Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у в. Зембін Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, пабудаваны ў 1904—1908 гадах з цэглы паводле праекта архітэктара В. І. Струева. Царква знаходзіцца ў цэнтры вёскі непадалёк ад праваслаўных могілак.

Гісторыя У «Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі за 1879 год» паведамляецца, што «царква існавала тут раней 1752 года …знаходзілася ў цэнтры мястэчка»Описание церквей и приходов Минской епархии, составленное по официально затребованным от причтов сведениям. Том 2. Борисовский уезд — В 9 томах. — Минск: Типо-литография Б. И. Соломонова, 1879. — 178 с..

У 1811 годзе на месцы згарэлай была пабудавана драўляная Свята-Міхайлаўская царква, фундатарам якой з’яўляўся Франц Сержпутоўскі. Штатнае гадавое дараванне кліру складала 236 рублёў. Пры царкве мелася да 60 дзесяцін зямлі сядзібнай, ворнай і сенакоснай. Дабрачынцамі храма былі спадары Ратамскія. Прыхаджан было звыш за 1000 душ з іх мужчынскага полу 530 душ і жаночага полу 590 душ. Зембінскай царкве таксама належалі Прадцечанская драўляная царква ў вёсцы Любча і Дзімітраўская драўляная царква на могілках ў вёсцы КасцюкіНиколай (Трусковский), архимандрит. Историко-статистическое описание Минской епархии. Санкт-Петербург: тип. духовного журн. «Странник», 1864. — 315 с..

Паводле чарцяжоў і апісання царкоўнага будынка па стане на 1862 год, прамавугольны ў плане будынак меў бабінец і апсіду, якая выступала; над дахам узвышаліся і завяршаліся купаламі вежа-званіца, размешчаная з боку галоўнага фасада і невялікая вежка з глухім купалам — у сярэдзіне царкоўнага будынка. Вокны былі размешчаны ў адзін шэраг, мелася двое дзвярэй. Звонку будынак быў пафарбаваны алейнай фарбайНацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд «Царкоўна-будаўнічай прысутнасці». 24 чэрвеня 1882 года царква была моцна пашкоджана пажарам, але пасля рамонту была ізноў асвечана 12 верасня 1882 года Барысаўскім протаіерэем Пастэрнацкім.

21 мая 1900 года ў час пажару Міхайлаўская царква была знішчана агнём. Праект царквы і дазвол на яе пабудову былі датаваныя 1901 годам, а закладка царкоўнага будынка адбылася ў ліпені 1903 года. На адным з падмуркавых камянёў, выяўленым у 2014 годзе пры рэстаўрацыйных працах настаяцелем іерэем Андрэем Капульцэвічам, было напісана, што «Сьвяты храм пабудаваны пры святары Канстанціне Шафаловічы 1904 год». 19 кастрычніка 1908 года чын асвячэння храма здзейсніў настаяцель Свята-Васкрасенскага сабора Барысава протаіерэй Мікалай Фалевіч. З 1914 года настаяцелем храма быў Канстанцін Радзівіновіч.

У 1920—30-я гады, нягледзячы на палітыку ваяўнічага атэізма, ў храме працягвалі здзяйсняцца набажэнствы, абрады вянчання і хрышчэння. У лістападзе 1942 года на Зембінскі прыход быў прызначаны святар Дзмітрый Знаменскі. У 1944 годзе з-за актывізацыі дзеянняў беларускіх партызан і наступу войскаў Савецкай Арміі немцы прыстасавалі будынак царквы і прылеглую тэрыторыю ў абарончы пункт, пры гэтым падчас вызваленчых баёў у 1944 годзе Зембін быў моцна разбураны, а сцены царквы пацярпелі нязначна. Пасля заканчэння вайны Свята-Міхайлаўскі храм не быў вернуты вернікам, а быў прыстасаваны калгасам «Зара камунізму» пад склад для сельгаспрадукцыі і малатарню, частка маёмасці храма была перададзена ў дзеючую Сморкаўскую царкву.

Найвялікшы ўрон будынак храма зазнаў у 1965 годзе падчас здымак аднаго з ваенных эпізодаў фільма «Пераклічка». Паводле задумы рэжысера фільма, фашысты трымаюць абарону ў царкве, у той час як савецкі Т-34 праломвае сцяну і ўрываецца ўнутр. Для таго, каб зняць гэты эпізод, алтарную сцяну падарвалі дынамітам. У кастрычніку 2010 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт накіраваў ліст Мікіту Міхалкову, які гуляў ролю танкіста ў гэтым фільме, з просьбай аказаць дапамогу ў аднаўленні святыні, аднак расійскі акцёр і кінарэжысёр гэтую просьбу пакінуў па-за ўвагайРуины смотрят в укор. Никиту Михалкова попросили восстановить белорусский храм.

З 2010 па 2014 гады вяліся працы па аднаўленні храмаХрам святого Архангела Михаила аг.Зембин Борисовского района, у большай ступені дзякуючы ахвяраванням. Значную фінансавую дапамогу на аднаўленне храма аказаў футбольны клуб БАТЭС очередным дружеским визитом , у 2018 годзе ў царкве адпелі заснавальніка і старшыню праўлення БАТЭ Анатоля Капскага, які ўнёс значны ўклад у справу аднаўлення святыніСтало известно, где будет похоронен Анатолий Капский .

Архітэктура Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Яго чатырохчасткавая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з васьмерыковай званіцы, падоўжнай прамавугольнай у плане трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі і гранёнай апсідай. Вышыннымі дамінантамі з’яўляюцца шатры званіцы і асноўнага аб’ёму, завершаныя макаўкамі. Галоўны фасад вырашаны сіметрычна, цэнтр вылучаны ўваходным парталам і люкарнай над ім. Фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах, апрацаваны руставанымі лапаткамі, завершаны аркатурным фрызам і прафіляваным карнізам. Бавыя фасады з разарванымі кілепадобнымі франтонамі па цэнтры. Скляпеністыя перакрыцці не захаваліся.

Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі

Как киношный бой погубил в Зембине храм, который пощадила война

Катэгорыя:Зембін Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Барысаўскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Храмы Барысаўскай епархіі