Дракункулёз, або рышта — інфекцыйная хвароба, якая выклікаецца рыштай. Заражэнне адбываецца праз пітную ваду, якая змяшчае дафній, заражаных лічынкамі рышты. Першапачаткова сімптомы адсутнічаюць. Аднак праз год у чалавека пачынаецца раздражненне, паколькі самка чарвяка ўтварае пухір на скуры, звычайна на ніжняй канечнасці. Потым, праз некалькі тыдняў, чарвяк вытыркаецца са скуры. У гэты час у чалавека могуць узнікнуць складанасці з перамяшчэннем ці выкананнем працы. Хвароба вельмі рэдка выклікае смерць.

Крыніцы Людзі — адзіны від жывёл, якіх інфікуе рышта. Чарвяк мае шырыню ад аднаго да двух міліметраў, дарослая самка дасягае ад 60 да 100 сантыметраў у даўжыню (самцы карацейшыя). Па-за целам чалавека яйкі выжываюць на працягу трох тыдняў. Перад заражэннем неабходна іх паглынанне дафніямі. Лічынка можа існаваць унутры дафніі да чатырох месяцаў. Для захавання хваробы ў рэгіёне людзі павінны заражацца штогод. Дыягностыка хваробы можа праводзіцца на падставе прыкмет і сімптомаў захворвання.

Прафілактыка і лячэнне Прафілактыка дасягаецца ранняй дыягностыкай хваробы, а таксама папярэджаннем апускання раны ў пітную ваду. Іншыя меры ўключаюць наступнае: паляпшэнне доступу да чыстай вады, ачыстку фільтрацыяй забруджанай вады. Часта дастаткова фільтравання праз адзенне. Забруджаную пітную ваду можна ачышчаць з дапамогай хімічнага прэпарата пад назвай тэмефос, прызначанага для знішчэння лічынак. Ад хваробы не існуе лекаў ці вакцын. Чарвяка можна марудна выдаляць на працягу некалькіх тыдняў, намотваючы на кіёк. Магчымае інфікаванне бактэрыямі язваў з-за з’яўлення чарвяка. Рана можа працягваць балець некалькі месяцаў пасля выдалення чарвяка.

Эпідэміялогія і гісторыя У 2013 годзе было зафіксавана 148 выпадкаў хваробы. Гэта менш за 3,5 мільёнаў выпадкаў, зарэгістраваных у 1986 г. Хвароба існуе толькі ў 4 краінах Афрыкі, у параўнанні з 20 краінамі ў 1980 г. Найбольш закранутая хваробай краіна — Паўднёвы Судан. Верагодна, гэта першая паразітычная хвароба, якая знікне. Рышта вядомая са старажытнасці. Яна згадваецца ў егіпецкім папірусе Эберса, што датуецца 1550 г.  да н. э. Назва «дракункулёз» паходзіць ад лацінскага выразу «пашкоджанне маленькімі цмокамі», а назва «хвароба гвінейскага чарвяка» з’явілася пасля таго, як еўрапейцы заўважылі хваробу на беразе Гвінеі ў Заходняй Афрыцы ў XVII стагоддзі. Віды, падобныя да рышты, выклікаюць хваробы ў іншых жывёл. Выпадкаў інфікавання імі людзей не выяўлена. Лічыцца занядбанай трапічнай хваробай.

Катэгорыя:Паразітарныя захворванні