Ферна́н Магела́н, або Магалья́іншНапісанне Фернан Магелан, Магальяінш паводле ( , ; каля 1480, вобласць Траз-уж-Мантыш, Партугалія — , востраў Мактан, Філіпіны) — партугальскі і іспанскі, мараплавец з тытулам адэлантада. Камандаваў экспедыцыяй, што здзейсніла першае вядомае кругасветнае вандраванне. Адкрыў праліў, пазней названы яго імем, стаў першым еўрапейцам, які прайшоў па моры з Атлантычнага акіяна ў Ціхі.
Біяграфія
Юнацтва Магелан па паходжанні партугалец. Месца яго нараджэння спрэчнае, асноўныя аўтары паказваюць у якасці такога горад Саброза, але, магчыма, ён нарадзіўся ў горадзе Порту. Пра сям’ю мараплаўца таксама вядома няшмат, у прыватнасці, тое, што яна прыналежала да дваранства. Мяркуецца, што бацькам яго быў Руй ці Радрыгу дэ Магальяйнш (1433—1500), які цягам некаторага часу быў алькальдам крэпасці Авейру. Маці Алда дэ Маскіта (Мішкіта). Апроч Фернана ў іх было чацвёра дзяцей. Пра іх жыццё нічога не вядома. У маладосці Фернан быў пажам у каралевы Леаноры Авіскай, жонкі Жуана II.
У 1498 годзе партугальцамі быў адкрыты марскі шлях у Індыю. Услед за Васка да Гамам з Партугаліі сталі адпраўляцца эскадра за эскадрай на заваёву Усходу. У 1505 годзе пры адпраўцы эскадры віцэ-караля Франсішку ды Алмейды маракоў ужо бракавала. Некаторыя рулявыя не ведалі, дзе права, а дзе лева. Тады да правага борта карабля прывязвалі часнык, а да левага — цыбулю і камандавалі па прынцыпе «сена-салома». У гэтай экспедыцыі ў якасці звышштатнага ваяра браў удзел і Магелан.
Індыя
Прайшоўшы мыс Добрай Надзеі, экспедыцыя пачынае баявыя дзеянні з захопу Кільвы і Мамбасы, потым яна ідзе ў Індыю. Магелан увесь час знаходзіцца ў складзе экспедыцыі, але ўпершыню яго імя згадваецца ў бітве пры Канануры. У 1506 годзе Магелан бярэ ўдзел у падаўленні хваляванняў, будуе Мазамбік, пасля чаго зноў трапляе ў Індыю, дзе яго два разы раняць.
У бітве пры Дыў карабель, на якім знаходзіўся Магелан, прабіўся скрозь строй і ўзяў на абардаж флагман праціўніка.
Тымчасам партугальцы прыходзяць да высновы, што дзеля поўнага кантролю над гандлем вострымі заправамі ім трэба захапіць порт Малака. У 1509 годзе ў Індыю прыбывае эскадра Сікейры, якая павінна здзейсніць першае плаванне да Малакі. Віцэ-кароль Індыі далучае да чатырох караблёў Сікейры пяты, на якім плылі Магелан і яго сябар (магчыма сваяк) Франсішку Серан.
11 верасня 1509 года партугальцы ўвайшлі ў Малаку. Спачатку была складзеная гандлёвая дамова паміж партугальцамі і мясцовымі ўладамі, але праз некалькі тыдняў выбухнуў канфлікт. Па адных звестках вінаватыя былі арабы, якія асцерагаліся, што партугальцы захопяць увесь гандаль, па іншых — яго справакавалі самыя партугальцы. Але ўсе сходзяцца на тым, што напад на еўрапейцаў адбыўся нечакана. Значная частка маракоў знаходзілася на беразе па гандлёвых справах ці ў звальненні. Амаль усе шлюпкі былі на беразе. На караблі ў гэты час прыбыло шмат малайцаў, нібы дзеля агляду.
Самы дасведчаны капітан Гарсіа дэ Соўзы зразумеў, што сітуацыя робіцца небяспечнай, і адправіў Магелана папярэдзіць флагмана пра магчымы напад. Магелан прыбыў на флагманскі карабель і паспеў папярэдзіць Сікейру. Калі малайцы падалі сігнал, партугальцы ўжо прыгатаваліся і ў хуткай сутычцы скінулі ворагаў з караблёў, а потым, абсекшы якарныя ліны, адбілі напад варожай флатыліі, што падышла. Але маракі, якія знаходзіліся на беразе, былі амаль усе перабітыя або захопленыя ў палон. Толькі невялікая група партугальцаў, у ліку якіх быў Серан, прабілася да берага. Усе іх лодкі былі захопленыя, яны выратаваліся толькі дзякуючы Магелану, які падышоў да берага на шлюпцы.
Звычайны для партугальцаў пяцігадовы тэрмін знаходжання ў Індыі падыходзіў да канца, і Магелан адправіўся на адной з флатылій у Партугалію. Два караблі, на адным з якіх плыў Магелан, пацярпелі крушэнне на Падуанскай банцы ля Лакадыўскіх астравоў. Каманды выратаваліся на невялікай выспачцы. Частка экіпажу павінна была адправіцца на ацалелых лодках за дапамогай, частка — застацца на выспе. Так атрымалася, што ўсё афіцэры апынуліся сярод тых, хто сыходзілі на шлюпках, а на востраве засталіся толькі матросы. Гэта выклікала абурэнне каманды і боязь, што яны не вернуцца за простымі людзьмі. Магелан стаўся адзіным дваранінам, які пагадзіўся застацца на востраве, і тым самым супакоіў каманду. Мяркуючы па ўсім, у той час яго аўтарытэт ужо быў досыць вялікі.
Праз 10 дзён іх выратавалі, і Магелан вярнуўся ў Індыю, дзе, відавочна, заняўся гандлем, бо вядома, што ў 1510 годзе ён пазычыў аднаму камерсанту 200 крузаду, якія яму не вярнулі, і ён здолеў адсудзіць іх толькі праз 6 гадоў.
У гэтыя гады партугальцы захопліваюць Гоа, губляюць яго і рыхтуюцца да новага паходу на горад. Дзеля рашэння важнага пытання, ці выкарыстаць для нападу гандлёвыя караблі, віцэ-кароль Албукеркі збірае нараду з 16 чалавек. Сярод іх — Магелан, які яшчэ параўнальна нядаўна быў усяго толькі простым салдатам, а ў згаданы час стаў чалавекам, з думкай якога лічыўся віцэ-кароль. Найхутчэй, ён быў ужо капітанам. Ён, як і большасць удзельнікаў нарады, выказваецца за тое, каб гандлёвыя судны не бралі ўдзел у вайсковым паходзе, а адправіліся ў Еўропу, каб не прапусціць мусон. Вайсковыя караблі ідуць адныя і захопліваюць Гоа.
У сярэдзіне 1511 года Магелан бярэ ўдзел у паходзе 19 караблёў на Малаку. Горад быў узяты і перайшоў пад уладу Партугаліі.
Адразу пасля захопу Малакі Альбукерке скіраваў экспедыцыю з трох караблёў да Астравоў Вострых запраў. Адным з трох караблёў камандаваў Франсішку Серан. Магчыма, у экспедыцыі браў удзел і Магелан (звесткі крыніц разыходзяцца). Карабель Серана трапіў у катастрофу, а сам ён выратаваўся і пасяліўся на востраве Тыдор, заняўшы высокую пасаду ў мясцовага валадараПодобно солнцу… Жизнь Фернана Магеллана и первое кругосветное плавание (Ланге П. В.).
Партугалія
У ліпені 1512 года Магелан ужо ў Лісабоне, дзе яму прызначаецца пенсія 1000 рэалаў у месяц (самая маленькая). Неўзабаве яна павялічваецца да 1850 рэалаў.
У 1514 годзе ён бярэ ўдзел у баявых дзеяннях у Марока пад горадам Аземмур. У адным баі яго паранілі ў нагу (ён застаўся кульгавым), у іншым пад ім забілі каня. Яму даручылі ахоўваць адбітую ў маўраў скаціну, але неўзабаве звінавацілі ў тым, што ён таемна прадаў маўрам частку здабычы. Абураны Магелан без дазволу адправіўся ў Партугалію, каб апраўдацца. Сваімі самавольнымі дзеяннямі ён выклікаў гнеў караля і быў змушаны вярнуцца да месца службы. У Афрыцы вінавачанні з яго знялі, ён падаў у адстаўку і вярнуўся на радзіму. Ён просіць караля павялічыць яму пенсію, але атрымоўвае адмову.
Складана сказаць, калі ў Магелана з’явілася задума вандравання, якая яго ўславіла. Сябар Серан пісаў з Малук лісты, з якіх можна было зрабіць выснову, што Астравы Вострых запраў знаходзяцца вельмі далёка на Усходзе і параўнальна блізка ад Амерыкі. У адным са зваротных лістоў Магелан намякаў яму, што можа хутка прыбыць на гэтыя астравы, «калі не праз Партугалію, то праз Кастылію». Невядома, калі быў напісаны гэты ліст, але цалкам магчыма, што яшчэ падчас знаходжання Магелана ў Партугаліі. У гэты час ён вывучае даступныя яму партугальскія карты, гутарыць з капітанамі.
Падчас адной з аўдыенцый з Мануэлам I Магелан просіць даць яму марскую службу і адправіць у плаванне. Кароль адмаўляе. Тады ён пытае дазволу прапанаваць свае паслугі іншым дзяржавам. Кароль дазваляе. Яму не патрэбен Магелан. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што Магелан зрокся падданства Партугаліі, але дакументаў пра гэта не захавалася. Неўзабаве з Партугаліі ў Іспанію перабіраецца цэлая група партугальскіх маракоўПодобно солнцу… Жизнь Фернана Магеллана и первое кругосветное плавание (Ланге П. В.).
