Мікала́й «Чо́рны» Радзіві́л (4 лютага 1515, Нясвіж — 28/29 мая 1565, Лукішкі пад Вільняй) — вялікалітоўскі дзяржаўны, палітычны, ваенны, культурны і рэлігійны дзеяч. Мянушку «Чорны» атрымаў ад колеру сваёй барады, якім адрозніваўся ад стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Рудога, які атрымаў мянушку ад гэта ж.
Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—1537 гадоў. У 1544 годзе атрымаў урад маршалка земскага і ўзначаліў паноў-раду і соймы. Спрыяў шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары з вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. У 1547 годзе атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі «на Алыцы і Нясвіжы». З 1550 года канцлер ВКЛ, выступаў за суверэннасць ВКЛ у саюзе з Польшчай. Таксама займаў пасаду віленскага ваяводы. Дзякуючы дыпламатычным дзеянням Мікалая Радзівіла адбылося ўключэнне Лівонскага ордэна ў склад ВКЛ. Узначальваў дзяржаўную камісію па правядзенні аграрнай рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках.
З усіх магнатаў княства ён першым прыняў Рэфармацыю. Паводле веравызнання кальвініст, прапагандыст кальвінізму ў ВКЛ. Свае творы яму прысвячаў Жан Кальвін. У 1553 годзе заснаваў друкарню пры Берасцейскім зборы, пад яго апекай існавала таксама друкарня ў Нясвіжы. У першай з іх за кошт магната выйшла ў 1563 годзе так званая «Радзівілаўская Біблія» — пераклад кальвінісцкай Бібліі на польскую мову. У 1647 годзе яго рэшткі разам з рэшткамі жонкі былі ўрачыста перанесены з Вільні ў Дубінкі.
Радзівіл Чорны валодаў вялікімі латыфундыямі ў Вялікім Княстве Літоўскім (з цэнтрам у Нясвіжы) і на Валыні (Алыка). Найбуйнейшыя маёнткі: Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (з 1558 года), Лахва і Нягневічы ў Новагародскім павеце, Здзітаў у Слонімскім павеце, Дубрава, Шацк і Узда ў Менскім павеце, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Дусяты, Свядасць і Бігушкі ў Вількамірскім павеце, Лукішкі каля Вільні, Шыдловец у Польшчы; таксама трымаў Барысаўскае, Берасцейскае, Ковенскае і Шавельскае староствы.
Дзейнасць Радзівіла як вялікага рэфарматара карэнным чынам паўплывала на рэлігійнае і культурнае жыццё свайго часу.
Паходжанне
Паходзіў з роду Радзівілаў, вядомых з часоў Вітаўта як высокія ўраднікі, а да XVI ст. занялых адно з першых месцаў сярод магнацкіх радоў колькасцю маёнткаў і палітычным уплывам. У сваіх уладаннях Радзівілы трымаліся як удзельныя князі, Мікалай Радзівіл называўся ў родавых дакументах Мікалаем IV, яго брат Ян — Янам ІІІ, а іх бацька — Янам І. Сам Мікалай Чорны пісаў, што яго продкі паходзілі з Ашмянаў, а Сымон Будны ўважаў Радзівілаў за прадстаўнікоў «славного языка словенъского».
Мікалай Чорны быў унукам Мікалая Старога (памёр у 1509), ад якога пайшлі тры галоўныя галіны роду Радзівілаў — старэйшая ад Мікалая (на Гонязі і Мядзелах), сярэдняя ад Яна (на Нясвіжы і Алыцы) і малодшая ад Юрыя (на Біржах і Дубінках). Мікалай Чорны быў з сярэдняй галіны роду.
Нарадзіўся ў 1515 годзе ў сям’і кашталяна троцкага і вялікага маршалка літоўскага Яна Радзівіла (празванага Барадатым) ў Нясвіжы, які быў пасагам яго маці Ганны з Кішкаў (дачкі Станіслава Кішкі, гетмана і маршалка земскага). Мікалай быў старэйшым сынам у гэтым шлюбе, для Яна Мікалая гэта быў трэці шлюб. Пасля смерці мужа ў 1522 годзе Ганна выйшла замуж за Станіслава Кезгайлу, старосту жамойцкага.
Дзяцінства і юнацтва Дзяцінства прайшло ў Нясвіжы, там ён атрымаў дамашнюю адукацыю, ведаў старабеларускую, польскую і лацінскую мовы, хоць сам прызнаваўся, што лацінскую ведаў недастаткова, аднак мог чытаць трактаты і весці перамовы лацінскай мовай.
Як маці выйшла замуж другі раз, то апекуном Мікалая Радзівіла, яго брата Яна і іх сястры стаў іх родны дзядзька Юрый Радзівіл, вядомы военачальнік, удзельнік бітвы пад Оршай. Некаторы час Юрый вёў судовыя спрэчкі за маёмасць з братам маці Мікалая і Яна — Пятром Кішкам, урэшце працэс выйграў. Юрый ласкава ставіўся да Мікалая і Яна, у яго доме пляменнікі выраслі разам са стрыечнымі братам Мікалаем і сястрой Барбарай.
Родзічы Мікалая займалі вышэйшыя дзяржаўныя і царкоўныя ўрады ў Вялікім Княстве Літоўскім, Жыгімонт Стары ўзяў Мікалая і Яна да каралеўскага двара ў Кракаў іх сёстраў узяла да свайго двара каралева Бона. Кіраванне бацькоўскімі маёнткамі да паўналецця братоў вялікі князь даручыў Юрыю Радзівілу.
Пры каралеўскім двары Мікалай Чорны блізка пасябраваў з будучым каралём польскім і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Каралевіча не цікавіла вучоба, ён рос разбэшчаным і капрызным, любіў забавы і гульні. Кароль Жыгімонт Стары з горыччу зазначаў, што яго нашчадак «марна траціць час сярод зграі дзяўчат і нявест», маці ж хацела выхаваць сына паслухмяным сабе, каб потым праз яго ўладарыць дзяржавай. Магчыма гэта было адной з прычын, чаму да двара запрасілі Радзівілаў, выхаваных у старых традыцыях. На каралевіча Радзівілы не паўплывалі, аднак сяброўства паміж Жыгімонтам і Мікалаем Чорным захоўвалася доўгія гады.
Мікалая Чорнага ж больш вабілі веды. Каля 1534 года ён паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, пра што захаваўся запіс: Nicolaus Radzyvil de Przelagensi Lithuanus dioc Vilnensis. Аднак скончыць адукацыю здолеў, бо вымушаны ад’ехаць на радзіму на «абарону краю».
Пачатак кар’еры
Мікалай Радзівіл удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—1537 гадоў, на якую разам з братам Янам выставіў 160 коннікаў. Паводле ўставы пра земскую вайсковую службу, кожны землеўласнік павінен быў выставіць аднаго вершніка з васьмі службаў, а кожная служба ў сярэднім складалася з трох сялянскіх гаспадарак, такім чынам, браты Радзівілы мелі не менш за 3840 гаспадарак у сваіх маёнтках. Войскам у гэтай кампаніі камандаваў іх дзядзька Юрый Радзівіл. Летам 1535 года быў вызвалены Гомель («Гомей, который первей того несправедливе от неприятеля наш(о)го Московского есть взят, зася в руки наши дал»), пасля амаль двухдзённага гарматнага абстрэлу замка маскоўскі ваявода князь Дзмітрый Абаленскі «и вси люди, которые на том замку с ним были» здаліся, бо «боронити не могли»Памятники истории Восточной Европы / Российский государственный архив древних актов, Instytut historyczny Uniwersytetu Warszawskiego, Centrum historii Europy Srodkowo-Wschodniej. Т. 6 : Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки, первая половина XVI в. / [Генеральное консульство Республики Польша в Санкт-Петербурге, Российская национальная библиотека]. — Варшава. — Москва : Древлехранилище, 2002. — С. 163.. Пасля штурмам узяты Старадуб, у гэтай бітве ўдзельнічалі і вершнікі Радзівілаў. Але вайсковай кар’еры Мікалай Радзівіл не зрабіў, аддаючы перавагу палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці. Пасля заканчэння ваеннай кампаніі паміж сабой парадніліся два магутныя роды, у Геранёнах узялі шлюб Барбара Радзівіл і Станіслаў Гаштольд.
У 1540 годзе памёр сваяк Мікалая, уладальнік Міра Фелікс Ільініч, які жанаты са старэйшай сястрой Чорнага Соф’яй. У 1541 годзе памерла і Соф’я, пакінуўшы круглым сіратой малалетняга сына Юрыя. Апекуном Юрыя Ільініча стаў Мікалай Радзівіл. Юрый амаль усё жыццё правеў у Нясвіжы, пасля смерці яго маёмасць, у тым ліку і Мірскі замак, перайшла да Радзівілаў.
Імклівае ўзвышэнне Мікалая Чорнага пачалося пасля 1544 года, калі на Берасцейскім вальным сойме прыняты акт, якім Жыгімонт I Стары перадаваў поўную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. Як Мікалай Радзівіл у значнай ступені спрыяў прыняццю гэтага акта, то пасля сойма ён атрымаў свой першы ўплывовы ўрад земскага маршалка, а таксама ўзначаліў паноў-раду і соймы. З гэтага часу Мікалай актыўна ўдзельнічаў у вызначэнні палітыкі дзяржавы, увайшоў у бліжэйшае кола Жыгімонта Аўгуста. Праз два гады атрымаў ад вялікага князя за заслугі Шавельскае староства ў Жамойці. Палітычны ўплыў набіраў і родны брат Барбары — Мікалай Радзівіл Руды, займаў вышэйшыя ўрады ў дзяржаве, у 1549 годзе стаў ваяводам троцкім, у 1553 годзе гетманам вялікім літоўскім, а ў 1566 годзе віленскім ваяводам і канцлерам. Абодва Радзівілы ўзмацнілі сваё становішча пасля смерці Жыгімонта Старога ў 1548 годзе.
Атрыманне княжацкага тытулу і шлюб
У 1547 годзе Мікалай Чорны адправіўся ў дыпламатычную вандроўку з мэтай вырашэння лёсу пасагу памерлай жонкі Жыгімонта Аўгуста Лізаветы Габсбург, які пры жыцці памерлай так і не быў адданы. Пытанне вырашалася марудна, спачатку ў Вене, а пасля да разбіральніцтва прыцягнуўся імператар Карл V, які запрасіў бакі ў сваю сталіцу Аўгсбург.
Мікалай з уласнай выгадай скарыстаў перамовы. Яму ўдалося пацвердзіць тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі, які яшчэ ў 1518 годзе быў дадзены прадстаўніку ганёндзка-мядзельскай галіны роду Радзівілаў, брату яго бацькі Мікалаю. Пасля смерці ў 1548 годзе апошняга прадстаўніка галіны тытул быў страчаны. Германскі імператар перадаў тытул прадстаўнікам двух іншых галін Радзівілаў. Мікалай Чорны разам з братам Янушам сталі звацца князямі на Алыцы і Нясвіжы, Мікалай Руды — князем на Біржах і Дубінках. Хоць тытул распаўсюджваўся і на нашчадкаў, але не даваў на радзіме ніякіх правоў, толькі павялічваючы вагу ў вачах шляхты. Як прызнаваўся сам Чорны, тытул яму дорага каштаваў: такім чынам ён спрабаваў узвысіць веліч і гонар свайго роду, каб нікога не бянтэжыла, што новая каралева і вялікая княгіня нібыта не паходзіць са слаўнага роду. Адначасова Мікалай Радзівіл змог атрымаць графскі тытул і для гетмана кароннага Тарноўскага, з якім збіраўся ў хуткім часе парадніцца. Неўзабаве ўдалося дасягнуць пагаднення і наконт пасагу: скупаваты цесць выплаціў астатнюю частку.
На адваротным шляху Мікалай Чорны заехаў у Сандамір, дзе адбыўся яго шлюб з залоўкай графа Тарноўскага пятнаццацігадовай Альжбетай Шыдлавецкай. На шлюбе прысутнічаў і Жыгімонт Аўгуст, які прыехаў туды адразу ж пасля сойма ў Петрыкаве. Захаваўся панегірык-эпітафія, напісаны вядомым паэтам Пятром Раізіям у гонар вяселля, які ўшанаваў цырымонію шлюбу, што адбылася ў зімовы дзень 1546 года. Пасля вяселля маладыя накіраваліся ў Нясвіж, які стаў радавым гняздом сям’і. Пазней Альжбета запрашала туды паэтаў, музыкантаў і вучоных, а вядомы польскі паэт Ян Каханоўскі прысвяціў ёй паэму «Сусанна».
Шлюб Барбары Радзівіл з каралём і ўзвышэнне
Мікалай Радзівіл Чорны разам са сваім стрыечным братам Мікалаем Радзівілам Рудым спрыяў заключэнню шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары (роднай сястрой Рудога) з вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам.
Упершыню Жыгімонт Аўгуст звярнуў увагу на аўдавелую Барбару ў 1542 годзе. Паколькі са смерцю Станіслава род Гаштольдаў перасекся, то ўласнікам маёмасці станавіўся вялікі князь, які прыехаў у Геранёны, каб уступіць у правы. Там ён пазнаёміўся з Барбарай, у якой была рэпутацыя досыць вольнай жанчыны. Сам Чорны неаднаразова асуджаў сястру за любоў да асалодаў д’ябальскіх. У гэты час Жыгімонт яшчэ быў жанатым чалавекам, аднак сваю жонку Лізавету Габсбург, дачку аўстрыйскага імператара Фердынанда І, непрыгожую і хваравітую жанчыну, з якой быў заручаны з самага дзяцінства, не любіў.
Адносіны вялікага князя і Барбары перараслі ў каханне пасля смерці Лізаветы ў 1545 годзе. Па сведчаннях папскага нунцыя Грацыяні, Жыгімонт, зачараваны «яе навабамі і пяшчотамі» «з запалам яе пажадаў». Барбара атрымала магчымасць выйсці замуж за Жыгімонта, аднак той не вырашаўся на апошні крок, баючыся рэакцыі сваёй маці. Знаходзячыся ў Вільні, манарх часта патаемна ноччу прыходзіў да Барбары, дом якой знаходзіўся побач з палацам Жыгімонта. Пра гэтыя візіты стала вядома Мікалаю Чорнаму і Мікалаю Рудому, якія патрабавалі ад вялікага князя спыніць сустрэчы з Барбарай, каб не кідаць цень на гонар роду Радзівілаў. Жыгімонт паабяцаў, аднак неўзабаве парушыў сваё абяцанне.
Калі аднойчы ноччу ён зноў прыйшоў да Барбары, то сустрэў там Чорнага і Рудога. «Милостивии королю, не мел еси то до сестры нашое ходити, а тепер для чого еси пришол?», — падступілі браты з пытаннем да вялікага князя. Адказ Жыгімонта быў досыць нечаканы: «А што, ведаете, можэть теперешнее прыістье мое ку сестре вашеі вчініті вам большую славу, честь і пожіток». Той жа ноччу ў ліпені 1547 года ў капліцы Віленскага замка адбылося тайнае вянчанне, сведкамі якога былі Чорны, Руды і іх сваяк Станіслаў Кезгайла.