Берасцейскі Сімяонаўскі манастыр — колішні манастыр, які існаваў y XV—XIX стст. і размяшчаўся ў Замухавеччы, інакш Валынскім прадмесці, — за валамі старога Бярэсця.

Гісторыя Упершыню ўпамінаецца як старажытны ў прывілеі вялікага князя Аляксандра Берасцю 1499, меў цэрквы Сімяона Слупніка і Дабравешчання. У XVI стагоддзі патроны манастыра — паны Солтаны. Знаходзіўся на прыватным (шляхецкім) пляцы за р. Мухавец. З 1596 года ўніяцкі.

Паводле актаў Брэсцкага земскага суда ў 1604 годзе куплены разам з с. Муравец Е. Солтанам y свайго дзядзькі Д. Солтана. У тым жа годзе Солтаны прадалі землі заняпалага і пакінутага манахамі манастыра вялікаму маршалку літоўскаму К. М. Дарагастайскаму. Пасля ўладальнікамі гэтых зямель і патронамі манастыра былі Сапегі, Красінскія, Выгоўскія.

У першай трэці XVII стагоддзі быў аб'ектам барацьбы паміж уніятамі і праваслаўнымі мяшчанамі. У 1632 г. на канвакацыйным сейме замацаваны каралём Уладзіславам IV за праваслаўнымі, сюды пераехалі манахі з Яблачынскага Ануфрыеўскага манастыра.

Вядомы маёмасныя запісы і завяшчанні мяшчан на карысць манастыра 17 — пач. 18 стст., яго падтрымлівалі некаторыя брэсцкія цэхі. Ігуменам y 1640-я г. быў Афанасій Брэсцкі, які быў пахаваны ў царкве Сімяона. У 1680 пабудавана царква Св. Стафана. У 1716 пабудовы манастыра знішчаны пажарам, пасля чаго ўзведзена новая царква Сімяона. У 1753 годзе ігумен манастыра Імануіл Белашыцкі прыняў унію і перадаў берасцейскім базыльянам частку манастырскага архіва і яго зямель.

У складзе Расійскай імперыі У 1815 г. будынак манастыра згарэў. У 1824 манастыр скасаваны, яго пабудовы разабраны і разам з пагостам засыпаны ў 1833 у сувязі з будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці, а на іх месцы, побач з паўднёвымі варотамі, узвялі крэпасны вал.

Літаратура

Катэгорыя:Колішнія манастыры Беларусі Катэгорыя:Славутасці Брэста