Іспанія Магелан пасяліўся ў Севільі, дзе блізка сышоўся з партугальскім эмігрантам Дыега Барбозам, начальнікам арсенала. У канцы 1517 — пачатку 1518 Магелан жэніцца з яго дачкой Беатрычэ. У лютым 1519 года ў іх нарадзіўся сын. Сын Барбозы — Дуартэ Барбоза, як і Магелан, раней служыў у Індыі. Ужо пасля смерці Магелана і Дуартэ Барбозы за аўтарствам Дуартэ Барбозы выйдзе кніга з апісаннем краін Паўднёвай і Паўднёва-усходняй Азіі: «Livro de Duarte Barbosa» («Кніга Дуартэ Барбозы»). Аднак у архівах існуюць асобнікі дадзенай працы, дзе аўтарам паказаны Магелан. У гэтага існуюць розныя тлумачэнні. Магчыма, што дадзеныя асобнікі былі паднесеныя каралю Карлу I пад імем Магелана, каб умацаваць яго аўтарытэт. Імаверна таксама, што кніга з’яўляецца супольнай працай Магелана і Барбозы.
Магелан выкладае ідэю сваёй экспедыцыі ў севільскай «Палаце Кантрактаў» (ведамстве, што займаецца арганізацыяй экспедыцый). Ён не сустракае там падтрымкі, але Хуан дэ Аранда, адзін з кіраўнікоў Палаты, уваходзіць у кантакт з Магеланам і абяцае яму сваю падтрымку за 20 % ад будучых прыбыткаў. Неўзабаве ў Іспанію прыбывае паплечнік Магелана астраном Руі Фалеру. З яго дапамогай атрымоўваецца старгавацца на 1/8 прыбытку, належнай Арандзе. Дамова была завераная ў натарыуса. Неўзабаве Магелан падаў свой праект каралю Іспаніі, і ён быў ухвалены. Пачалася падрыхтоўка экспедыцыі.
Вандраванне вакол свету
У экспедыцыю рыхтавалася пяць караблёў з запасам харчу на два гады. Магелан сам асабіста сачыў за гружэннем і пакаваннем прадуктаў, тавараў і рыштункуПодобно солнцу… Жизнь Фернана Магеллана и первое кругосветное плавание (Ланге П. В.). Магелан камандаваў «Трынідадам». «Сант’яга» камандаваў Жуан Серан — брат Франсішка Серана, выратаванага Магеланам у Малацы. Трыма іншымі караблямі камандавалі прадстаўнікі іспанскай шляхты, з якімі ў Магелана адразу пачаліся канфлікты. Іспанцам не падабалася, што экспедыцыяй камандуе партугалец. Апроч таго, Магелан хаваў меркаваны маршрут плавання, і гэта выклікала незадаволенасць капітанаў. Супрацьстаянне было даволі сур’ёзным. Капітану Мендосе нават было перададзенае адмысловае патрабаванне караля спыніць спрэчкі і падпарадкавацца Магелану. Але ўжо на Канарскіх астравах Магелан атрымаў звесткі пра тое, што іспанскія капітаны дамовіліся паміж сабою прыбраць яго з паста, калі палічаць, што ён ім замінае.
20 верасня 1519 года флатылія на чале з Магеланам выйшла з порта Санлукар-дэ-Барамеда (утока ракі Гвадалквівір). Неўзабаве на эскадры разгарэўся канфліктПодобно солнцу… Жизнь Фернана Магеллана и первое кругосветное плавание (Ланге П. В.). Капітан «Сан-Антоніа» Картахена, што з’яўляўся прадстаўніком кароны ў плаванні, падчас аднаго з рапартаў дэманстратыўна парушыў субардынацыю і стаў зваць Магелана не «капітан-генерал» (адмірал), а проста «капітан». Картахена быў другой асобай у экспедыцыі, па статусе амаль роўнай камандзіру. Цягам некалькіх дзён ён працягваў гэта рабіць нягледзячы на заўвагі Магелана. Таму давялося трываць гэта, пакуль капітаны ўсіх караблёў не былі скліканыя на «Трынідад» дзеля вырашэння пытання пра лёс матроса-злачынца. Забыўшыся, Картахена зноў парушыў дысцыпліну, але гэтым разам ён быў не на сваім судне. Магелан асабіста схапіў яго за каўнер і абвясціў арыштаваным. Картахене дазволілі знаходзіцца не на флагманскім караблі, а на караблях капітанаў, якія яму спачувалі. Камандзірам «Сан-Антоніа» стаў сваяк Магелана Алвару Мішкіта.
29 лістапада флатылія дасягнула ўзбярэжжа Бразіліі, а 26 снежня 1519 года — Ла-Платы, дзе праводзіліся пошукі меркаванага праліва. «Сант’яга» быў пасланы на захад, але неўзабаве вярнуўся з паведамленнем, што гэта не праліў, а ўтока гіганцкай ракі. Эскадра пачала павольна прасоўвацца на поўдзень, даследуючы бераг. На гэтым шляху маракі ўбачылі пінгвінаў. Пасоўванне на поўдзень ішло павольна, караблям заміналі штормы, набліжалася зіма, а праліва ўсё не было. 31 сакавіка 1520 года, дайшоўшы да 49° пд. ш., флатылія становіцца на зімоўку ў бухце, названай Сан-Хуліян.