Сустрэча Папы Рымскага Францыска і патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла адбылася 12 лютага 2016 года ў аэрапорце Гаваны, сталіцы Кубы. Сустрэча такога ўзроўню стала першай за ўсю гісторыю рускай праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, шэраг экспертаў і СМІ называюць яе гістарычнай.

Перадгісторыя Раскол хрысціянскай царквы адбыўся ў 1054 годзе, пасля чаго канчаткова адбыўся яе падзел на Рымска-каталіцкую царкву на Захадзе з цэнтрам у Рыме і Праваслаўную — на Усходзе з цэнтрам у Канстанцінопалі. Падзел, выкліканы расколам, не пераадолены дагэтуль, нягледзячы на тое, што ў 1965 годзе ўзаемныя анафемы былі ўзаемна зняты на сустрэчы Папы Паўла VI і Усяленскага Патрыярха Афінагора I.

Руская праваслаўная царква, цяпер найбуйнейшая з Памесных праваслаўных цэркваў у свеце, дэ-факта аўтаномная ад Канстанцінопальскай з 1448 года. У 1589—1593 гадах Маскоўскія мітрапаліты атрымалі тытул патрыярхаў і фармальнае прызнанне аўтакефаліі ад усходніх патрыярхаў.

На Фларэнційскім саборы, які праходзіў з 1438 года, прысутнічалі Рымскі Папа Яўген IV і канстанцінопальскі патрыярх Іосіф II, а таксама прадстаяцель рускай царквы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар. Неўзабаве пасля сустрэчы Ісідар быў разжалаваны і ўзяты пад варту па загадзе Васіля II.

Асабістых сустрэч паміж главамі Рускай праваслаўнай царквы і Рымска-каталіцкай царквы раней не адбывалася. Падрыхтоўка да сустрэчы ў 2016 годзе ішла 20 гадоў. У 1996—1997 гадах вяліся перамовы пра арганізацыю сустрэчы патрыярха Алексія II і Папы Яна Паўла II, але яна не адбылася з-за наяўнасці праблем, па якіх бакам не ўдалося дасягнуць згоды. Перамовы пра магчымасць сустрэчы вяліся і з Папам Бенедыктам XVI да моманту яго сыходу ў адстаўку ў сакавіку 2013 года; у 2006 годзе будучы патрыярх Кірыл у якасці старшыні знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата наведаў Рым, дзе сустрэўся з пантыфікам.

10 красавіка 2009 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з патрыярхам Кірылам у Маскве прапаноўваў сустрэчу Папы і Патрыярха ў Мінску«Коммерсантъ»: Лукашэнка ў Маскве прапаноўваў сустрэчу Папы і Патрыярха. Еўрарадыё. 8 мая намеснік старшыні Аддзела замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата протаіерэй Георгій Рабых у адказ на прапанову заявіў, што Рускай праваслаўнай царкве і Рымска-каталіцкай царкве не патрэбныя якія-небудзь пасярэднікі для вырашэння такіх пытанняў, у іх ёсць магчымасці для правядзення прамых узгадненняў па гэтай тэмеРПЦ: Пытанне сустрэчы Папы і Патрыярха будзе вырашацца без Лукашэнкі.

У лістападзе 2014 года Папа Францыск, адказваючы на пытанне карэспандэнта ТАСС на борце самалёта пасля вяртання з паездкі ў Стамбул, дзе адбылася яго сустрэча з патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем I, заявіў, што гатовы сустрэцца з патрыярхам Кірылам у любым месцы і ў любы час.

Храналогія сустрэчы Падрыхтоўка Пра сустрэчу абодвума бакамі было абвешчана 5 лютага 2016 года, у гэты ж дзень было прынята канчатковае рашэнне правесці яе 12 лютага. Да гэтага моманту праходзілі рознага роду ўзгадненні, якія тычыліся даты, месца і зместу сустрэчы, у прыватнасці, прапанаванай да падпісання дэкларацыі, тэкст якой узгадняўся да позняга вечара 10 лютага і заняў 10 лістоў.

Сустрэча стала магчымай дзякуючы перакрыжаванню маршрутаў глаў цэркваў: патрыярх Кірыл прыляцеў у Гавану ў рамках турнэ па Лацінскай Амерыцы, Папа Рымскі Францыск зрабіў прыпынак у кубінскай сталіцы перад пачаткам пастырскага візіту ў Мексіку.

Для сустрэчы глаў цэркваў у аэрапорту Гаваны імя Хасэ Марці, які з'яўляецца галоўным міжнародным авіявузлом краіны, былі падрыхтаваны зала дзяржаўнага пратакола першага тэрмінала, а таксама прэс-зала.

Патрыярх Кірыл прыбыў у Гавану 11 лютага, Папа Рымскі Францыск — днём 12, незадоўга да пачатку сустрэчы.

Ход сустрэчы Сустрэча пачалася ў 14:25 (UTC?5:00). Кірыл і Францыск, апранутыя ў звычайные аблачэнне, якое выкарыстоўваецца па-за набажэнствамі, пацалаваліся і разам сфатаграфаваліся, а затым размясціліся ў фатэлях, пастаўленых абапал ад драўлянага распяцця. Даволі хутка журналістаў папрасілі пакінуць залу. Як паведаміла італьянскае інфармацыйнае агенцтва агенцтва АНСА, першымі словамі Папы, звернутымі да патрыярха, былі «Нарэшце мы — браты», прадстаяцель РПЦ адказаў: «Цяпер усё лягчэй». «Відавочна, што гэта — божая воля», — сказаў Францыск.

Усяго сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. Патрыярх і Папа абмеркавалі шэраг важных праблем, закрануўшы ганенні хрысціян на Блізкім Усходзе, ваенна-палітычнае супрацьстаянне і рэлігійны раскол ва Украіне, крызіс сям'і ў сучасным грамадстве. Таксама главы цэркваў гаварылі пра будучыню хрысціян, далейшае развіццё супрацоўніцтва РПЦ і каталіцкай царквы, магчымыя сумесныя праекты, у прыватнасці, пра абмен паломнікамі. Кірыл і Францыск гутарылі на родных мовах — рускай і іспанскай, пры дапамозе двух перакладчыкаў.

Таксама адбыўся абмен падарункамі: патрыярх падарыў Папе спіс Казанскай іконы Божай Маці і сваю кнігу «Свабода і адказнасць» на іспанскай мове, Францыск у сваю чаргу паднёс у дар Кірылу часціцу мошчаў свяціцеля Кірыла і чашу для прычасця.

Па выніках сустрэчы патрыярх і Папа ўрачыста падпісалі сумесную дэкларацыю, якая складаецца з 30 пунктаў.

Рэакцыя Прадстаўнікі рэлігійнай супольнасці па ўсім свеце віталі сустрэчу глаў дзвюх цэркваў, адзначаючы яе важнасць і гістарычнае значэнне, прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў Расіі, Беларусі, Венгрыі, Канады, Польшчы, Сербіі, ЗША, краін Блізкага Усходу і іншых дзяржаў.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў назваў сустрэчу Кірыла і Францыска ўзаемным крокам насустрач Расіі і Захаду.

Раман Лункін, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН, лічыць, што сустрэча, якая праходзіць на фоне блізкаўсходняга канфлікту, які суправаджаецца ганеннямі на хрысціян, ставіць мэтай вярнуць хрысціянства ў сусветную палітыку.

Беларускі палітолаг і гісторык рэлігіі Анатоль Сідарэвіч выказаў меркаванне, што гэта сустрэча можа паспрыяць візіту Папы Рымскага ў БеларусьСустрэча Папы Рымскага з маскоўскім патрыярхам адкрые магчымасць візіту пантыфіка ў Беларусь // Радыё Свабода, на які Руская праваслаўная царква дагэтуль не дае дазволу, патрабуючы ад Рыма адмовіцца ад празелітызму і уніі на сваёй «кананічнай тэрыторыі»БПЦ: Для візіту Папы ў Беларусь Ватыкан мусіць адмовіцца… ад Уніі // Еўрарадыё.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Францыск (папа рымскі) Катэгорыя:Кірыл, патрыярх Маскоўскі Катэгорыя:2016 год на Кубе Катэгорыя:Люты 2016 года Катэгорыя:Падзеі 12 лютага