Парыжскія пагадненні (1954) — комплекс дакументаў па вайсковых, палітычных і іншых пытаннях, падпісаных у Парыжы 23 кастрычніка 1954 прадстаўнікамі ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і ФРГ, а таксама Італіі, Канады, Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга (набылі моц 5 мая 1955). Асноўнымі з Парыжскіх пагадненняў з’яўляюцца:
падпісаныя ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і ФРГ пратакол і пагадненні аб скасаванні акупацыйнага рэжыму ў ФРГ;
пратаколы пра стварэнне ў рамках НАТА Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Бельгіяй, Нідэрландамі, Люксембургам і ФРГ вайскова-палітычнага Заходне-Еўрапейскага саюза на грунце змененага і дапоўненага Брусельскага пакта 1948 года;
рэзалюцыя дзяржаў — членаў НАТА пра далучэнне ФРГ да Паўночнаатлантычнага пакта.
Парыжскія пагадненні істотна паслабілі абмежаванні, што тычацца заходнегерманскага вайскова-прамысловага патэнцыялу, і легалізавалі ўзбраенне ФРГ; разам з тым ФРГ была забаронена вытворчасць ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага знішчэння. Урад ФРГ быў абвешчаны «адзіным прадстаўніком» усяго нямецкага народа ў міжнародных справах. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя пацвердзілі захаванне сваіх праў, а таксама ўзброеных сіл у Заходнім Берліне.
Супраць пагадненняў выступілі СССР, ГДР і іншыя сацыялістычныя дзяржавы.
Катэгорыя:Гісторыя Еўрапейскага саюза