Ян Антоні Пашако́ўскі (, паблізу Шадава, Упіцкі павет, ВКЛ — , Нясвіж) — педагог, гісторык, тэолаг і выдавец. Член ордэна езуітаў. Доктар філасофіі (1718).
Біяграфія Паходзіў са шляхты Упіцкага павета. Вучыўся ў Коўне, навіцыяце ў Вільні, у Нясвіжскім калегіуме (1702—1703), Віленскай акадэміі. З 1700 года езуіт, з 1713 года — святар. Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Коўне (1714—1715) і Крожах (1715—1716), быў прэфектам школы ў Коўне (1717—1718), выкладаў філасофію ў Вільні (1718—1721), быў дырэктарам курсаў і загадчыкам гаспадаркі Нясвіжскага калегіума. У 1722—1735 гадах выхавальнік Гераніма Фларыяна Радзівіла, сына Міхала Радзівіла Рыбанькі. Рэктар Слуцкага (1735—1739) і Нясвіжскага (1739—1742) калегіумаў, духоўнік і пісар у Нясвіжы (1742—1756). У 1756—1757 гадах выкладаў французскую мову і ўсеагульную гісторыю ў Нясвіжскім калегіуме. Памёр у Нясвіжы.
Дзейнасць У Нясвіжы меў магчымасць карыстацца бібліятэчнымі зборамі Радзівілаў, дзякуючы у тым ліку і гэтаму напісаў шматлікія тэалагічныя, палемічныя, гістарычныя працы.
Найважнейшай справай Яна Пашакоўскага лічаць яго дзейнасць па стварэнні і выданні календароў. За 1737—1749 гады ён выдаў у Вільні дваццаць «Палітычных каляндарыкаў», якімі распачаў гісторыю віленскага перыядычнага друку. У адрозненне ад календарнай традыцыі выключыў са сваіх выданняў астралогію, прагностыку і іншыя забабоны, а запоўніў звесткамі з гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага. Гэтым думаў заахвоціць моладзь да чытання гістарычных прац, пагатоў, у 1739 годзе ў езуіцкіх навучальных установах было ўведзена выкладанне гісторыі. Яна Пашакоўскага лічаць першым папулярызатарам гістарычнай навукі ў ВКЛ.
Таксама выдаў працы па гісторыі Рэфармацыі: «Гісторыя лютэрская» («Hіstorіa luterska», Вільня, 1745), «Гісторыя кальвінская» («Hіstorіa kalwіńska», Варшава, 1747), «Гісторыя пра пачатак адступніцтва англіканскай царквы» («Hіstorіa o początku odszczepіeństwa Koścіoła Anglіkańskіego», Варшава, 1748) і інш. Склаў біяграфічны слоўнік езуітаў ВКЛ. Апошнія гады жыцця працаваў над гісторыяй царквы ў Рэчы Паспалітай, якая засталася незавершанай.
Крыніцы
Літаратура Żukowska J. Życie i działalność jezuity Jana Poszakowskiego w świetle jego korespondencji i rękopisów // Słupskie Studia Historyczne. — 2013. — № 19. — S. 87—99. Janikowski E. Ks. Jan Poszakowski — polski apologeta XVIII w. // Studia Theologica Varsaviensia. — 1978. — R. 16. — № 2. — S. 91—109. Mieszek M. Kilka uwag o «Kalendarzu prześwietnych dam» Jana Poszakowskiego SJ // Kalendarze staropolskie. — Warszawa: DiG, 2014. — S. 183—196. Natoński B. Poszakowski Jan // Polski słownik biograficzny, t. XXVII, z. 4. — Wrocław, 1983. — S. 704—707. Бажэнава В. Ксёндз Ян Пашакоўскі — гісторык, тэолаг, пісьменнік // Наша вера. — 2002. — № 3. — С. 12—15. Пазднякоў В. Пашакоўскi Ян Антонi // ЭВКЛ. Т. 2. — Мн., 2005.
Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Езуіты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Памерлі ў Нясвіжы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Троцкім ваяводстве Катэгорыя:Багасловы Беларусі Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Нясвіжскага езуіцкага калегіума