Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) — орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху ў Мінску з 27 сакавіка па 10 ліпеня 1917 года. На чале камітэта ўвесь час быў яго старшыня Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939). Камітэт прэтэндаваў на ўладу на той тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем Часовага ўрада Расіі і яго органаў у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, а таксама імкнуўся дабіцца стварэння аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі; аб’яднаць на аснове салідарнасці пад сваім крылом усе беларускія партыі і арганізацыі дзеля агульнанацыянальных беларускіх інтарэсаў; арганізаваць у Беларусі развіццё беларускамоўнай культуры і асветы.
Склад БНК і мэты дзейнасці
Утвораны ў Мінску 27 сакавіка 1917 г. З’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для рэалізацыі пастаноў з’езда — выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам Расіі асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Беларускую Краёвую Раду (планаванага найвышэйшага органа ўлады аўтаномнай Беларусі). Гэта быў максімум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расіі, які кантраляваў тэрыторыю цэнтральнай і ўсходняй Беларусі (з Мінскам) і адкладваў пытанне аб дзяржаўным уладкаванні Расіі да склікання Устаноўчага сходу Расіі, аднак неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і недзялімай Расіі»Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта … С. 25.Яскравым прыкладам таго была катэгарычная адмова Часовага ўрада Расіі прадаставіць у маі 1917 г. аўтаномію Украіне і крайне негатыўная рэакцыя на абвяшчэнне Украінай сваёй аўтаноміі паводле Універсала Украінскай Цэнтральнай рады ад 10 (23) чэрвеня 1917 г..
На з’ездзе ў склад БНК былі выбраны 18 членаў: 10 асоб ад БСГ, а астатнія ад іншых партый і арганізацый: Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Усевалад Фальскі, Браніслаў Тарашкевіч, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Бабарыкін, Фабіян Шантыр, Міхаіл Кахановіч, Вацлаў Іваноўскі, Лявон Дубейкаўскі, Зміцер ЖылуновічСяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 30.. Быў абраны і прэзідыум БНК: Раман Скірмунт (старшыня), Павел Аляксюк (намеснік старшыні), Усевалад Фальскі (намеснік старшыні), Лявон Заяц (скарбнік), Браніслаў Тарашкевіч (пісар-сакратар). З’езд выбраў і дэлегацыю (на чале са Скірмунтам) для перагавораў з Часовым урадам Расіі аб аўтаноміі БеларусіРудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта … С. 23..
Большасць членаў БНК належалі да сацыялістычнай партыі БСГ, аднак кірунак дзейнасці з’езда і новастворанага БНК вызначала невялікая група палітыкаў (Раман Скірмунт, Павел Аляксюк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі), якая мела цесныя стасункі з лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і прытрымлівалася не сацыялістычных, а ліберальна-дэмакратычных поглядаў — блізкіх да поглядаў расійскіх лібералаў — «кадэтаў», якія пераважалі ў складзе Часовага ўрада РасііБогданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)… С. 9.. Яшчэ да сакавіцкага З’езду беларускіх нацыянальных арганізацый (1917) буйныя маянткоўцы Эдвард Вайніловіч (старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі), князь Станіслаў Радзівіл і даўняя мецэнатка беларускамоўнага друку княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравалі на патрэбы Рамана Скірмунта і будучага БНК значныя фінансавыя сродкіРудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта … С. 24..
Раману Скірмунту пачаткова ўдавалася стрымліваць радыкальныя патрабаванні сацыялістаў у БНК па той прычыне, што ў Расіі тады панавала ўлада Часовага ўрада Расіі (дзе дамінавалі лібералы), таму многія прыхільнікі сацыялізму лічылі ў той час, што лібералы са сваёй праграмай утрымаюцца ва ўладзе новай Расіі, і не думалі, што лібералы хутка выпусцяць уладу, а рэвалюцыя ў Расіі будзе «паглыбляцца штораз далей, аж да камунізму».
Практычна ўсе партыі і арганізацыі ў Мінску і на падкантрольнай Часоваму ўраду тэрыторыі Беларусі (за выключэннем хіба што беларускіх нацыянальных) негатыўна аднесліся да ўзнікнення БНК і апублікавання яго праграмных дакументаў; выказаліся супраць права БНК на выступленне ад імя насельніцтва БеларусіСяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 31..
