Алаі́за Пашке́віч, вядома пад псеўданімам Цё́тка (у шлюбе Кейрыс або Кайрыс, у беларускай традыцыі таксама Пашкевічанка-Кейрысовая; 3 (15) ліпеня 1876, Пясчына, Лідскі павет — 5 (18) лютага 1916, Стары Двор, Лідскі павет) — беларуская паэтка, грамадская і палітычныя дзяячка, публіцыстка. Адна з заснавальнікаў партыі Беларуская сацыялістычная грамада, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя.

Імя У беларускіх крыніцах першай паловы XX стагоддзя каталіцкае імя Алаіза ў дачыненні да Алаізы Пашкевіч перадавалася па-рознаму. У публікацыях сустракаюцца такія напісанні: Алёізія, Алёіза, Алёйза. Напісанні беларускай лацінкай: Alojza, Aloiza, Aloizyja, Aloizija і інш.

Паводле беларускай традыцыі дзявочае прозвішча часта запісвалі як Пашкевічанка (Paškiewičanka, пазней Paškievičanka), а прозвішча па шлюбе як Кейрысовая (Kiejrysowaja, пазней Kiejrysovaja), часам Кэйрысовая і Кайрысовая.

У студэнцкім дакуменце Львоўскага ўніверсітэта за 1912 год Алаіза Пашкевіч запісана па-польску як Alojzya z Paszkiewiczów Kejrys.

На яе надмагіллі, ўсталяваным сястрой у 1937 годзе, надпіс беларускай лацінкай: Ciotka z Paškiewičaŭ Aloiza Kiejrys (Цётка з Пашкевічаў Алёіза Кейрыс).

З другой паловы XX стагоддзя праз рэформу беларускага правапісу ў публікацыях і літаратуры замацавалася імя Алаіза.

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзілася ў фальварку Пясчына Лідскага павета ў шматдзетнай каталіцкай шляхецкай сям’і ў 1876 годзе. Бацька — Стэфан (Стафан, у расійскіх дакументах Сцяпан), маці — Ганна (Анна з Вызгаў). Бацька валодаў 200 дзесяцінамі зямлі, якія перайшлі ў сям’ю праз пасаг маці Алаізы. Алаіза Пашкевіч была ахрышчана ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля мястэчка Васілішкі. У сям’і Пашкевічаў было дванаццаць (паводле іншых звестак, сямнаццаць) дзяцей. Вядомы браты Алаізы: Вацлаў і Юзаф (Язэп) (памёр у 1915 г. на фронце Першай сусветнай вайны) — афіцэры 170-га Маладзечанскага пяхотнага палка; сёстры: Стэфанія, Караліна і Зоф’я (Софія).

Пасля смерці першай жонкі Стэфан Пашкевіч перадаў Алаізу на выхаванне дзеду. Дзяцінства прайшло пад апекай бабулі Югасі ў фальварку Тарэсін і ў маёнтку Стары Двор. Першыя веды Алаіза Пашкевіч атрымлівала ад «дарэктараў» (прыватных хатніх настаўнікаў). Значны ўплыў на фармаванне асобы зрабіла курсістка Вера Тацішчава, якая год была яе хатняй настаўніцай. У 1892 годзе шаснаццацігадовую Алаізу разам з малодшым братам Юзікам (Язэпам), з якім разам выхоўваліся ў Тарэсіне, бацькі адпраўляюць у Вільню пад апеку старэйшай сястры Марыі. Праз два гады прыватных урокаў, у 1894 годзе, Алаіза паступіла ў чацвёрты клас рускага прыватнага сямікласнага вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Плата за навуку была вельмі высокая — 100 рублёў на год, таму за вельмі старанную і добрую вучобу Алаізе прызначылі стыпендыюВітан-Дубейкаўская, Ю. Cor Ardens: Успаміны пра Цётку — Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс / Ю. Вітан-Дубейкаўская // Конадні. — 1955. — № 3. — С. 49 — 54: іл. Перадрук: На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад., прадм. і звесткі пра аўтараў Б. І. Сачанкі; Тэкстал. падрыхт. С. Б. Сачанка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 303 с. — С. 6 — 11. — С. 7. — ISBN 5-340-01158-5.. Грошай не хапала, каб зарабіць Алаіза давала прыватныя ўрокі, часта галадала. Праз слабае здароўе на 6-м класе гімназіі перапыніла вучобу, некаторы час жыла на вёсцы і настаўнічала. У 1899 годзе вяртаецца да вучобы ў гімназіі Прозаравай, паступае зноў у 6-ы клас, скончыла вучобу 5 чэрвеня 1901 года і выехала на вёску. 27 чэрвеня 1902 года вытрымала выпрабаванне на званне хатняй настаўніцы арыфметыкі і атрымала адпаведнае пасведчанне. Два гады настаўнічала на вёсцы. Адукацыя ў Пецярбургу

У 1903 годзе паехала ў Санкт-Пецярбург (сталіцу Расійскай імперыі), дзе паступіла на Курсы выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі Пятра Лесгафта. У Санкт-Пецярбургу Алаіза Пашкевіч пасялілася ў незнаёмай дагэтуль асобы — Сабіны Ячыноўскай, нявесты Вацлава Іваноўскага. Падчас яе вучобы ў Санкт-Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», Алаіза Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў. Ідэямі гуртка была актыўная барацьба з уладамі Расійскай імперыі, сацыяльнае вызваленне працоўных і нацыянальнае вызваленне беларусаў.

Тады ж пачалася і літаратурная творчасць Алаізы Пашкевіч. У 1903 годзе ў Санкт-Пецярбургу выйшла пад выглядам фальклорнага зборніка кніжка «Песні», тут побач з творамі Францішка Багушэвіча, змешчаны яе верш «Мужыцкая доля» (пад псеўданімам Банадысь Асака). У гэты ж час гектаграфічным спосабам былі выдадзены дзве падпольныя брашуры — «Калядная пісанка на 1904 год» (пісаная ад рукі лацінскімі літарамі, 1903 г.) і «Велікодная пісанка» (друкаваная на машынцы кірыліцай, 1904 г.). У абодва выданні ўвайшлі і вершы Пашкевіч: у першае — тая ж «Мужыцкая доля» і «Мужык не змяніўся» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка), у другое — «Нямаш, але будзе» і «Музыкант беларускі» (пад псеўданімам Гаўрыла). Творы Алаізы Пашкевіч займалі амаль палову гэтых невялічкіх выданняў.

Паводле звестак літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы, Пашкевіч курсаў не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай .

Вільня. Палітычная дзейнасць і эміграцыя

У 1904 годзе А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчаркай у бальніцы Новай Вільні. Адна з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Займела партыйную мянушку «Цётка». У рэвалюцыю 1905 года арганізоўвала рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэвалюцыйныя пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах. Была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве. Узімку 1905 года актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні, у падзямеллі бальніцы захоўвала шапірограф.

Каб пазбегнуць судовай адказнасці ў канцы 1905 года эмігравала ў Галіцыю (Аўстра-Венгрыя)Беларуская мова: Энцыклапедыя — Мн.: БелЭн, 1994. С. 602. Жыла ў Львове, паступае вольнаю слухачкаю на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. У 1907—1911 гадах вучылася на гістарычна-філалагічным факультэце Львоўскага ўніверсітэта. На жыццё зарабляла працай масажысткі.

У Львове ў 1906 годзе надрукавала перакладзеную ёй з украінскай мовы на беларускую (пад псеўданімам Тымчасовы) дзіцячую чытанку «Гасцінец для малых дзяцей». Кансультавала ўкраінцаў, якія пісалі пра Беларусь і беларускую літаратуру (Іларыёна Свянціцкага, Івана Крып’якевіча і інш.), знаёміла іх з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў. У Жоўкве (каля Львова) у базыльянскай манастырскай друкарні выдала ў 1906 годзе два зборнікі вершаў — «Скрыпка беларуская» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка) і «Хрэст на свабоду» (пад псеўданімам Гаўрыла). Абодва зборнікі невялікія: у першы ўвайшлі 12 вершаў, у другі — 9, напісаныя, за рэдкім выключэннем, у 1905—1906 гадах. Вершы мелі рэвалюцыйна-гераічны, патрыятычна-аптымістычны пафас, больш спакойны характар маюць тры творы, напісаныя ў 1902—1903 гады («Лета», «Восень», «Мужык не змяніўся»).

Пад чужым пашпартам прыязджала ў Вільню і Санкт-Пецярбург, прымала ўдзел у выпуску першай беларускай газеты «Наша доля», дзе было надрукавана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». Пісала розныя творы, дасылала іх у «Нашу ніву» і іншыя беларускія выданні. Грашовая нястача і напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх (сухоты). Праз хваробу выязджала ў Закапанэ.

У 1908—1909 гадах Алаіза Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага ўніверсітэта. Была сябрам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі ўніверсітэта «Spójnia» («Згуртаванасць»). Пад уплывам Ірэны Сольскай зацікавілася тэатрам і пэўны час наведвала драматычную студыю СольскайКайрыс, С. З маіх успамінаў пра Цётку / Стэпонас Кайрыс // Конадні. — 1954. — № 2. — С. 68 — 78. Перадрук: На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад., прадм. і звесткі пра аўтараў Б. І. Сачанкі; Тэкстал. падрыхт. С. Б. Сачанка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 303 с. — С. 12 — 23. — С. 16 — 17. — ISBN 5-340-01158-5.. Займаецца вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. Дзеля атрымання навуковай ступені выканала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай». Аўтарка брашуры «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках Беларусі» (Вільня, 1910). Нейкі час жыла ў Закапанэ, выязджала ў Германію і Італію.

Вяртанне на Беларусь. Апошнія гады 7 лютага 1911 года Алаіза Пашкевіч выходзіць замуж за літоўскага інжынера і дзеяча Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Сцяпонаса Кайрыса. Узяўшы прозвішча мужа, Алаіза Кайрыс змагла вярнуцца ў Расійскую імперыю. Паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, гэта быў фіктыўны шлюб, хоць пара жыла разам у прадмесці Вільні Звярынец, Алаіза ў кватэры займала асобны сціплы пакой.

Алаіза ўдзельнічала ўва многіх значных мерапрыемствах культурна-асветніцкага характару, іграла ў некаторых спектаклях трупы Ігната Буйніцкага, друкавалася ў беларускіх выданнях. У 1912 годзе намаганнямі Алаізы Пашкевіч і Уладзіславы Станкевіч былі створаны некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Новай Вільні.

Калі ў 1914 годзе ў Мінску стварыўся першы дзіцячы беларускамоўны часопіс «Лучынка» — стала яго галоўным рэдактарам. Займалася арганізацыяй і падрыхтоўкай трупы беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па мястэчках ВіленшчыныКайрыс, С. З маіх успамінаў пра Цётку… — С. 68 — 78. Перадрук: На суд гісторыі… — С. 16 — 18.. У красавіку 1914 года на некаторы час зноў выязджае ў Фінляндыю, у ліпені таго ж года ездзіла на лячэнне ў Швецыю. Прайшла пешшу больш за дзвесце кіламетраў ад Стакгольма да Гётэбарга, хацела таксама прайсці Нарвегію, але пачалася Першая сусветная вайна.

Ва ўмовах Першай сусветнай вайны з вясны да восені 1915 года А. Пашкевіч як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку Віленскага вайсковага шпіталя. Удзельнічае ў арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў. Была выкладчыцай на першых Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1915). Першая беларуская школа была адкрыта ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы 13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай.

У 1916 годзе памёр бацька, Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. Алаіза засталася ў Старым Двары, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася. Памерла ў ноч на 5 (18) лютага 1916 года. Пахаваная на могілках у Старым Двары. У выніку польска-савецкай вайны і Рыжскага міру 1921 года гэтыя землі апынуліся ў складзе Польшчы (у беларускай гістарыяграфіі — Заходняя Беларусь). У 1937 годзе сястра Стэфанія (у замужжы Сапоцька; 1860—1947) паставіла помнік на магіле Алаізы Пашкевіч з подпісам па-беларуску лацінкай (Ciotka z Paškiewičaŭ Aloiza Kiejrys). Польскія ўлады хацелі знесці помнік. Прычынай, верагодна, быў беларускі надпіс. Справа асвятлялася ў заходнебеларускай і польскай кансерватыўнай прэсе («Słowo»), помнік захаваўся.

Творчасць

Выкарыстоўвала псеўданімы: Цётка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь Асака і інш.

Пачала пісаць у 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. Менавіта яна ажыццявіла неажыццяўлёнае аўтарам «Дудкі беларускай»: выдала зборнік вершаў пад назвай «Скрыпка беларуская» (1906). У прадмове да зборніка яна пісала:

У творчасці Алаізы Пашкевіч яскрава выявіліся асаблівасці фарміравання нацыянальных моўна-стылістычных сродкаў рамантычнай паэзіі, псіхалагічнай прозы, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў.

Аўтарка кніжак і падручнікаў для дзяцей «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», некаторыя даследчыкі (Якуб Колас, Паўліна Мядзёлка, Лідзія Арабей) лічылі яе аўтарам першага «Беларускага лемантара». Пісала публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.