Янка Маўр, сапр.: Іван Міхайлавіч Фёдараў () — беларускі пісьменнік, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі.
Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Член ВКП(б) з 1950 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1968). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).
Біяграфія
Раннія гады
Нарадзіўся ў Лібаве ў сям’і выхадца з Беларусі (які ў гэтым горадзе апынуўся ў пошуках працы). Яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных беларускіх сялян, працаваў сталяром. Да ваеннай службы ён насіў прозвішча Ільін, а прозвішча Фёдараў з’явілася ў выніку памылкі армейскага пісара, які запісаў Міхаіла Фёдаравіча — Міхаілам Фёдаравым. Іван быў ахрышчаны 1 (13) мая ў мясцовым Свята-Троіцкім саборы. Бацька рана памёр, і маленькі Іван разам з маці, Наталляй Іванаўнай, пераехаў на яе радзіму — у вёску (былой Ковенскай губерні). Яны жылі ў беднасці, і толькі дзякуючы намаганням маці, якая ў што бы то ні стала марыла даць адукацыю сыну, у 1895 годзе ён скончыў пачатковую школу, а ў 1899 — Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля вучылішча ён паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. У канцы 1902 яго выключылі з апошняга, выпускнога класа — за вальнадумства і «за сумневы ў рэлігіі». Тым не менш, у 1903 годзе ён усё ж атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс.
Педагагічная дзейнасць
Пасля навучання ў настаўніцкай семінарыі Фёдараў пачаў працаваць у школе пад Панявежам у мястэчку , а потым яго перавялі ў вёску Бытча на Барысаўшчыне.
У 1906 годзе ён прыняў удзел у нелегальным педагагічным з’ездзе, які адбыўся на Мікалаеўшчыне. У гэтым жа з’ездзе прыняў удзел і будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас. У «Працоўным спісе», які захаваўся ў архіве пісьменніка, адзначаны вынік гэтай падзеі для яго ўдзельніка: «1906. VIII. Звольнены са службы і аддадзены пад суд…». Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі.
У 1909 годзе ўступіў у царкоўны шлюб. Пераехаў у в. Турэц. Толькі ў 1911 І. Фёдараў уладкаваўся выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Мінскую прыватную гандлёвую школу.
Судовае разбіральніцтва па справе аб настаўніцкім з’ездзе доўжылася амаль два гады. Фёдарава адхілілі ад педагагічнай дзейнасці і ўзялі пад нагляд паліцыі. Толькі праз 5 гадоў, у 1911 годзе, яму ўдалося ўладкавацца выкладчыкам у прыватную гандлёвую школу ў Мінску. З восені 1917 года ён уладкаваўся настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў мінскую чыгуначную гімназію. Пасля рэвалюцыі ён стаў настаўнікам 25-й чыгуначнай школы імя А. Р. Чарвякова.
У 1920-я таксама працаваў у Наркамаце асветы Беларусі і ў рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы.
Працу настаўніка Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 годзе, калі перайшоў на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва (дзе прапрацаваў да 1936 года).
З 1930 на творчай працы. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Вайна і пасляваенныя гады
Падчас вайны пісьменнік вымушана апынуўся далёка ад роднай зямлі — спачатку ў Новасібірску, затым у Алма-Аце. Гэты час ён перанёс як цяжкае выпрабаванне, нават як «псіхічную траўму», пра што ён прызнаўся ў лісце да Хвядоса Шынклера 2 лютага 1942 г. У 1943 Маўр пераехаў у Маскву, дзе, моцна захварэўшы, трапіў у бальніцу. У родны Мінск ён вярнуўся толькі пасля вызвалення яго ад нямецкіх захопнікаў.
Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілкахМаўр Янка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 374—375.
Творчая дзейнасць
Проза
Дэбютаваў у 1923 у як фельетаніст ў газеце «Советская Белоруссия» і ленінградскім часопісе «». У 1925 годзе ў часопісе «Беларускі піянер» надрукаваў першую навукова-фантастычную аповесць на беларускай мове «Чалавек ідзе»Аповесць пра першабытных людзей; першапачаткова задумвалася як своеасаблівы вучэбны дапаможнік, які распавядае пра дагістарычныя часы., якая паклала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры. Аповесць надрукаваў пад псеўданімам «Янка Маўр». «Янка» — гэта беларускі аналаг імя «Іван». Як паказвала даследчыца творчасці Янкі Маўра беларуская літаратуразнаўца Эсфір Гурэвіч, пісьменнік, захаваўшы сваё сапраўднае імя ў першай частцы псеўданіма, недвухсэнсоўна паказваў на тое, што ён — сын беларускай зямлі. Значэнне псеўданіма «Маўр» шырока адкрыецца ў яго наступных аповесцях: «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1927), у якіх ён паказаў сябе як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, са спагадай ставіўся да карэнных народаў Паўночна-Заходняй Афрыкі, і праявіў сябе як інтэрнацыяналіст.
Сваю першую аповесць «Чалавек ідзе» Фёдараў напісаў ва ўзросце 44 гадоў, будучы выкладчыкам 25-й мінскай чыгуначнай школы. Пасля чытацкага поспеху твора пісьменнік працягнуў працаваць у жанры дзіцячай прыгодніцкай і навукова-пазнавальнай літаратуры
Янка Маўр пісаў пераважна для юных чытачоў. У творах «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1928) аўтар пастараўся абвергнуць уяўленне аб тубыльцах як аб крыважэрных людаедах, пазбаўленых элементарных чалавечых пачуццяў, людзях другога гатунку.
Аповесць «Чалавек ідзе» акрэсліла тую тэндэнцыю спалучэння пазнавальнасці і прыгодніцтва, якую Маўр развіў потым у наступных сваіх аповесцях і ў рамане «Амок» (1929) — пра 1926 года на востраве Ява.
У 1930-х гадах пісьменнік ад «экзатычнага» іншаземнага матэрыялу, звярнуўся да родных мясцін, да жыццёвай рэальнасці, у якой дзейнічаюць юныя героі. Рушылі ўслед аповесць «Палескія рабінзоны» (1930), якая расказвала пра прыгоды двух падлеткаў у глухім Палессі, утапічная «Аповесць будучых дзён» (1932) пра камуністычную будучыню СССР, «ТВТ» (1934), у якой з гумарам распавядаецца пра звычайныя справы школьнікаў. Гэтыя творы карысталіся поспехам у юных чытачоў.
У аповесці «Палескія рабінзоны» аўтар выкарыстаў рабінзанаду, падказаную сусветна вядомым «Рабінзонам Круза» Даніэля Дэфо. Маўр, адкінуўшы псеўдарамантыку, захапленне экзотыкай далёкіх заморскіх краін, звярнуўся да свайго роднага краю і яго пазнання. Ён паказаў, што і пад беларускім небам, у далёкіх і блізкіх кутках роднага краю ёсць свая рамантыка і свая прыгажосць, кожны раз новая і нечаканая.
Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці прасочваецца і ў аповесці «ТВТ» (1934), якая атрымала першую прэмію на ўсебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі, пасля чаго ёю зацікавіўся Максім ГоркіЛіст да А. Тонкеля ад 5 сакавіка 1955 г. // Гос. лит. архив, ф. 290, оп. 1, ед. 3.. Па просьбе Горкага Янка Маўр перавёў аповесць на рускую мову і адаслаў яму. Гэта было напярэдадні I з’езду пісьменнікаў СССРМаршак С. Я.. О большой литературе для маленьких. — М., 1934. — С. 38.. Мастацкая навізна гэтай аповесці заключалася ў тым, што так званая тэма працоўнага выхавання загучала натуральна дзякуючы жывому духу гульні, па законах якой і створана таямнічае і загадкавае «Таварыства ваяўнічых тэхнікаў». Праз гульню хлопцы ўключаліся ў жыццё з яго паўсядзённымі клопатамі і дробнымі бытавымі праблемамі. Хлопцы ўласнымі сіламі выпраўляюць усе няспраўнасці, наводзяць парадак і практычна абжываюць гэты свет.
На працягу 1946—1948 гадоў Янка Маўр сумесна з Пятром Рунцом займаўся зборам і рэдагаваннем успамінаў беларускіх дзяцей аб вайне для кнігі «Ніколі не забудзем», якая выйшла ў 1948 годзе з прадмовай Якуба Коласа. Выдадзеная кніга атрымала высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Пасля вайны Янка Маўр апублікаваў цыкл апавяданняў аб трагічных выпрабаваннях, якія давялося выпрабаваць дзецям у ваенныя гады («Шчасце», «Дзве праўды», «Максімка»).
