Храм Баалшаміна () — старажытны храм у горадзе Пальміра (Сірыя), прысвечаны ханаанскаму бажаству Баалшаміну. Храм быў пабудаваны ў 131 годзе, у той час як алтар перад храмам датаваўся 115 годам. З распаўсюджаннем хрысціянства ў V стагоддзі храм быў ператвораны ў царкву. Адкрыты швейцарскімі археолагамі ў 1954—1956 гадах. У час сірыйскай грамадзянскай вайны ў 2015 годзе разбураны «Ісламскай дзяржавай Ірака і Леванта» (ІДІЛ) пасля захопу ёй Пальміры.
Архітэктурны стыль Першапачаткова храм быў часткай вялікага комплексу з трох двароў і ўяўляў сабой спалучэнне ўсходняга і рымскага архітэктурных стыляў. Прапорцыі і капітэлі храма былі рымскія, а элементы над архітравам і бакавымі вокнамі прадстаўлялі ўсходнюю традыцыю з акантавым арнаментам карынфскага ордара, што сведчыць пра егіпецкі ўплыў. У храме быў шасцікалонны пранаас са слядамі кансоляў і цэла. Бакавыя сцены былі ўпрыгожаны пілястрамі. Надпіс на грэчаскай і пальмірскай мовах на апоры калоны, якая падтрымлівала бюст ахвяравальніка храма Мале Агрыпы, сведчыла, што храм быў пабудаваны ў 131 годзе. У надпісе таксама згадваўся візіт імператара Адрыяна ў Пальміру ў 129 годзе.
Разбурэнне Асобныя часткі храма былі пашкоджаны выбухамі ў 2013 годзе. Паўднёва-ўсходні вугал сцяны храма быў пашкоджаны рабаўнікамі, якія зрабілі дзве адтуліны, каб вынесці мэблю з гасцявога дома.
Летам 2015 года ІДІЛ разбурыла храм, заклаўшы вялікую колькасць узрыўчаткі. Паводле звестак арганізацыі Syrian Observatory for Human Rights, гэта адбылося ў ліпені. Пра разбурэнне храма паведаміў кіраўнік Генеральнага дырэктарата старажытнасцей і музеяў Маамун Абдулкарым. Падрыў храма адбыўся пасля паведамленняў пра заяву ІДІЛ, што арганізацыя не мае намеру зносіць аб'екты сусветнай спадчыны ў Пальміры, але будзе знішчаць усе «політэістычныя» помнікі.
Гл. таксама Знішчэнне культурнай спадчыны арганізацыяй ІДІЛ
Спасылкі
Катэгорыя:Культавыя збудаванні Сірыі Катэгорыя:Знесеныя збудаванні Катэгорыя:З’явіліся ў II стагоддзі Катэгорыя:Зніклі ў 2015 годзе Катэгорыя:Помнікі культуры, знішчаныя ІДІЛ Катэгорыя:Горад Пальміра