Гісторыя сучаснай Грэцыі ахоплівае гісторыю Грэцыі з прызнання яе незалежнасці ад Асманскай імперыі вялікімі дзяржавамі (Вялікабрытаніяй, Францыяй і Расійскай імперыяй) пасля вайны за незалежнасць у 1828 годзе да сённяшняга дня.
Вайна за незалежнасць (1821 – 1832 гады)
Перадумовы
У 16 і 17 стагоддзях у Грэцыі пачалі з'яўляцца ідэі і перспектывы для звяржэння асманскага валадарства. У 18 стагоддзі грэчаскія купцы сталі дамінаваць у гандлі Асманскай Імперыі, ствараць супольнасці па ўсім Міжземнамор'і, на Балканах і ў Заходняй Еўропе. Нягледзячы на тое, што асманскае заваяванне пазбавіла Грэцыю значных еўрапейскіх інтэлектуальных рухаў, такіх як Рэфармацыя і Асветніцтва, гэтыя ідэі разам з ідэаламі Французскай рэвалюцыі і рамантычнага нацыяналізму пачалі пранікаць у Грэцыю з дапамогай гандлёвай дыяспары. У канцы 18 стагоддзя найбольш уплывовы грэчаскі пісьменнік і інтэлектуал Рыгас Ферэас арганізаваў комплексны нацыянальны рух, накіраваны на вызваленне ўсіх балканскіх народаў і стварэнне «Балканскай рэспублікі». У 1797 годзе ён быў арыштаваны аўстрыйскімі чыноўнікамі ў Трыесце і разам з сябрамі быў дэпартаваны ў Белград і перададзены ўладам Асманскай Імперыі, пасля чаго ў чэрвені 1798 года яны былі задушаныя, а іх целы скінутыя ў Дунай. Іншы грэчаскі інтэлектуал Адамантыяс Караіс быў сведкам Французскай рэвалюцыі, пасля чаго пераконваў заможных грэкаў будаваць школы і бібліятэкі для далейшай адукацыі грэчаскага насельніцтва, лічыўшы, што паглыбленне адукацыі неабходна для працвітання грэчаскага народа і краіны. Яго мэтай было стварэнне дэмакратычнай Грэцыі, як у Залаты век Пярыкла, але ён не дажыў да канца вайны за незалежнасць.
Паўстанне
У 1814 годзе ў Адэсе, якая была важным цэнтрам грэчаскай гандлёвай дыяспары, маладыя купцы Нікалаас Скуфас, Эмануіл Ксантас і Афанасій Цакалаў заснавалі таварыства «Філікі Этэрыя» ( — Саюз сяброў) і пры падтрымцы заможных грэчаскіх суполак у Вялікабрытаніі і Злучаных Штатах Амерыкі яны пачалі планаваць паўстанне. Таварыства планавала пачаць паўстанне на тэрыторях Пелапанеса, Дунайскіх княтваў і Канстанцінопаля. 6 сакавіка 1821 года ў Дунайскіх княствах успыхнула паўстанне на чале з Александрасам Іпсіланты, але неўзабаве яно было задушана туркамі. Падзеі на поўначы стымулявалі грэкаў Пелапанеса да дзеянняў і 17 сакавіка маніёты абвясцілі вайну Асманскай Імперыі. Лічыцца, што рэвалюцыя была абвешчана 25 сакавікаУ цяперашні час у Грэцыі 25 сакавіка святкуюць Дзень незалежнасці. мітрапалітам Германам, які ўзняў сцяг з крыжом у манастыры Агія-Лаўра, але некаторыя гісторыкі сумняваюцца ў сапраўднасці гэтай падзеі. У канцы месяца Пелапанес пачаў адкрытае паўстанне і да кастрычніка 1821 года грэкі на чале з Тэадорасам Калакатронісам захапілі горад Трыпалі. Першымі рэгіёнамі, якія паўсталі на тэрыторыі Цэнтральнай Грэцыі былі Фалкіда (24 сакавіка) і Салона (27 сакавіка), і да канца 1821 года рэвалюцыянеры замацавалі свае пазіцыі ў гэтай частцы краіны. Рэвалюцыйныя дзеянні былі распачатыя на Крыце, на Кіпры, у Македоніі і іншых рэгіёнах, але яны хутка былі задушаныя. Новаўтвораны грэчаскі флот меў поспехі ў барацьбе супраць Асманскага флоту ў Эгейскім моры і прадухіліў прыбыццё асманскага падмацавання на мацярык. У снежні 1821 года адбылося першае пасяджэнне Грэчаскай нацыянальнай асамблеі, рэпрэзентатыўнага рэвалюцыйнага палітычнага органа, які складаўся амаль выключна з прадстаўнікоў пелапанескай шляхты. На пасяджэнні былі прыняты першыя мясцовыя статуты. Рэвалюцыйная дзейнасць была раздроблена з-за адсутнасці моцнага цэнтральнага кіраўніцтва. У 1822 і 1824 гадах туркі і егіпцяне атакавалі астравы, у тым ліку Хіёс і Псару, здзяйсняючы масавыя забойствы мясцовага насельніцтва. Гэта паўплывала на змену меркавання грамадства Заходняй Еўропы на карысць