У 1946 годзе Маўр напісаў апавяданне «Завошта?», у аснову якога лёг рэальны трагічны факт — гібель жонкі і сына пісьменніка М. Лынькова.
У 1948 годзе ён напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Шлях з цемры». У 1954 году выйшла яго навукова-фантастычная аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага», якая стала трэцяй яго кнігай, напісанай у жанры сацыяльнай утопіі (першая — фантастычная казка «Падарожжа па зорках» (1927) з цыкла «Піянерскія казкі», а потым — «Аповесць будучых дзён» (1932)).
Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў «Чалавек ідзе» (1927), «У краіне райскай птушкі» (1928, 1983), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930, аповесць экранізавана ў 1935), «Слёзы Тубі» (1930), «Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол свету» (1947), «Шлях з цемры» (1948), «Апавяданні» (1951), «Аповесці і апавяданні» (выбранае, 1954), «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (часопіс «Маладосць», 1954—1955), «Аповесці і апавяданні» (1969), апавядання «Цётка Эмілія» (1954), байкі «Пекла» (1929), рамана «Амок» (1930).
Некаторыя творы
Чалавек ідзе
У аповесці аўтар звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі той толькі станавіўся на ногі, яшчэ нічога не ўмеючы, і ўсё, чаго ён дасягаў, — паляванне з прыладамі, атрыманне агню, выкарыстанне каменя ў якасці інструмента — было для яго ўпершыню. Усё ўпершыню — гэты знойдзены аўтарам мастацкі ход адпавядае бачанню і ўспрыманню дзіцяці, яго прадчуванню першаадкрыцця, чакання ім чагосьці новага і незвычайнага. Асновай сюжэту стаў працэс развіцця чалавека, пакутлівы і драматычны, напоўнены барацьбой за сваё жыццё, шлях працяглага і паступовага назапашвання практычнага і духоўнага вопыту. Гэта быў замах пачаткоўца пісьменніка на новы для ўсёй нацыянальнай літаратуры жанр, згодна з ўласным аўтарскім азначэнні — навукова-фантастычнай аповесці, якая ўяўляла сабой спалучэнне навукі і фантазіі.
У краіне райскай птушкі
У аповесці «У краіне райскай птушкі» дзеянне адбываецца на Новай Гвінеі, на тых астравах Ціхага акіяна, на якіх пабываў падарожнік Міклуха-Маклай, даследчык мясцовых жыхароў — папуасаў. Аповесць пабудавана на сацыяльным канфлікце, на прамалёўцы двух варагуючых сіл — прыгнечаных і гаспадароў-каланізатараў. У аповесці «У краіне райскай птушкі» вызначыліся асноўныя асаблівасці мастацкай манеры Я. Маўра — прыгодніка, які здолеў увабраць у сябе энергію, характар і традыцыі заходняй прыгодніцкай класікі.
Сын вады
Аповесць «Сын вады», самая паэтычная ў гэтым цыкле, згодна з прызнаннем самога аўтара, была найбольш яму дарагая. Сюжэтная лінія галоўнага героя, юнага вогнезямельца Манга, у ёй пабудавана на распаўсюджанай у прыгодніцкай літаратуры схеме: выратаванне белага чалавека ад дзікіх тубыльцаў. Дарэчы, менавіта гэта і не ўспрыняў тагачасны рэцэнзент аповесці на старонках часопіса «Полымя», палічыўшы гэтую гісторыю неапраўданай данінай «нізкаякаснаму прыгодніцтву».
Амок
Да напісання рамана аўтара падштурхнулі прачытаныя ім мемуары рускага консула на Яве . Для сваёй аповесці Янка Маўр збіраў матэрыялы, вывучаў дакументальную літаратуру па свежых слядах падзей. Многія найбольш важныя матэрыялы (часопісы, газеты, фатаграфіі, выкарыстаныя потым як ілюстрацыі) ён атрымліваў непасрэдна з Явы і з Нідэрландаў праз настаўнікаў-эсперантыстаў, з якімі ён вёў перапіску як стары эсперантыст. У прадмове да рамана пісьменнік адзначыў, што «Амок» больш дакументальны «нават у дробязях», чым можа здацца на першы погляд. У рамане «Амок» прыкметнае месца займае пазнавальны матэрыял аб прыродных асаблівасцях вострава, падрабязнасцях побыту, асновах народа.
Палескія рабінзоны