1875 у вёсцы працавала школа граматы, у якой у 1896/97 навучальным годзе вучыліся 23 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі.
У Першую сусветную сусветную вайну 1914—1918 гадоў у ваколіцах вёскі праходзіла лінія фронту паміж Германскай імперыяй і Расійскай імперыяй; тут размясціліся салдаты расійскай арміі, склады з боепрыпасамі і прадуктамі харчавання. 18—28 сакавіка 1916 года адбываліся баі Нарачанскай аперацыі войск расійскіх армій, у час якіх праціўнікам былі ўжыты атрутныя газы. 2-я расійская армія панесла значныя страты, толькі каля вёскі пахавана 700 салдат Рускай імператарскай арміі.
У 1921 годзе вёска Мядзельскай гміны Дунілавіцкага, з 1925 года Пастаўскага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Побач знаходзілася вартоўня Брусы.
З 12 кастрычніка 1940 года да 23 снежня 1965 годаРашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 23 снежня 1965 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 1 (1121). вёска — цэнтр Брусоўскага сельсавета Мядзельскага раёна Вілейскай, з 20 верасня 1944 года — Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 года — Мінскай абласцей БССР, з 1 кастрычніка 1973 года — ва Узленскім сельсавецеУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 1 кастрычніка 1973 г. Аб перайменаванні асобных сельсаветаў Мінскай вобласці // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1973, № 28 (1402)., з 23 сакавіка 1987 года — у Сваткаўскім сельсавецеРашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 23 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларуская ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901)..
У верасні 1943 года войскі нацысцкай Германіі поўнасцю спалілі вёску, загубілі 22 жыхароў. У цэнтры вёскі пахаваны 41 жыхар вёскі Брусы, Лужы, Заазер’е і хутара Гаць, якіх 27 верасня 1943 года забілі нацысцкія вайскоўцы (у 1981 годзе на магіле пастаўлены помнік). За 2,5 км на паўночны захад ад вёскі каля аўтамабільнай дарогі Мядзел — Вілейка пахаваныя 10 жыхароў з хутара Бароўка, якіх 13 ліпеня 1943 года расстралялі, а потым спалілі вайскоўцы карных атрадаў (у 1975 годзе на магіле пастаўлены абеліск). Пасля вайны Брусы адбудаваны. У 1948 годзе вёска тэлефанізавана, у 1949 годзе створаны калгас «Сцяг Перамогі».
З 1954 года ў складзе калгаса імя Леніна (да 9 лістапада 1961 года калгас імя Сталіна, з 1988 года цэнтр — вёска Сваткі), з 1994 года ў аграфірме «Зара», з сакавіка 1997 года ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве імя М. Танка (цэнтр — вёска Сваткі).
Інфраструктура Магазін, клуб, бібліятэка, свінагадоўчы комплекс, жывёлагадоўчая ферма.
Насельніцтва 1848 год — 27 двароў, 249 жыхароў. 1868 год — 20 двароў, 278 жыхароў. 1904 год — у вёсцы — 469 жыхароў; на выселках — 10 жыхароў. 1908 год — 26 двароў, 480 жыхароў. 1921 год — у вёсцы — 90 двароў, 486 жыхароў; у вартоўні — 7 жыхароў. 1931 год — 98 двароў, 552 жыхарыWykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, t. 1, Warszawa 1938, s. 41.. 1940 год — 109 двароў, 328 жыхароў. 1960 год — 400 жыхароў. 1997 год — 114 двароў, 257 жыхароў. 2009 год — 204 чал.
Вядомыя асобы Алесь Каўрус (1935—2022) — беларускі мовазнавец. Надзея Лужынская (1924—2000) — грамадская дзяячка беларускай дыяспары ў Аўстраліі.
Славутасці
З вёскі Брусы гміны Мядзел Пастаўскага павета паходзіць дуда канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Так як і многія беларускія дуды, інструмент захоўваецца ў Літоўскім нацыянальным музеі ў Вільнюсе. На выстаўках дуда пазначаецца музеем як дуда з «Усходняй Літвы»http://alkas.lt/2019/07/06/i-ignalina-atkeliavo-lietuvos-nacionalinio-muziejaus-paroda/. Аднак у музейным пашпарце (LNM EM 94) сапраўднае паходжанне ўжо пазначанае.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Сваткаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Мядзельскага раёна Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі