Міхал Богуш-Шышка (; 8 лістапада 1811, маёнтак Варонічы, Ігуменскі павет, Мінская губерня — , маёнтак Альхоў, Цітвянская воласць, Ігуменскі павет, Мінская губерня) — беларускі і польскі культурны дзеяч, архівіст, , гісторык, лінгвіст, энцыклапедыст, .

Біяграфія Нарадзіўся ў родавым маёнтку Варонічы Ігуменскага павета, у сям’і Рышарда Шышкі і Караліны з Кучэўскіх.

Скончыў віленскую гімназію і ў 1832 годзе Віленскі ўніверсітэт. Паводле краязнаўца Аляксандра Ельскага, Міхал Богуш-Шышка ведаў больш за 10 моў, сярод іх старажытныя: лацінская, старажытнагрэчаская, старажытнаяўрэская, стараславянская. Фінансавыя справы бацькоў у той час значна пагоршыліся, таму адразу па заканчэнні ўніверсітэта М. Богуш-Шышка мусіў самастойна зарабляць на жыццё. З 1832 да 1838 года быў перакладчыкам мінскага межавага (падкаморскага) суда.

З 1840 па 1860 год жыве па чарзе ў Вільні, Варшаве і Санкт-Пецярбургу, цалкам прысвяціў сябе разумовай працы, перакладаў на польскую мову творы старажытных і сучасных замежных аўтараў, ствараў уласныя творы.

У 1860 годзе запрошаны ў Нясвіж для ўпарадкавання архіву Радзівілаў, таксама працаваў у радзівілаўскім Берлінскім архіве. Праца прыносіла невялікія грошы, меней за 500 рублёў, але Богуш-Шышка не адмаўляўся ад яе праз магчымасць працаваць з старажытнымі крыніцамі. Апроч таго, Шышка ахвяраваў палову сваёй зарплаты папярэдніку на гэтай пасадзе, Р. Сымановічу, які праз хваробу больш не меў працы і быў галечы. Адкрыў шэраг дакументаў, сярод якіх арыгінал акту Люблінскай уніі 1569 года. У 1873 годзе памёр Багуслаў Фрыдэрык Радзівіл, галоўны пратэктар Шышкі. Нашчадкі Багуслава Радзівіла не захацелі надалей трымаць бібліятэкара, пагатоў архівы ў Нясвіжы і Берліне былі ўжо ў добрым стане. Перад выездам з Берліна яму была прапанавана пасада рэпетытара, ад якой ён адмовіўся.

З моцна пагоршаным здароўем Богуш-Шышка паехаў на лячэнне ў Крыніцу, каб прайсці лячэнне ў ванных. Па дарозе заехаў у Кракаў, які яго моцна ўразіў, пра што пісаў сваёй сястры Браніславе Дыякевічавай з Шышкаў. У 1873 годзе прыехаў у маёнтак Альхоў Ігуменскага павета Мінскай губерні да сястры Браніславы. У 1875 годзе выязджаў на лячэнне праз Варшаву і Адэсу ў Севастопаль. Памёр у Альхове ў 1877 годзе. На пахаванні была ваколічная шляхта, сяляне і яўрэі. Пахаваны на мясцовых могілках каля Узлянаў.

У XX стагоддзі магіла была занядбана. У кастрычніку 2024 года валанцёры аднавілі раскіданае надмагілле Міхала Богуша-Шышкі, а таксама суседнія шляхецкія пахаванні. Побач з Міхалам Богушам-Шышкам пахаваны Мацей Дыякевіч (Дзіякевіч), муж Браніславы з Шышкаў, уладальнік маёнтка Альхова, а таксама сама Браніслава з Шышкаў.

Археаграфічная праца З 1860 па 1873 год па запрашэнні нясвіжскага ардыната князя Вільгельма Радзівіла працаваў другім архіварыусам у Нясвіжы над сістэматызацыяй прыватнага збору дакументаў князёў Радзівілаў. У яго абавязкі ўваходзіла праца з дакументамі, якія тычыліся гісторыі і літаратуры. Так, напрыклад, у Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве захоўваюцца складзеныя Богушам-Шышкам ― вопіс дакументаў за 1410―1787 гады і спісы вядомых асоб, згаданых у дакументах (ЛДІА, фонд 1280 ― «Радзівілы, князі», ч. 1, 1416—1922).

Аказваў дапамогу ў пошуку патрэбных дакументаў гісторыкам, якія прыязджалі ў Нясвіж ― Мікалаю Кастамараву, Пятру Гільтэбранту і іншым.

У «Архіве Радзівілаўскім» апублікаваў шэраг звестак аб гісторыі Беларусі і Літвы (Вялікага Княства Літоўскага), Рэчы Паспалітай: пра адказ караля Жыгімонта III маскоўскім паслам у 1610 годзе, аб Лоеўскай бітве 1649 года, аб бітве пад Алькенікамі 1700 года, прамова Яна Сабескага пасля зрыву сойма ў Гродне (1688), акт Барскай канфедэрацыі 1768 года, дзённік ваеннага паходу на маскоўскія землі ў 1660 годзе, дакументы суда над філосафам Казімірам Лышчынскім, лісты Караля Станіслава Радзівіла да князя Мікалая Рэпніна і інш.

Літаратурная дзейнасць

Нароўні з вядомымі навукоўцамі ― прафесарам Фларыянам Чапялінскім, пісьменнікам і філолагам Януарыям Філіповічам, паэтам Вінцэнтам Каратынскім, пісьменнікам і перакладчыкам Валяр’янам Тамашэвічам, гісторыкам Аляксандрам Здановічам, ― удзельнічаў у працы над «Слоўнікам польскай мовы» (Вільня, 1861).

У 1858—1859 гадах удзельнічаў у стварэнні польскай «Усеагульнай энцыклапедыі» («Encyklopedia Powszechna») Самуэля Оргельбранда, першы том якой з’явіўся ў 1868 годзе. На аснове нясвіжскіх дакументаў напісаў «Нарыс жыцця князя Міхала Кшыштафа Радзівіла, празванага Сіроткам», «Дыярыуш князя Міхала Казіміра Радзівіла», «Гісторыю Астрожскай ардынацыі» (не выдадзена).

Міхал Богуш-Шышка пераклаў на польскую мову: «Споведзь» («Wyznania») Святога Аўгусціна (тт. 1—2, 1844) «Падарожжы» Аляксандра Гумбальта (тт. 1—4, 1861) «Нарыс усеагульнай гісторыі» Георга Вэбера (тт. 1—2, 1862) «Лісты Святога Бернарда» Бернарда Клервоскага (1849)

Пераклаў лацінскую частку «Жыцці архіепіскапаў Гнезненскіх, Прымасаў Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, ад Вілібальда да Анджэя Альшоўскага» (1860)

Крыніцы

Літаратура Казлоў У. П., Міхальчанка А. М. Некаторыя пытанні археаграфіі як навуковай дысціпліны // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 2 / Рэд. кал.: Р. П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелНДІДАС, 2001. — 360 с.

Катэгорыя:Памерлі ў Пухавіцкім раёне Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Археографы Беларусі Катэгорыя:Архівісты Беларусі Катэгорыя:Архівісты Расійскай імперыі Катэгорыя:Архівісты паводле алфавіта Катэгорыя:Гісторыкі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыкі Польшчы Катэгорыя:Постаці Нясвіжа