Мазамбі́к () — востраў на поўначы Мазамбіка. Плошча сушы — 1,5 км². Насельніцтва (2005 г.) — 14 000 чал.
Ад назвы вострава пайшло найменне краіны Мазамбік. У 1991 г. востраў Мазамбік унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Геаграфія Востраў Мазамбік месціцца ў Мазамбікскім праліве у 1473,4 км на паўночны ўсход ад Мапуту, сталіцы Мазамбіка, усяго ў 3,36 км ад усходняга берага Афрыканскага кантынента, з якім злучаны з дапамогай моста. Даўжыня з паўднёвага захаду на паўночны ўсход — 3 км. Найбольшая шырыня — 490 м. Большую частку паверхні вострава займаюць гарадскія пабудовы.
Клімат трапічны пасатны. Спякотны сезон доўжыцца з кастрычніка да красавіка, калі сярэняя дзённая тэмпература трымаецца каля +27 °C — +29 °C. Са студзеня да сакавіка ідуць моцныя дажджы. Час з чэрвеня да верасня лічыцца сухім сезонам.
Гісторыя З XI ст. востраў Мазамбік з’яўляўся важным гандлёвым цэнтрам арабаў і суахілі каля ўсходняга ўзбярэжжа Афрыкі. У канцы XV ст. ён уяўляў сабой асобную дзяржаву на чале з султанам Алі Мусой Мбікі.
У 1498 г. падчас сваёй першай вандроўкі ў Індыю востраў наведаў партугальскі мараплавец Васка да Гама, які даў яму сучасную назву. У 1507 г. партугальская ваенная экспедыцыя на чале з Трыстанам да Кунья захапіла Мазамбік і выгнала мясцовых жыхароў-суахілі. Партугальцы пераўтварылі востраў у свой стратэгічны марскі пункт на шляху праз Мазамбікскі праліў у Індыйскі акіян. У 1558 г. італьянскія архітэктары ўзвялі на поўначы Мазамбіка моцную крэпасць Сан-Себасцьян. Яна вытрымала марскую блакаду і аблогу галандцамі ў 1607 г. і 1608 г. Да 1898 г. востраў Мазамбік з’яўляўся афіцыйным цэнтрам партугальскіх каланіяльных валоданняў на паўднёвым усходзе Афрыкі.
У 1975 г. увайшоў у склад незалежнай дзяржавы Мазамбік.
Славутыя мясціны
Востраў Мазамбік — адзін з галоўных цэнтраў турызму ў краіне Мазамбік. У 1991 г. востраў Мазамбік унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Наведвальнікаў тут цікавяць гісторыка-архітэктурныя каштоўнасці, у тым ліку: Каланіяльная рэзідэнцыя — помнік архітэктуры XVIII ст. Часткай комплекса каланіяльнай адміністрацыі лічыцца сабор Св. Паўла.
Крэпасць Сан-Себасцьян на поўначы вострава Мазамбік, пабудаваная ў 1558 г. італьянскімі дойлідамі.
Умацаванне на востраве Сан-Ларэншу каля паўднёвага берага. У каланіяльныя часы выкарыстоўвалася як крэпасць і месца зняволення.
На востраве Мазамбік таксама існуюць некалькі музеяў, мячэць, індуісцкі храм, касцёлы XVII — XX стст.
Спасылкі
Сайт ЮНЕСКА Афіцыйны сайт Гісторыя і славутыя мясціны
Катэгорыя:Астравы Індыйскага акіяна Катэгорыя:Астравы Афрыкі Мазамбік Катэгорыя:Астравы Мазамбіка Мазамбік