Дане́цкая во́бласць () — вобласць на паўднёвым усходзе Украіны. Абласны цэнтр — горад Данецк. Утворана 2 ліпеня 1932 года.

Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2007 года — 4 580,6 тыс. чалавек (9,82 % насельніцтва Украіны). Па гэтым паказчыку Данецкая вобласць займала першае месца сярод рэгіёнаў Украіны.

Гісторыя Вобласць была ўтворана ў 1932 годзе вылучэннем з Харкаўскай вобласці Украінскай ССР. У 1938 годзе са складу вобласці была выдзелена паўночная частка, якая стала Луганскай вобласцю. З 1932 па 1961 гады называлася Сталінскай вобласцю.

Геаграфічнае становішча На паўднёвым захадзе і захадзе вобласць мяжуе з Днепрапятроўскай і Запарожскай, на паўночным захадзе — з Харкаўскай, на паўночным усходзе — з Луганскай абласцямі Украіны, на паўднёвым усходзе — з Растоўскай вобласцю Расійскай Федэрацыі, а з поўдня абмываецца Азоўскім морам.

Працягласць вобласці з поўначы на поўдзень — 255 км, з захаду на ўсход — 180 км. Агульная даўжыня меж вобласці складае 1 526 км, з іх: сухапутныя — 1 376 км, марскія — 140 км. Самае высокае месца вобласці — курган Магіла-Вострая (331 м); самае нізкае месца (-0,4 м) — узровень вады ў Азоўскім моры.

Геаграфічны цэнтр вобласці знаходзіцца ў сяле Пе́скі.

Клімат Клімат рэзка-кантынентальны з вельмі спякотным засушлівым летам і параўнальна халоднай зімой. Сярэдняя тэмпература ліпеня +21—23 °C, студзеня −5 — −8 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 500 мм.

Рэльеф Для вобласці характэрны раўнінны ландшафт.

На паўночным усходзе знаходзіцца Данецкі камлюк вышынёй да 367 м, паверхня якога падзеленая далінамі рэк. На захадзе камлюк пераходзіць у Прыдняпроўскую нізіну, на поўдні — у Прыазоўскую нізіну з асобнымі падвышэннямі. На поўдні — вузкая паласа Прычарнаморскай нізіны, якая ўступамі сыходзіць да Азоўскага мора.

Асноўны тып глебаў — чарназёмы.

Карысныя выкапні Тэрыторыя вобласці багатая разнастайнымі карыснымі выкапнямі, сярод якіх найбольш значным з’яўляецца каменны вугаль. Вобласць мае даволі значныя паклады каменнай солі. Мінеральна-сыравінная база прамысловасці будаўнічых матэрыялаў і чорнай металургіі прадстаўленая значнымі радовішчамі даламітаў, вапняку, глінаў, мергелю, гіпсу, каалінаў, крэйды, будаўнічых і кварцавых пяскоў, граніту, кварцыту і інш. Таксама ёсць ртуць, мінеральныя фарбы, фасфарыты, асбест, графіт. Знойдзеныя радовішчы нефелінавых сіянітаў, флюарыту, вермікуліту, жалезных рудаў, даўсаніту, калійных соляў. У паўночных раёнах вобласці знаходзіцца Дняпроўска-Данецкая нафтагазаносная вобласць, у паўднёвых, на ўзбярэжжы мора — Прычарнаморска-Крымская нафтагазаносная правінцыя. Эксплуатуюцца крыніцы мінеральных водаў.

Водныя аб’екты Па тэрыторыі Данецкай вобласці цякуць каля 110 рэчак агульнай даўжынёй звыш 3000 км. Найвялікшая з іх — Северскі Данец. Яе прытокі — Казённы Тарэц, Бахмутка і Лугань. Да басейна Дняпра адносяцца рэкі: Самара і Воўчая; да басейна Азоўскага мора: Кальміўс, Грузкі Яланчык, Крынка.

Азёр на тэрыторыі вобласці мала, ёсць невялікія азёры ў абалоне Северскага Данца (Воўчае і іншыя), а таксама Славянскія салёныя азёры.

Для паляпшэння водазабеспячэння створана 141 вадасховішча, а таксама канал Северскі Данец — Данбас.

Насельніцтва Найбуйнейшыя гарады вобласці — Данецк (987 тыс. чалавек, 2005), Марыупаль (482 тыс. чал.), Макееўка (377 тыс. чал.), Горлаўка (279 тыс. чал.), Краматорск (176 тыс. чал.), Славянск (121 тыс. чал.), Янакіевэ (99 тыс. чал.). Гарадское насельніцтва (2007) — 90,3 %. Тэрытарыяльныя грамады — 66

Крыніцы

Літаратура Атлас Донецкой области. — М.: Гл. упр. геод., 1982. Донецька область. Адмінiстративно-територіальний поділ на 1 січня 1979 року. — Донецк: Донбасс, 1979. Донецька область. Адмінiстративно-територіальний поділ на 1 березня 1988 року. — Донецк: Донбасс, 1988. Были земли Донецкой. Документальные новеллы, очерки. — Донецк: Донбасс, 1967. Земляк К. П., Критенко Г. П. Край Донецкий. — К.: Радшкола, 1959. Історія міст i сіл Української РСР, Донецька обл. — К.: АН, 1970. История городов и сёл Украинской ССР, Донецкая обл. — К.: АН, 1976. На землi Донецькій. Фотоальбом. — К.: Мистецтво, 1968. Юность Донецкого края. — К.: Молодость, 1980. Отин Е. С. Топонимия Донетчины / Е. С. Отин; Донецкий национальный университет. — Донецк: Юго-Восток, 2013. — 118 с. — 100 экз. — ISBN 978-966-374-771-2. Танцюра, В. І. Історія Слобідської України : навчальний посібник / В. І. Танцюра, О. О. Пересада. — Харків : ХНУ імені В. Н. Каразіна, 2013. — 366 с.

Спасылкі

Катэгорыя:Вобласці Украіны