Клапачы́. Сустракаецца таксама варыянт Кла́пачы (, ) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Палачанскага сельсавета. Знаходзіцца за 5,3 км на паўднёвы захад ад Маладзечна, 83,5 км ад Мінска.
Гісторыя У 1861 годзе ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні Расійскай імперыі існавалі дзве вёскі ў складзе маёнтка Палачанкі: Клапачы 1-я (уладальнік — памешчык граф Нагель) і Клапачы 2-я (уладальнік — памешчык Улань). У 1873 годзе ў Кабыльскай сельскай грамадзе. У 1897 годзе в. Клопача (яна ж Паляны), 13 двароў, 73 жыхары, капліца, у Палачанскай воласці Ашмянскага павета. У 1909 годзе ў Клапанах 1-х — 4 двары, 41 жыхар, у Клапанах 2-х — 5 двароў, 50 жыхароў. Пазней вёскі зліліся.
З лютага да снежня 1918 года тэрыторыя акупіравана войскамі Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Затым занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі тэрыторыя ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны з ліпеня 1919 да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года пад уладай Польшчы (Віленская акруга ГУУЗ).
З 1921 года вёска ў складзе Польскай Рэспублікі. У 1938 годзе 19 двароў, 104 жыхары, у Палачанскай гміне Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства.
З 1939 года ў БССР, вёска ў Маладзечанскім раёне Вілейскай вобласці. З канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нацыстамі. З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 года ў Мінскай абласцях. У 1969 годзе 83 жыхары.
Насельніцтва
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Палачанскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Маладзечанскага раёна