Барысагле́бская царква́ — адна з чатырох вядомых цэркваў страчанага Бельчыцкага манастыра ў Полацку. Выдатны помнік полацкай школы дойлідства.
Гісторыя
Храм быў узведзены ў сярэдзіне XII ст. Архітэктарам Барысаглебскага храма, як і суседняй Пятніцкай царквы, лічыцца мясцовы майстар дойлід Іаан. Такое меркаванне грунтуецца на тым, што ў названых будынках выкарыстаны шэраг кампазіцыйных і канструктыўных прыёмаў, якія потым знайшлі найбольш поўнае і завершанае ўвасабленне ў Спаса-Праабражэнскім саборы (аўтарам якога Іаан з'яўляецца паводле летапісных крыніц).
Пасля Першай сусветнай вайны на манастырскім двары размяшчаліся ваенныя склады. У гэты час Барысаглебская царква, якая засталася без належнага догляду, пачала імкліва трухлець. Сцены старажытнага храма мясцовае насельніцтва паступова разбірала на будаўнічыя матэрыялы. У 1928 годзе вывучэнне і абмеры рэшткаў Барысаглебскай і Пятніцкай цэркваў Бельчыцкага манастыра праводзіў гісторык архітэктуры І. М. Хозераў. Ён паспеў замаляваць каштоўныя фрагменты фрэскавага роспісу помнікаў да іх поўнага знішчэння. Неўзабаве пасля гэтага царква была канчаткова разбурана.
Архітэктура і будаўнічыя асаблівасці
Царква ўяўляла сабой аднакупальны крыжова-купальны храм з трыма паўкруглымі апсідамі. Унутраная прастора падзялялася на тры нефы шасцю слупамі, што ішлі ў два рады, прычым цэнтральны неф вылучаўся значна большымі памерамі за бакавыя. У заходняй частцы будынка слупы злучаліся прасценкамі з паўднёвай і паўночнай сценамі, утвараючы аб'ём прытвора з корабавымі скляпеннямі. Непасрэдна над ім знаходзіліся княжацкія хоры. Па бакавых фасадах ішлі плоскія пілястры, паміж якімі ў два рады размяшчаліся вокны — большыя па вышыні зверху і меншыя знізу. Падмуркі царквы, згодна з будаўнічай практыкай Полацка сярэдзіны і другой паловы XII ст., былі выкладзены з дробных валуноў насуха, без выкарыстання вапнавага раствору.
Сцены царквы былі выкладзены з плінфы на вапнава-цамянкавым растворы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Гэта быў традыцыйны спосаб муроўкі полацкіх манументальных будынкаў таго часу. Аднак полацкія майстры ўнеслі ў яе істотную змену ў параўнанні з больш раннімі кіеўскімі ўзорамі: яны цалкам адмовіліся ад выкарыстання гарызантальных палос з неапрацаванага каменя на фасадах. Камяні ішлі выключна ўнутр сцяны, у забутоўку. Сам водступ схаванага рада плінфы ад плоскасці фасада быў мінімальным (усяго 1—2 см), з-за чаго гэты прыём страціў канструктыўны сэнс і выкарыстоўваўся як дэкаратыўны элемент.
У Барысаглебскай царкве гэты маляўнічы паласаты выгляд быў дадаткова ўзмоцнены: рады цэглы штучна падфарбоўваліся ў чырвоны колер, а светлыя палосы раствору (якія хавалі ўтопленую плінфу) праходзілі спецыяльную апрацоўку. З дапамогай спецыяльных штампаў на растворы рабіўся адбітак, які імітаваў мур з прыроднага пясчаніку.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Полацка Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Полацка Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Бельчыцкі манастыр Катэгорыя:Дойлід Іаан