Пала́ц Радзіві́лаў на Пушка́рні (, , таксама сустракаюцца назвы Янушаўскі або Багуславаўскі палац) — страчаная магнацкая рэзідэнцыя XVII стагоддзя, якая размяшчалася ў Вільні ў гістарычным прадмесці Пушкарня на левым беразе ракі Вілія. Комплекс знаходзіўся ў квартале паміж сучаснымі вуліцамі Жыгімонтаў (), Урублеўскага (), Маставой () і Радзівілаў (). У часы свайго росквіту гэта была другая па велічыні рэзідэнцыя ў горадзе пасля віленскіх замкаў.
Палацавы комплекс быў узведзены каля 1653 года ў стылі ранняга барока па заказе віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла. Аўтарам праекта, як мяркуецца, выступіў каралеўскі архітэктар Канстантэ Тэнкала. Пасля разбурэнняў у час Трынаццацігадовай вайны (1655—1661) палац быў адноўлены і значна мадэрнізаваны яго стрыечным братам, канюшым літоўскім Багуславам Радзівілам. Будынак вызначаўся нетыповай для тагачаснай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага манументальнасцю, спалучаў жылыя і абарончыя функцыі (меў бастыёны), а таксама славіўся ўнікальным барочным садам з геральдычнымі кветнікамі, сажалкамі і лабірынтам.
На працягу XVIII стагоддзя з-за шматлікіх маёмасных спрэчак паміж рознымі галінамі роду і адсутнасці належнага догляду палацавы комплекс прыйшоў у поўны заняпад. У 1828—1829 гадах руіны палацавай эканоміі былі канчаткова прададзеныя за 500 рублёў і разабраныя на будаўнічыя матэрыялыVladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991, s. 158.. У наш час рэшткі палаца, выяўленыя ў выніку археалагічных раскопак 2017—2022 гадоў каля сучаснай вуліцы Жыгімонтаў, унесены ў Рэгістр культурных каштоўнасцей Літвы як аб'ект нацыянальнага значэння.
Гісторыя
Заснаванне Тэрыторыя прадмесця Пушкарня набыла выключную значнасць для роду Радзівілаў біржанскай лініі яшчэ з першай паловы XVI стагоддзя. Фарміраванне вялікага палацава-паркавага комплексу адбывалася шляхам паступовага выкупу суседніх участкаў і маёнткаў. Важным крокам стала набыццё ў 1623 годзе двара з барочным садам і лабірынтам, які раней належаў ваяводу полацкаму Янушу Кішку. Гэты маёнтак выкупіла Альжбета Соф’я з Гагенцолернаў, удава віленскага кашталяна Януша Радзівіла і маці Багуслава РадзівілаГалоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (AGAD), Archiwum Radziwiłłów, dz. X, nr 681, k. 1: Апісанне агарода ў Вільні, які купіла ад Януша Кішкі ўдава па Янушу Радзівілу, кашталяну віленскім, у 1623 годзе ()..
Да 1653 года на аб'яднаных землях каля Віленскай брамы ваявода віленскі Януш Радзівіл (стрыечны брат Багуслава) пабудаваў новы мураваны палац у стылі ранняга барока. У гонар завяршэння будаўніцтва і ўезду Януша Радзівіла ў сталіцу на пасаду ваяводы ў Гданьску быў нават выбіты адмысловы медаль працы Себасцьяна Дадлера (1653), на якім была выяўлена новая віленская рэзідэнцыяVladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991, s. 159..
Росквіт і мадэрнізацыя Перыяд першапачатковага бляску палаца быў вельмі кароткім. Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай (1655—1661) і акупацыі Вільні будынак моцна пацярпеў, бо быў набліжаны да лініі гарадской абароны. Пасля смерці Януша Радзівіла комплекс перайшоў ва ўласнасць Багуслава Радзівіла, які пачаў яго маштабную рэканструкцыю і мадэрнізацыю. Да палаца быў прыбудаваны мезанін, а ў садзе паміж сажалкамі ўзвялі павільён-лазню.
У адноўленай рэзідэнцыі размяшчалася велізарная мастацкая калекцыя Багуслава Радзівіла, якая налічвала 2602 карціны (сярод якіх было шэсць палотнаў аўтарства Лукаса Кранаха Старэйшага), а таксама незлічоная колькасць гравюр і архітэктурных чарцяжоў. Перад наступам маскоўскіх войскаў у 1655 годзе калекцыя была эвакуіравана ў Каралявец, і толькі яе невялікая частка пазней вярнулася ў радзівілаўскія зборы ў НясвіжыVladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991, s. 155..
Маёмасныя спрэчкі і заняпад Пасля смерці Багуслава Радзівіла (1669) апошняй прадстаўніцай біржанска-дубінкаўскай галіны роду стала яго дачка Людвіка Караліна Радзівіл. Ранняя смерць бацькі і велізарная спадчына зрабілі яе ўладанні, у тым ліку і палац на Пушкарні, аб'ектам шматгадовых судовых спрэчак. У 1694 годзе прадстаўнік нясвіжскай галіны, віцэ-канцлер Караль Станіслаў Радзівіл, выкарыстаўшы сваё ўласнае войска, сілком захапіў рэзідэнцыю на беразе Віліі. Па яго загадзе гербы Людвікі Караліны былі сарваныя і замененыя на яго ўласныя, а жыхарам юрыдыкі было загадана падпарадкоўвацца новаму гаспадаруBirutė Rūta Vitkauskienė. Fragmentas iš Vilniaus miesto istorijos: Radvilų rūmų užgrobimas. Atrasti Vilnių: skiriama Vladui Drėmai, Vilnius 2010, s. 123-125..
Судовыя працэсы паміж рознымі галінамі Радзівілаў, а таксама з родам Сапегаў, якія з'яўляліся апекунамі Людвікі Караліны паводле тастамента яе бацькі, цягнуліся каля сарака гадоў. Каля 1738 года палац перайшоў ва ўласнасць Гераніма Фларыяна Радзівіла, а пасля яго смерці без нашчадкаў — да Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі і яго ўнукаў. З-за пастаяннай змены ўладальнікаў і іх адсутнасці ў Вільні, палац паступова прыходзіў у заняпад. Апошнія гаспадары не мелі сродкаў на яго ўтрыманне, маёмасць абрастала даўгамі, а мясцовыя жыхары пачалі нелегальна разбіраць руіны і будаваць на тэрыторыі комплекса ўласныя дамы.
Знішчэнне і далейшы лёс тэрыторыі У пачатку XIX стагоддзя палац быў канчаткова знішчаны. У 1828—1829 гадах пракуратура Радзівілаўскай эканоміі прадала рэшткі муроў за 500 рублёў у якасці будаўнічага матэрыялу. Гэтую цэглу набыў Касабудскі, які пабудаваў з яе свой дом на Вострабрамскай вуліцы (цяпер дом № 29 па вул. Aušros Vartų)Vladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991, s. 158..
Паступова былая тэрыторыя палацавай юрыдыкі была ўцягнута ў новае гарадское планаванне. З 1834 года пачалося праектаванне сучаснай вуліцы Жыгімонтаў (набярэжнай Віліі). У канцы XIX стагоддзя на месцы радзівілаўскіх садоў і руін графы Тышкевічы пабудавалі некалькі ўласных рэзідэнцый, у адной з якіх пазней размясцілася Бібліятэка імя УрублеўскіхУ 1884—1888 гадах пабудавана рэзідэнцыя Клемянціны Тышкевіч, дзе пазней была заснаваная адвакатам і грамадскім дзеячам Тадэвушам Урублеўскім Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Унесена ў рэгістр як аб'ект нацыянальнага значэння (вул. Жыгіманту, 1). Палац Яна Юзафа Тышкевіча, які набыў маёмасць у 1891 годзе, з'яўляецца аб'ектам рэгіянальнага значэння (вул. Жыгіманту, 3)..
У савецкі час гістарычным падмуркам палаца была нанесена непапраўная шкода: прама праз цэнтр былых руін была пракладзена гарадская цеплатраса, у выніку чаго вялікая частка культурнага пласта і аўтэнтычных падлог XVII стагоддзя была знішчана.
Галерэя
Архітэктура Палацавы комплекс вызначаўся складанай прасторавай кампазіцыяй і манументальнасцю. Яго будаўніцтва ў сярэдзіне XVII стагоддзя прыпісваецца выдатнаму італьянскаму архітэктару Канстантэ Тэнкала. Рэзідэнцыя складалася з некалькіх аб'ёмаў, у тым ліку з пяці трохпавярховых павільёнаў, злучаных паміж сабой двухпавярховымі крыламі. Гэта была адна з першых у Вялікім Княстве Літоўскім рэалізацый цалкам адкрытай рэзідэнцыі. На ўсходнім фасадзе размяшчаліся адкрытыя аркадныя лоджыі, з якіх адкрываўся маляўнічы від на сады і раку Вілію. Нягледзячы на відавочны палацавы характар, комплекс захоўваў і абарончыя рысы, бо ў яго структуру былі ўбудаваны бастыёны і вуглавыя вежы, якія пазней былі дадаткова пашыраны Багуславам Радзівілам.
Інтэр'еры палаца вызначаліся надзвычайнай раскошай. Падлогі на першым паверсе былі выкладзены з высакаякаснай буйнагабарытнай цэглы, пакладзенай складанымі геаметрычнымі ўзорамі. Скляпенні абапіраліся на іанічныя калоны, выкананыя з пясчаніку і багата аздобленыя разьбой. Памяшканні абаграваліся пышнымі печкамі, абліцаванымі кафляй з расліннымі і геаметрычнымі арнаментамі, маўрытанскімі матывамі, а таксама з ініцыяламі Януша Радзівіла і радзівілаўскімі арламі.
Садова-паркавы комплекс Асаблівай славай карыстаўся садова-паркавы комплекс палаца, які ўвабраў у сябе традыцыі італьянскага і французскага паркавага мастацтва. Згодна з інвентаром 1667 года, складзеным ужо пры Багуславе Радзівіле, непасрэдна перад вокнамі галоўнага корпуса размяшчаўся ўнікальны геральдычны кветнік. Ён быў падзелены на чатыры жывапісныя квартэры, на якіх з дапамогай высаджанага гізопу былі сфарміраваны шляхецкія гербы. На першай квартэры знаходзіўся герб самога князя (радзівілаўскі Арол), на дpyгoй — Пагоня, на трэцяй — Грыф, а на чацвёртай — так званая «шпалерная штука», пад якой, як мяркуюць даследчыкі, хаваўся герб маці Багуслава, прынцэсы Ангальт-Бернбург-ЦэрбсцкайГалоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (AGAD), Archiwum Radziwiłłów, dz. XVIII, nr 275, k. 117-118: Агарод у Палацы Князя Яго Міласці пры Браме Віленскай ()..
Далей за кветнікамі размяшчаліся тры ўзаемазвязаныя сажалкі. Паміж імі знаходзіліся спецыяльны павільён-лазня і складаны садовы лабірынт. У садзе вырошчваліся фруктовыя дрэвы і экзатычныя расліны, многія з якіх засталіся яшчэ ад старога саду Кішкаў. Такі размах садова-паркавага мастацтва ставіў віленскую рэзідэнцыю Радзівілаў у адзін шэраг з найлепшымі еўрапейскімі ўзорамі таго часу.
У першай палове XIX стагоддзя сістэма сажалак была засыпана дзеля ўладкавання бульвара ўздоўж Віліі.
Археалагічныя даследаванні Маштабныя археалагічныя даследаванні на месцы былой рэзідэнцыі (каля сучаснага будынка па вуліцы Жыгімонтаў, 3) пачаліся ў 2017 годзе пад кіраўніцтвам археолага Ігнаса Садаўскаса. Ужо ў 2018 годзе даследчыкі выявілі добра захаваныя рэшткі падлог першага паверха з буйнагабарытнай цэглы, а таксама базы і фрагменты іанічных калон з пясчаніку. У культурным пласце была сабрана вялікая колькасць абломкаў пячной кафлі, фрагментаў гліняных люлек і шклянога посуду. Сярод знаходак таксама прысутнічаюць мушкетныя кулі, што пацвярджае факт ваенных сутыкненняў на тэрыторыі палаца ў сярэдзіне XVII стагоддзя, і манеты часоў Жыгімонта Старога, Жыгімонта III Вазы, Яна Казіміра і шведскага караля Густава II Адольфа.
У 2019, 2021 і 2022 гадах падчас раскопак былі выяўлены манументальныя падмуркі так званага Крыжовага корпуса, а таксама рэшткі масіўнай аркаднай агароджы, якая аддзяляла парадны двор ад іншых частак рэзідэнцыі. Дзякуючы гэтым даследаванням удалося лакалізаваць дакладнае месцазнаходжанне розных карпусоў палаца. Усе выяўленыя рэшткі архітэктурных элементаў былі закансерваваны на месцы і ўнесены ў Рэгістр культурных каштоўнасцей Літвы як аб'ект нацыянальнага значэння.
У чэрвені—ліпені 2024 года археолагі праводзілі даследаванні на ўчастках па Маставой вуліцы (Дамы № 9 і 11), дзе калісьці размяшчаўся італьянскі сад Радзівілаў з сістэмай сажалак. Раскопкі раскрылі масіўныя і глыбокія падмуркі даходных дамоў 1887 і 1909—1910 гадоў пабудовы, якія былі ўзведзеныя прама на месцы засыпаных у XIX стагоддзі вадаёмаў. Дзякуючы спецыфічнаму тарфяному грунту ў ніжняй частцы муроў захаваліся нават рэшткі арыгінальнай драўлянай апалубкі. Цяпер на расчышчанай пляцоўцы дэвелаперы ўзводзяць элітны жылы комплекс.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Палацы Вільні Катэгорыя:З’явіліся ў XVII стагоддзі Катэгорыя:Зніклі ў XIX стагоддзі Катэгорыя:Радзівілы Катэгорыя:Збудаванні Вільні ў стылі барока Катэгорыя:Пушкарня (Вільня) Катэгорыя:Збудаванні Вільні ў стылі рэнесансу