Ю́рый (Ю́рка, Гео́ргі) Іва́навіч Лістапа́д (7 красавіка 1897, Варкавічы, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць — 5 ліпеня 1938, Бамлаг) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
Біяграфія
Нарадзіўся 7 красавіка 1897 года ў Варкавічах Слуцкага павета ў сялянскай сям'і. У 1914 годзе скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў на Случчыне і ў Слуцку. У 1918 годзе ў Менску скончыў 1-я Беларускія педагагічныя курсы, адзначаўся педагагічнай радай курсаў за добрае валоданне беларускай мовай і веданне гісторыі Беларусі. Яго выпускны твор «Слуцкае вяселле» Язэп Лёсік надрукаваў у менскай газеце «Беларусь» у маі 1920 года. У 1919 годзе працаваў у менскіх беларускіх выдавецтвах, пераклаў на беларускую мову апавяданне Уладзіміра Караленкі «Бяз мовы», камедыі Аляксандра Астроўскага «Беднасць ня ганьба» і «На бойкім месцы», таксама падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.
Увосень 1919 года накіраваны Беларускай школьнай радай Меншчыны школьным інструктарам у Слуцкі павет, дзе з дапамогай Андрэя Бараноўскага і іншых актывістаў стварыў восем беларускіх школ. Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацый (Нацыянальны камітэт, «Папараць-Квета» ды інш.).
У лістападзе 1920 года абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года.
З 1921 года ў Заходняй Беларусі, вучыўся на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (адначасова быў іх адказным сакратаром), увайшоў у арганізацыю «Нацыянальная сувязь», супрацоўнічаў з газетамі «Еднасць», «Беларускія Ведамасці», «Наша думка». Інструктар беларускіх школ на Віленшчыне.
У 1922 вярнуўся ў Слуцк. Настаўнічаў, у 1923—1925 гадах працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на Слуцкіх агульнаадукацыйных педагагічных курсах, дзе блізка сышоўся з Якубам Коласам.
Арыштаваны ДПУ БССР 22 лістапада 1925, у сакавіку 1926 асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. Вызвалены ў лістападзе 1927. Доўгі час не мог уладкавацца на працу, зарабляў грошы як «вольны перакладчык» у Белдзяржвыдавецтве. Зноў арыштаваны летам 1930 г. па справе «Саюзу вызвалення Беларусі», вызвалены праз некалькі месяцаў. У ліпені 1933 года перасяліўся ў Ржэў, працаваў рахункаводам збожжанарыхтоўчага пункту. У кастрычніку 1933 арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», у студзені 1934 г. асуджаны на 8 гадоў зняволення. Этапаваны ў Байкала-Амурскі канцлагер АДПУ Далёкаўсходняга краю (Свабодны), паводзіў сябе там непакорліва. У жніўні 1935 г. на яго была заведзена крымінальная справа. 31 сакавіка 1938 «тройкай» НКУС за «антысавецкую агітацыю сярод зняволеных» прыгавораны да расстрэлу.
Быў жанаты з Марыяй Стагановіч, меў дачку Ніну.
Рэабілітаваны 16 ліпеня 1956 г.
Творы Слуцкае вяселле // Беларусь. 1920, № 108—110 Узбіліся на свой шлях // Наша думка (Вільня). 1921, № 9—10
Літаратура
Спасылкі
Контррэвалюцыйная паўстанцкая і шпіёнска-дыверсійная арганізацыя «Беларускі Нацыянальны Цэнтар» у Беразіно Ю. Лістапад — Узбіліся на свой шлях
Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Нарадзіліся ў Слуцкім раёне Катэгорыя:Удзельнікі Слуцкага паўстання Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Члены Беларускай рады Случчыны Катэгорыя:Справа Беларускага нацыянальнага цэнтра Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР