Бе́лая Дубро́ва (, ) — аграгарадок у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці, цэнтр Беладубраўскага сельсавета і СВК «Дуброва».
Геаграфія Знаходзіцца на рацэ Беседзь, за 12 км у напрамку на паўднёвы захад ад горада Касцюковічы, за 172 км ад Магілёва. Размешчана на аўтадарозе Касцюковічы—Сураж, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (на лініі Крычаў—Сураж).
Гісторыя
Выяўленыя побач з вёскай археалагічныя помнікі — гарадзішчы і курганны могільнік — сведчаць, што гэтая мясцовасць была заселена людзьмі яшчэ ў глыбокай старажытнасці.
Вядома з 1762 года як сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1833 годзе — цэнтр маёнтка ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні, уладанне памешчыка Гайкова. У склад маёнтка ўваходзіла 7 вёсак. У 1864 годзе ў сяле пабудавана Ражства-Багародзіцкая царква. У 1885 годзе сяло ў Студзянецкай воласці, дзейнічалі царква і заезны двор. У 1887 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа, для якой у 1912 годзе пабудавана асобнае памяшканне.
Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы было 176 двароў, вадзяны і 2 ветраныя млыны, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1909 годзе ў сяле налічвалася 165 двароў, у фальварку, што належаў надворнаму саветніку З. Ельчанінаву, — 1 двор.
З сакавіка 1924 года ў складзе БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Касцюковіцкім раёне Калінінскай, з 9 чэрвеня 1927 года — Магілёўскай акругі. У пачатку 1920-х гадоў працавала 4-гадовая школа. У кастрычніку 1929 года арганізаваны калгас «Беларуская вёска», працавала кузня.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у верасні 1943 года, нямецка-фашысцкія акупанты спалілі 140 двароў. Вёска вызвалена 28 верасня 1943 года. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 283 жыхары вёскі. На тэрыторыі вёскі знаходзяцца 2 брацкія магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 і 1943 гадах.
Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы 858 жыхароў. Пазней сюды былі сселены жыхары пасёлкаў Астравік, Клеткі, Кляевічы, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Інфраструктура У аграгарадку дзейнічаюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крамы.
Насельніцтва 1834 год — 750 жыхароў; 1880 год — 825 жыхароў; 1885 год — 908 жыхароў; 1897 год — 1209 жыхароў. 1909 год — 1014 жыхароў; 1926 год — 1025 жыхароў; 1959 год — 858 жыхароў; 1986 год — 639 жыхароў; 1995 год — 738 жыхароў, 318 двароў; 1999 год — 739 жыхароў. 2002 год — 764 жыхары; 2007 год — 774 жыхары, 291 двор; 2009 год — 674 жыхара; 2019 год — 550 жыхароў.
Памятныя і гістарычныя мясціны Брацкая магіла савецкіх воінаў на ўсходняй ускраіне вёскі. Пахаваны 14 воінаў, якія загінулі ў 1943 годзе. У 1968 годзе ўстаноўлены помнік — скульптура воіна. Брацкая магіла савецкіх воінаў на могілках. Пахаваны воіны, якія загінулі ў 1941 і 1943 гадах. У 1967 годзе ўстаноўлены абеліск. Гарадзішча-1 — помнік археалогіі за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, на левым беразе ракі Дзяражня. Даследавана К. М. Палікарповічам, Я. Р. Рыерам, У. Ф. Ісаенкам. Гарадзішча-2 — помнік археалогіі ў паўднёвай частцы вёскі, каля былой школы. Курганны могільнік на левым беразе ракі Дзяражня.
Вядомыя асобы Канстанцін Міхайлавіч Палікарповіч (1889—1963) — беларускі археолаг, адзін з заснавальнікаў беларускай археалагічнай навукі. Васіль Мікалаевіч Шлапуноў (1932—2021) — беларускі вучоны ў галіне кормавытворчасці.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Беладубраўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна