Якаў I (; — ) — шатландскі кароль (1406—1437) з дынастыі Сцюартаў, «лепшы з кіраўнікоў і першы паэт Шатландыі», трэці сын Роберта III.
Кароль у палоне Пасля ранняй смерці двух старэйшых братоў Якава бацька, хвалюючыся за яго бяспеку, адправіў яго да французскага караля. Па дарозе прынц патрапіў у рукі англічан. Даведаўшыся пра гэта, Роберт III сканаў. Юны прынц намінальна стаў каралём Шатландыі. Якаў I правёў у палоне 18 гадоў. Тым часам краінай кіравалі рэгенты (дзядзька караля Роберт Сцюарт, герцаг Олбані і сын Роберта Мэрдак). Перамовы пра вызваленне караля пачаліся неадкладна, але вяліся вяла, паколькі рэгент не быў зацікаўлены ў вяртанні караля.
Падчас знаходжання ў палоне Якаў I быў вымушаны суправаджаць англійскага караля Генрыха V у яго паходзе ў Францыю, у той час як шатландскія войскі графа Бухана ваявалі супраць англічан на баку дафіна Карла. У Англіі кароль сустрэў сваё каханне — Джаану Бафор, сваячку англійскага караля, з якой у 1424 годзе Якаў I ажаніўся. Пра сваё каханне да Джааны кароль апавядае ў паэме «Kingis Quair», адным з лепшых узораў сярэдневяковай англа-шатландскай паэзіі.
Пасля смерці герцага Олбані ўдалося, нарэшце, дамовіцца аб вызваленні Якава I: 4 снежня 1423 года быў падпісаны Лонданскі дагавор, у адпаведнасці з якім кароль атрымліваў свабоду коштам выплаты выкупу ў памеры 40 000 фунтаў стэрлінгаў. У маі 1424 года Якаў I прыбыў у Шатландыю.
Рэформы Якава I За час знаходжання ў палоне Якаў I стаў адным з самых высокаадукаваных каралёў у гісторыі Шатландыі. Яго таленты ў паэзіі і музыцы дапаўняліся рашучасцю ў рэалізацыі ўласных ідэй. Адразу пасля свайго вяртання кароль разгарнуў праграму мерапрыемстваў па ўмацаванні законнасці і правапарадку ў краіне: былі ўведзены адмысловыя нормы супраць злоўжыванняў баронаў, забаронены міжусобныя войны і саюзы магнатаў. На ўсю краіну была распаўсюджана адзіная сістэма каралеўскага права: мясцовыя нормы і прававыя выняткі (тыпу права клана Мак-Даф) былі абвешчаны неспараўднымі. Пачалася рашучая барацьба з карупцыяй.
Адначасова кароль спрабаваў палепшыць стан дзяржаўнай казны. Але фінансавыя мерапрыемствы Якава I прынеслі толькі ўмераны вынік: уведзены падатак на даходы праз 2 гады прыйшлося адмяніць з-за супраціўленні саслоўяў, мытныя зборы павялічыліся, але так і не дасягнулі ўзроўню перыяду кіравання Давіда II. Найбуйнейшыя шатландскія магнаты (Олбані, Дугласы) былі значна багацейшымі за караля. У сувязі з гэтым Якаў I пачаў звяртацца да адрасных рэпрэсій супраць асобных сем’яў магнатаў: у 1425 годзе кароль арыштаваў і пакараў смерцю Мэрдака Сцюарта, 2-га герцага Олбані і яго сям’ю. Іх уладанні былі канфіскаваны на карысць караля.
Разгром дому Олбані азначаў раялісцкі пераварот у Шатландыі. З гэтага часу рэзка ўзмацняецца каралеўская ўлада, магнаты адхілены ад удзелу ў кіраванні, у адміністрацыю актыўна прыцягваюцца дробныя дваране, святары, гараджане. Але галоўнай апорай рэжыму стала сама моцная асоба караля і яго папулярнасць у народзе. Вялікую ролю набывае шатландскі парламент, асноўныя рысы якога вызначыліся менавіта пры Якаве I. Пры падтрымцы парламента кароль разгарнуў законатворчую дзейнасць, якая не мела прэцэдэнтаў у Шатландыі : нарматыўнаму рэгуляванню падвяргаліся практычна ўсе аспекты жыцця ў краіне.
Знешняя палітыка Свабода ў ажыццяўленні каралём цэнтралізатарскіх рэформ у вялікай ступені тлумачылася спрыяльным замежнапалітычным становішчам. Англія пасля смерці Генрыха V не ўяўляла пагрозы для Шатландыі. З 1424 года Якаў I захоўваў перамір’е з Англіяй. Паступова кароль спыніў выплату выкупу за сваё вызваленне: з 40 тыс. фунтаў стэрлінгаў, які ён павінен быў выплаціць паводле Лонданскага дагавора, было выплачана менш за палову.
У той жа час Якаў I захоўваў традыцыйны ваенны саюз з Францыяй: шатландцы на службе ў караля Карла VII удзельнічалі ў ваенных дзеяннях супраць англічан, а ў 1436 годзе дачка Якава I, Маргарыта, выйшла замуж за спадчынніка французскага прастола дафіна Людовіка.
Якаў I і царква Умацаванне каралеўскай улады ў краіне дазволіла разгарнуць барацьбу з прэтэнзіямі папства. Ужо ў 1426 годзе парламент Шатландыі па прапанове караля забараніў зносіны з Папам Рымскім без згоды караля, а таксама набыццё ў папы пенсіёнаў і бенефіцый у шатландскай царкве. Прадстаўнікі Якава I актыўна ўдзельнічалі ў Базельскім саборы, які спрабаваў абмежаваць уладу Папы. Разглядаючы шатландскую царкоўную арганізацыю як адну з частак дзяржаўнага апарата, кароль часта ўмешваўся ў справы царквы, імкнучыся ліквідаваць злоўжыванні і павялічыць яе аўтарытэт. Паказальна, што менавіта Якаў I быў апошнім каралём Шатландыі, які засноўваў манастыры, і першым, пры якім разгарнула дзейнасць Святая інквізіцыя.
Пралікі канца кіравання З ростам аўтарытарызму да канца кіравання Якава I, які так рэзка кантраставаў з анархіяй часоў Олбані, узмацнілася незадаволенасць сярод шатландскіх баронаў. Рэпрэсіі караля ў стаўленні да шэрагу магнатаў (Олбані ў 1425 годзе, Грэмы ў 1427 годзе, Данбары ў 1435 годзе) суправаджаліся масавымі канфіскацыямі на карысць кароны (так у 1424 годзе было канфіскавана графства Бухан, у 1425 годзе — графствы Файф, Ментэйт і Ленакс, у 1427 годзе — Стратэрн, у 1435 годзе — Марч і Мар).
Крахам скончылася спроба караля ўсталяваць кантроль над шатландскім высакагор’ем: арышт лідараў горскіх кланаў у Інвернесе ў 1428 годзе і наступнае намінальнае падпарадкаванне лорда Астравоў выніку не прынеслі, а ў 1431 годзе каралеўскія войскі пад камандаваннем Аляксандра Сцюарта, графа Мара, былі ўшчэнт разбіты горцамі ў бітве пры Інверлахі. Супрацьстаянне паміж горнай і раўніннай часткамі краіны толькі ўзмацнілася.
Аднаўленне ў 1436 годзе ваенных дзеянняў супраць Англіі таксама скончылася няўдачай: аблога каралём Роксбара правалілася, выклікаўшы незадаволенасць ваяўнічых баронаў.
Да 1437 годзе супраць Якава I склалася змова шэрагу буйных магнатаў на чале з дзядзькам караля, Уолтэрам Сцюартам, графам Аталскім, і ў ноч на 21 лютага 1437 года Якаў I у сваім палацы ў Перце паў ад шаснаццаці смяротных ран, нанесеных яму змоўшчыкамі.
Кароль-паэт Паэтычныя творы, якія прыпісваюцца Якаву I, ўпершыню былі сабраны ў 1783 годзе і выдадзены Вільямам Тытлерам. У Бадліянскай бібліятэцы ў Оксфардзе захоўваецца рукапіс яго паэмы «Kingis Quair»; яна напісана сямістрофнымі стансамі Чосера, падзелена на 7 песень, апавядае пра пераменнасць чалавечага лёсу і апявае каханне палоненага караля да Джааны Бофарт; верш лёгкі і гарманічны. Яму ж належаць верш: «Christis Kirk on the Grene», апісвальнае ў гумарыстычным тоне сельскае жыццё ў Шатландыі. Якаву прыпісваецца таксама цэлы шэраг драбнейшых вершаў.
Шлюбы і дзеці (1423) Джаана Бафор, дачка Джона Бафора, графа Сомерсета Маргарыта (1424—1445), замужам (1436) за Людовікам XI, каралём Францыі Ізабела (1426—1494), замужам (1442) за Францыскам I, герцагам Брэтонскім Элеанора (1427—1480), замужам (1449) за Жыгімонтам Габсбургам, эрцгерцагам Пярэдняй Аўстрыі Джаана (пам. 1486), замужам (1440) за Джэймсам Дугласам, графам Ангуса; (1459) за Джэймсам Дугласам, графам Мортанам Якаў II (1430—1460), кароль Шатландыі (з 1437) Марыя (пам. 1465), замужам (1444) за Вольфертам VI ван Борселенам, лордам Веры Анабела, замужам (1447) за Людовікам Савойскім, графам Жэневы
Літаратура Pinkerton. Ancient Scottish Poems; Washington Irving. Sketch Book; David Irving. History of Scottish Poetry; Balfour-Melville E. James I, King of Scots, 1936 Nicholson, R. Scotland: the Later Middle Ages, 1974
Спасылкі
Якаў I (кароль Шатландыі) на Вікіліўры Якаў I Шатландскі на сайце PoemHunter.com.
Катэгорыя:Каралі шатландскія Катэгорыя:Паэты Шатландыі Катэгорыя:Сцюарты Катэгорыя:Забітыя манархі Катэгорыя:Каранаваныя дзеці