БНК меў права кааптацыі іншых членаў і новых арганізацыйЛатышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст… С. 130.. Адзін з лідараў БНК Павел Аляксюк пазней адзначаў, што «камітэт толькі рэгістраваў закладзеныя арганізацыі і ўваходзіў у зносіны з імі»Вольная Беларусь. — 1917. — № 8. — 21 ліпеня.. Акрамя прадстаўнікоў БСГ і БПНС да складу БНК з цягам часу далучаліся прадстаўнікі іншых беларускіх партый і арганізацый, якія ў значнай колькасці ўзнікалі ў тыя часы ў розных гарадах Беларусі і за яе межамі: Беларуская народная грамада (Масква), Саюз беларускай дэмакратыі (Гомель), Беларускі нацыянальны камітэт (Магілёў), каталіцкая Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Петраград), Беларускі народны саюз (Віцебск).
Спробы распаўсюдзіць уплыў на сялянства Беларусі Імкнучыся рэалізаваць сваю палітычную праграму (аўтаномія Беларусі), БНК спрабаваў заручыцца падтрымкай сялянства і выканаць пастанову З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (1917) аб арганізацыі сялянства. БНК склікаў 4 красавіка 1917 г. краёвы сялянскі з’езд, на які прыехалі прадстаўнікі сялян Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў, на якім пачалося абмеркаванне не толькі палітычнага пытання, але і аграрнага, што не планавалася арганізатарамі з’езда і лідарамі БНК. Сялянскія дэлегаты выказаліся ў падтрымку аграрнай праграмы БСГ (якая адпавядала поглядам не лібералаў, а расійскіх меншавікоў — канфіскацыю ўсёй зямлі ў Беларусі без кампенсацыі былым уласнікам і перадачу ўсёй зямлі органам мясцовага самакіравання, якія б здавалі яе сялянам у арэнду) і выказаўся за стварэнне пад эгідай БНК сялянскіх арганізацый на месцахЛадысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 12..
Напады сацыялістаў-рэвалюцыянераў на БНК Асаблівае абурэнне з дзейнасці камітэта выказалі ў Мінску рускія эсэры (сацыялісты-рэвалюцыянеры), якія лічылі сябе выразнікамі інтарэсаў сялянства ўсёй былой Расійскай Імперыі і негатыўна паставіліся да імкнення БНК устанавіць кантроль над беларускім сялянствам, яго арганізацыямі і наладжваннем асветы беларускай вёскі на роднай мове. Нягледзячы на супрацоўніцтва з БНК у «Камітэце прапаганды новага дзяржаўнага ладу», эсэры пачалі займацца дыскрэдытацыяй БНК і разгарнулі супраць БНК асабліва актыўную і паклёпніцкую агітацыю пасля сялянскага з’езда 4 красавіка з асуджэннем (у тым ліку ў сваім друку) рашэнняў БНК. У першую чаргу гэта рабіў мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, які быў пад кантролем эсэраў і па сутнасці з’яўляўся філіялам партыі эсэраў у Мінску. У сваім друку мінскія эсэры адмаўлялі Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту ў праве прадстаўляць інтарэсы сялян і рабочых і абвінавацілі БНК у тым, што ён прадстаўляе ў першую чаргу інтарэсы памешчыкаў Беларусі: «Беларускі Нацыянальны Камітэт ні ў якім разе не можа быць прызнаны выразнікам думак усяго беларускага народа і не мае ніякіх правоў гаварыць ад яго імя, бо беларускі народ у асобе сваіх працоўных класаў (сялян і рабочых) у рабоце „Нацыянальнага з’езду“ ніякага ўдзелу не браў. Па-другое, Беларускі Нацыянальны Камітэт, з’яўляючыся па свайму складу арганізацыяй маёмасных пластоў беларускага народа і асабліва памеснага землеўладання, а па характары сваіх выступленняў чыста нацыяналістычным, пагражае інтарэсам сялян і рабочых імкненнем адарваць іх на глебе ўзмоцнена падаграваемага нацыяналізму ад працоўных мас усёй Расіі і падпарадкаваць ідэйнаму кіраўніцтву памешчыкаў. Па-трэцяе, мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, які стаіць на варце інтарэсаў сялянства, будзе весці з гэтымі спробамі бязлітасную барацьбу». Дагэтуль ні на водную іншую буржуазна-памешчыцкую партыю ці арганізацыю мінскія эсэры не накідваліся так злосна, як на БНК, заявы якога аб патрабаванні аўтаноміі Беларусі былі неўзабаве кваліфікаваны рускімі эсэрамі як «буржуазны сепаратызм»Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 31, 32..
Повады для таго былі. Асаблівасць сітуацыі была ў тым, што на чале БНК стаў Раман Скірмунт, які ў 1907—1917 гг. быў віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) пры Эдвардзе Вайніловічу, якое было галоўнай арганізацыяй кансерватыўных буйных і сярэдніх земельных уласнікаў Мінскай губерні і мела ўплывы значна шырэй меж Мінскай губерні. У пачатку 1917 г. Раман Скірмунт для блізіру выйшаў са складу МТСГ і, з’яўляючыся буйным маянткоўцам, уступіў у склад Беларускай народнай партыі сацыялістаў, а пазней узначаліў БНК. Раман Скірмунт, далучаючыся да шэрагаў беларускіх сацыялістаў, паабяцаў (па настойлівым патрабаванні сацыялістаў), што адмовіцца ад свайго маёнткаШыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)… С. 181., аднак у сапраўднасці Раман Скірмунт і не думаў адмаўляцца ад маёнтка, увесь час трымаў сувязь з лідарам МТСГ Эдвардам Вайніловічам (і зрупаванымі вакол яго заможнымі зямельнымі ўласнікамі)Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 185. і, наадварот, рабіў у 1917—1918 гг. усе высілкі ў шэрагах беларускіх сацыялістаў, каб прадухіліць радыкальныя аграрныя рэформы ў Беларусі (у першую чаргу, прадухіліць скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю) і пашырыць у грамадстве ідэю палітычнай суб’ектнасці Беларусі. Пазней, у ліпені 1918 г. Раман Скірмунт, калі стане на 10 дзён прэм’ер-міністрам БНР, будзе беспаспяхова спрабаваць адмяніць сёмы пункт Другой Устаўной граматы БНР, які тычыўся аграрнага пытання (скасавання прыватнай уласнасці на зямлю)Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох… С. 42.. У канечным выніку, у сярэдзіне 1918 г. Раман Скірмунт вернецца ў склад членаў МТСГ і будзе зноў лёгка абраны буйнымі маянткоўцамі на пасаду віцэ-старшыні МТСГ пры Эдвардзе Вайніловічу, а ў 1922 г. адзін з лідараў беларускіх сацыялістаў Браніслаў Тарашкевіч будзе прасіць менавіта Эдварда Вайніловіча (а не Рамана Скірмунта) стаць лідарам беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ў міжваеннай Польшчы, хоць Вайніловіч ветліва адмовіццаChmielewska, G. Cierń… С. 212..
8 красавіка 1917 г. БНК выступіў у друку з карэктным абвяржэннем папрокаў мінскага камітэта Усерасійскага сялянскага саюза і даў тлумачэнні, што дзеля ўвядзення аўтаноміі Беларусі імкнецца аб’яднаць усе беларускія сілыСяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 32..
Паводле назіранняў Змітра Жылуновіча, зафіксаваных у пазнейшых успамінах, пасада старшыні БНК «вельмі імпанавала» Раману Скірмунту, «і трэба прызнацца, ён працаваў у ім старанна, хілючы, вядома, умела і здатна сваю буржуазную лінію». Пасля ўтварэння БНК (якому з’езд надаў права кааптацыі) на яго паседжаннях часта бывалі Эдвард Вайніловіч, князь Станіслаў Радзівіл, князь Геранім Друцкі-Любецкі і іншыя заможныя маянткоўцы.
Місія ў Петраград да Часовага ўрада Расіі У сярэдзіне красавіка 1917 г. БНК адправіў у Петраград дэлегацыю з 18 чалавек на чале са старшынёй БНК Раманам Скірмунтам для перагавораў з Часовым урадам Расіі аб статусе Беларусі. Упершыню ў найвышэйшых уладных інстанцыях Расіі было афіцыйна заяўлена пра нацыянальна-палітычныя інтарэсы беларускага народа.