Свя́та-Мікала́еўская царква́ — праваслаўны храм у в. Калінавае (Блошнікі) Мёрскага раёна Віцебскай вобласці.
Гісторыя У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1900—1912 гадах з цэглы на месцы папярэдняга храма, які згадваецца ў 1895 годзе.
Архітэктура Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма ўключае двух’ярусную шатровую званіцу, нізкую трапезную, кубападобны аб’ём малітоўнай залы, пяцігранную апсіду з невялікай рызніцай. Вертыкальнымі дамінантамі збудавання з’яўляецца званіца з макаўкай у завяршэнні і цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане над пакатым чатырохсхільным дахам асноўнага аб’ёму. Фасады дэкарыраваны зубчастымі фрызамі, лапаткамі, кілепадобнымі ліштвамі арачных аконных праёмаў.
Інтэр’ер У інтэр’еры апсіда вылучана трох’ярусным драўляным іканастасам эклектычнай трактоўкі. Абраз 18 ст. «Святая з жэзлам».
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
Катэгорыя:Калінавае Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Мёрскага раёна Катэгорыя:1912 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Полацкай і Глыбоцкай епархіі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі