Дзяра́жня (, ) — былая вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіла ў склад Беладубраўскага сельсавета.

У 1931—1992 гадах цэнтр Дзяражненскага сельсавета. Ліквідавана 20 сакавіка 2012 года.

Геаграфія Дзяражня знаходзілася на прытоку Беседзі. Побач праходзіла аўтадарога Краснаполле—Хоцімск. Вёска размяшчалася за 12 км на паўднёвы захад ад Касцюковіч, за 172 км ад Магілёва. Бліжэйшая чыгуначная станцыя — Камунары на лініі Крычаў—Сураж. На паўднёвы ўсход ад Дзяражні знаходзілася былая вёска Печанеж.

Гісторыя Археалагічны помнік — курганны могільнік (9 насыпаў), які размешчаны за 2 кіламетры на паўднёвы ўсход ад вёскі, і старажытнае гарадзішча, за 1,5 кіламетра на паўночны захад ад вёскі на правым беразе ракі Дзяражня, сведчаць, што гэтая мясцовасць заселена людзьмі ў далёкай старажытнасці.

Вёска ўпершыню згадана пад 1777 годам як вёска Дзяражня ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. Па рэвізіі 1816 года вёска, 8 двароў, 66 сялянскіх душ мужчынскага полу, належала памешчыку В. І. Галынскаму. Па рэвізскіх матэрыялах 1850 года ў вёсцы было 116 жыхароў, ва ўладанні памешчыка А. І. Камара. У 1852 годзе ў маёнтку памешчык Альфонс Комар заснаваў сукнавальню, даход з якой складаў 200 рублёў. На 1880 год вёска, 27 двароў, 237 жыхароў, у Студзянецкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Частка вяскоўцаў займалася кавальскім і кравецкім промысламі. Побач з вёскай праходзіла вялікая дарога. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 33 двары, вадзяны млын, карчма, царква. У 1896 годзе была пабудавана драўляная праваслаўная Архістраціга-Міхайлаўская царква (прыход якой аб'ядноўваў 1707 прыхаджан). Царкве належала 33 дзесяціны зямлі.

На пачатку XX стагоддзя сяло — цэнтр сельскагаспадарчай грамады, якая мела ў карыстанні 333 дзесяціны зямлі. У 1907 годзе адкрыта народнае вучылішча (30 вучняў). У 1909 годзе 30 двароў, 238 жыхароў. Меліся млын і казённая вінная крама. У 1923 годзе вясковыя дзеці наведвалі школу за 0,5 кіламетра ў вёсцы Красніца, у 1924 годзе тут навучалася 10 дзяцей з вёскі Дзяражня.

З 3 сакавіка 1924 года вёска ў БССР. З 17 ліпеня 1924 года вёска ў Касцюковіцкім раёне Калінінскай, з 9 чэрвеня 1927 года Магілёўскай акругі. У 1926 годзе 63 двары, 327 жыхароў. Працавалі вятрак, сукнавальня, вадзяны млын, скураная майстэрня, кузня. У 1929 годзе створаны калгас «Сталінскі прызыў». З 3 мая 1931 года вёска — цэнтр сельсавета.

У Вялікую Айчынную вайну 30 верасня 1943 года вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

У 1986 годзе ў складзе саўгаса «Печанеж» (цэнтр — вёска Печанеж). Працавалі Дзяражненскае лясніцтва, 8-гадовая школа, 6-гадовая школа, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, аддзел сувязі.

Крывалінейная вуліца, арыентаваная з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, забудавана двухбакова індывідуальнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У цэнтры часткі вёскі сярод жылой забудовы размяшчаліся грамадскія будынкі.

У сувязі з радыяцыйнай забруджанасцю пасля чарнобыльскай катастрофы жыхары (231 сям'я) пераселены ў чыстыя мясцовасці.

Насельніцтва 1816 год — 66 сялянскіх душ мужчынскага полу 1850 год — 116 жыхароў 1880 год — 237 жыхароў, 27 двароў 1909 год — 238 жыхароў, 30 двароў 1926 год — 327 жыхароў, 63 двары 1959 год — 336 жыхароў 1970 год — 290 жыхароў 2007 год — 1 жыхар, 1 гаспадарка

Інфраструктура 1880 год — карчма, вадзяны млын 1907 год — народнае вучылішча (30 вучняў) 1909 год — млын, казённая вінная крама 1926 год — вятрак, сукнавальня, вадзяны млын, скураная майстэрня, кузня 1986 год — Дзяражненскае лясніцтва, 8-гадовая школа, бібліятэка, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, аддзел сувязі

Славутасці Курганны могільнік (9 насыпаў, за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі) Старажытнае гарадзішча (за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі на правым беразе ракі Дзяражня) Драўляная праваслаўная Архістраціга-Міхайлаўская царква (пабудавана ў 1896 годзе)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі