Васіле́вічы (, ) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Сухарэўскага сельсавета. Размешчана за 30 км на паўночны ўсход ад Магілёва і чыгуначнай станцыі Лупалава на лініі Магілёў — Крычаў. Рэльеф раўнінны. На поўнач цячэ р. Раста (прыток р. Проня). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Еганы, Кругі і далей па шашы Санкт-Пецярбург — Адэса.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з пачатку XVII ст. У 1604 годзе сяло ў Даманаўскім войтаўстве Магілёўскага староства-эканоміі Аршанскага павета Віцебскага ваяводства, дзяржаўная ўласнасць.

Пад уладай Расійскай імперыі У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе ў складзе маёнтка Сухары Чавускага павета, уласнасць памешчыка, які меў тут у 1872 годзе 435 дзесяцін зямлі. Паводле перапісу 1897 года ў Чартоўскай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерні.

Найноўшы час У 1913 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа, якая размяшчалася ў наёмным памяшканні.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР.

З 20 жніўня 1924 года ў Зарасцянскім сельсавеце Лупалаўскага раёна Магілёўскай акругі, з 26 ліпеня 1930 года ў Лупалаўскім, з 2 сакавіка 1931 года ў Чавускім, з 12 лютага 1935 года ў Дрыбінскім раёнах, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.

На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа першай ступені, у якой у 1925 годзе было 56 вучняў. У 1924 годзе адкрыта хата-чытальня. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Рассвет».

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 16 верасня 1959 года ў Сухарэўскім сельсавеце Чавускага, з 22 студзеня 1965 года Магілёўскага раёнаў. У 1990 годзе ў складзе калгаса «Парыжская Камуна» (цэнтр — в. Зарэсце). Размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы.

Планіроўка Планіровачна складаецца з вуліцы ламанага абрысу, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і забудаванай двухбакова, няшчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

Насельніцтва XVII стагоддзе: 1604 — 46 двароў. XVIII стагоддзе: 1785 — 32 двары, 237 жыхароў. XIX стагоддзе: 1897 — 56 двароў, 420 жыхароў. XX стагоддзе: 1909 — 83 двары, 446 жыхароў. 1926 — 125 двароў, 724 жыхары. 1990 — 35 гаспадарак, 51 жыхар. XXI стагоддзе: 2007 — 11 гаспадарак, 14 жыхароў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Сухарэўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Магілёўскага раёна