Беларускі фронт існаваў у верасні-лістападзе 1939 года ў час Польскай абарончай вайны і пасля яе завяршэння. Камандуючы — камандарм 2-га рангу Міхаіл Кавалёў.

Пасля нападу нацысцкай Германіі на Польшчу для ажыццяўлення паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну на базе Беларускай і Кіеўскай ваенных акруг 11 верасня 1939 года створаны адпаведна Беларускі і Украінскі франты.

У склад Беларускага фронту ўваходзілі 3-я, 4-я, 10-я, 11-я арміі, франтавая конна-механізаваная група, Дняпроўская ваенная флатылія і іншыя. Пры кожнай арміі была авіяцыйная група. Фронт меў задачу не дапусціць захоп Заходняй Беларусі войскамі Германіі.

Беларускі фронт налічваў 200,8 тыс. чал. Яму супрацьстаяла 45 тысяч польскіх салдат і афіцэраўГісторыя Беларусі, С.450.. Большасць польскіх вайскоўцаў не былі ўзброены і аб’яднаны ў вайсковыя фарміраванні. Польская армія не магла аказаць істотнага супраціўлення савецкім войскам.

У адпаведнасці з рашэннямі ўрада СССР савецкія войскі 17 верасня перайшлі савецка-польскую граніцу, занялі Глыбокае, Маладзечна, Валожын, Карэлічы, Мір, Баранавічы. 18 верасня былі занятыя Свянцяны, Ліда, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск, 19 верасня — Вільня, Пружаны, Кобрын, 20-21 верасня — Гродна, 21 верасня — Пінск, 22 верасня — Беласток і Брэст (апошні перададзены немцамі).

Пад час паходу баявыя дзеянні адбываліся на пагранічнай лініі, у раёнах Нясвіжа, Валожына, Шчучына, Століна, Маладзечна і іншых. Упартыя баі ішлі за Скідзель, Навагрудак, Вільню, Гродна, у Аўгустоўскіх лясах.

Лічыцца, што да 25 верасня Чырвоная армія поўнасцю вызваліла Заходнюю Беларусь ад польскіх войск. Але яшчэ да 28 верасня дзе-нідзе адбываліся ваенныя сутычкі. Да 1 кастрычніка 1939 савецкія войскі выйшлі да ўзгодненай з нямецкім камандаваннем граніцы.

Беларускі фронт страціў 996 чалавек забітымі і 2002 параненымі. Узяты ў палон 60202 польскія вайскоўцы, у тым ліку 2066 афіцэраў. Сярод палонных значную частку складалі адстаўныя вайскоўцы.

Гл. таксама Абарона Гродна 1939

Крыніцы

Літаратура

Люцік Зм. «Беларускі фронт». Вайсковая аперацыя Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі // Arche. 2009. № 9. (Артыкул у пяці частках на сайце: http://harodnia.com/be/uczora/hrodna-1920-1944/420-bielaruski-front-1 )  — С. 571—572.

Катэгорыя:1939 год у Заходняй Беларусі Катэгорыя:Савецкія франты ў гады Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Польскі паход Чырвонай арміі (1939)