грэчаскіх паўстанцаў. Напружанасць, якая ўзнікла паміж рознымі грэчаскімі групамі, прывяла да дзвюх запар грамадзянскіх войнаў. Між тым, асманскі султан вёў перамовы з Мухамедам Алі Егіпецкім, які пагадзіўся адправіць свайго сына Ібрагіма-пашу ў Грэцыю з арміяй для падаўлення рэвалюцыі і вяртання тэрыторый. Ібрагім прыбыў на Пелапанес у лютым 1825 года і адразу дабіўся поспеху: к канцу 1825 года большая частка Пелапанеса знаходзілася пад егіпецкім кантролем, а горад Месалангіён, які знаходзіўся ў асманскай аблозе з красавіка 1825 года, паў у красавіку 1826 года. Нягледзячы на тое, што Ібрагім быў пераможаны на паўвостраве Мані, ён паспяхова задушыў паўстанні на Пелапанесе і ў Афінах. Пасля некалькіх гадоў перагавораў тры вялікія дзяржавы, Расійская Імперыя, Вялікабрытанія і Францыя, вырашылі ўмяшацца у канфлікт і накіравалі флот у Грэцыю. Пасля навіны пра тое, што асманскі-егіпецкі флот збіраецца атакаваць востраў Ідра, саюзны флот перахапіў яго каля горада Піласа і пасля тыднёвага супрацьстаяння атрымаў перамогу. У 1828 годзе пад кіраўніцтвам французскага экспедыцыйнага корпуса егіпецкія войскі былі эвакуяваныя з Пелапанеса. У кастрычніку 1828 года грэкі сфарміравалі новы ўрад, кіраўніком якога стаў Іаан Кападыстрыя, пасля чаго пачалі захоп Цэнтральнай Грэцыі, у тым ліку Афін і Фіваў. Апошняй вялікай падзеяй вайны стала бітва пры Петры, якая адбылася 12 верасня 1829 года на поўначы ад Атыкі і ў якой грэчаскія войскі пад кіраўніцтвам Дэметрыяса Іпсіланты ўпершыню былі падрыхтаваныя, як еўрапейская армія, а не як партызанскія атрады. Яны перамаглі асманскія войскі, якія здалі ўсе землі ад Лівадыі да ракі Сперхеёс за магчымасць бяспечнага адыходу з Цэнтральнай Грэцыі. У 1830 годзе Вялікабрытаніяй, Францыяй і Расійскай Імперыяй быў складзены Лонданскі пратакол, які прадугледжваў стварэнне незалежнай Грэчаскай дзяржавы пад уладай манарха, а ў 1831 годзе прадстаўніком варожага клану быў забіты губернатар Іаан Кападыстрыя. У 1832 годзе дзяржавы прапанавалі на трон баварскага князя Отана, пасля чаго Пятая нацыянальная асамблея ў Нафпліёне прыняла прапанову і стварыла канстытуцыю 1832 года. Межы Каралеўства Грэцыя былі пацверджаны Лонданскім пратаколам ад 30 жніўня 1832 года, падпісаным прадстаўнікамі трох дзяржаў.
Каралеўства Грэцыя (1832 – 1924 гады)
Праўленне Отана (1832 – 1863 гады)
Валадаранне Отана прыпала на трывожныя часы, аднак яму ўдалося ўтрымацца на троне на працягу 30 гадоў перш чым ён з жонкай Амаліяй пакінулі Грэцыю на борце брытанскага ваеннага карабля. У першыя гады кіравання ад яго імя правілі баварскія рэгенты і былі вельмі непапулярнымі сярод грэкаў, спрабуючы навязаць ім нямецкія ідэі жорсткай іерархічнай улады і не пускаючы іх на найбольш значныя дзяржаўныя пасады. Тым не менш, яны заклалі асновы грэчаскай адміністрацыі, арміі, судовай сістэмы і сістэмы адукацыі. Отан шчыра жадаў стварыць у Грэцыі добры ўрад, аднак пакутаваў ад двух галоўных перашкод: рымска-каталіцкай веры і бяздзетнага шлюбу з каралевай Амаліяй. Гэта азнчала, што ён не мог быць каранаваны як кароль Грэцыі паводле праваслаўнага абраду і не мог стварыць дынастыю.
Баварскія рэгенты правілі да 1937 года, калі былі адкліканы па патрабаванню Брытаніі і Францыі, і Отан прызначыў грэчаскіх міністраў, але чыноўнікі з Баварыі па-ранейшаму складалі большасць адміністрацыі і арміі Грэцыі. Расла незадаволенасць грэкаў тым, што ў краіне адсутнічалі заканадаўчая ўлада і канстытуцыя, у выніку чаго ў верасні 1843 года ў Афінах успыхнула паўстанне, пасля якога была створана Нацыянальная асамблея і канстытуцыя. Паводле канстытуцыі, быў створаны двухпалатны парламент, які складаўся з Асамблеі і Сената. Улада перайшла да палітыкаў, большасць якіх складалі камандзіры ў вайне за незалежнасць супраць Асманскай Імперыі.
У грэчаскай палітыцы 19 стагоддзя пераважала нацыянальнае пытанне. Большасць грэкаў працягвала жыць пад уладай Асманскай імперыі, і грэкі марылі пра іх вызваленне і аднаўленне дзяржавы, якая будзе ахопліваць усе грэчаскія землі са сталіцай у Канстанцінопалі. Гэтыя планы мелі назву «Вялікая ідэя» (). Яна падтрымлівалася амаль бесперапыннымі паўстаннямі супраць асманаў на ўсіх грэкамоўных тэрыторыях, уключаючы Крыт, Фесалію і Македонію.
Калі ў 1853 годзе ўспыхнула Крымская вайна, Грэцыя ўбачыла магчымасць атрымаць грэчаскія тэрыторыі, якія знаходзіліся пад кантролем Асманскай імперыі. Грэкі мелі значную падтрымку ў Расійскай імперыі, але расійскі ўрад лічыў занадта небяспечным дапамагаць Грэцыі пашыраць свае ўладанні. Калі расіяне атакавалі асманаў, грэчаскія войскі ўварваліся ў Фесалію і Эпір. Для таго, каб блакаваць далейшы грэчаскі наступ, англічане і французы, якія ваявалі ў саюзе з Асманскай імперыяй, занялі галоўны грэчаскі порт Пірэй з красавіка 1854 года па люты 1857 года. Грэкі, спадзяючыся на перамогу Расійскай імперыі, падбухторвалі бунты на Эпіры і Крыце, але расіяне прайгралі вайну, і Грэцыя не зрабіла ніякіх поспехаў паводле яе вынікаў.
Новае пакаленне грэчаскіх палітыкаў усё больш нецярпіма ставілася да ўмяшання караля Отана ў справы Урада. У 1862 годзе кароль адхіліў прэм'ер-міністра, былога адмірала Канстантынаса Канарыса, найбольш уплывовага палітыка таго перыяду. Гэта выклікала ваенны мяцеж, які вымусіў Отана прыняць непазбежнае рашэнне пакінуць краіну.
Праўленне Георга (1864 – 1913 гады)
Грэкі прапанавалі Вялікабрытаніі зрабіць сына каралевы Вікторыі прынца Альфрэда новым грэчаскім каралём, але на гэта рашэнне было накладзена вета з боку іншых дзяржаў. Замест гэтага новым каралём Грэцыі стаў малады дацкі прынц Георг. Ён быў вельмі папулярным сярод грэкаў і пагадзіўся, каб яго сыны прынялі грэчаскую праваслаўную веру. У якасці ўзнагароды за прыняцце прабрытанскага караля Англія саступіла Грэцыі Іанічныя астравы.
Па патрабаванню Англіі і караля Георга Грэцыя прыняла больш дэмакратычную канстытуцыю ў 1864 годзе. Паўнамоцтвы караля былі скарочаны, сенат адменены, а права голасу атрымалі ўсе дарослыя мужчыны. Тым не менш, грэчаская палітыка па-ранейшаму заставалася вельмі дынастычнай. Асобы з такімі прозвішчамі, як Заіміс, Раліс і Трыкупіс, неаднаразова станавіліся прэм'ер-міністрамі.
Нягледзячы на тое, што партыі, у асноўным, канцэнтраваліся вакол асобных лідараў, існавалі дзве шырокія палітычныя тэндэнцыі: лібералы на чале з Харылаасам Трыкупісам, а пазней Элефтэрыясам Венізеласам, і кансерватары на чале з Тэадорасам Дэліянісам, а пазней Фрасівуласам Заімісам. Трыкупіс і Дэліяніс дамінавалі ў грэчаскай палітыцы канца 19 стагоддзя, па некалькі разоў займаючы пасаду прэм'ер-міністра. Трыкупіс выступаў за супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй у замежных справах, стварэнне інфраструктуры і карэннай прамысловасці, павышэнне ахоўных тарыфаў і прагрэсіўнае сацыяльнае заканадаўства. Дэліяніс падтрымліваў грэчаскі нацыяналізм і прасоўваў вялікую грэчаскую ідэю.
На працягу ўсяго 19 стагоддзя Грэцыя заставалася вельмі беднай краінай. У краіне не хапала сыравіны і матэрыялаў, інфраструктуры і капіталу. Сельская гаспадарка знаходзілася на нізкім узроўні, а асноўнымі экспартнымі таварамі былі парэчка, разынкі і тытунь. Некаторыя грэчаскія купцы і землеўладальнікі багацелі, і Пірэй стаў буйным портам, але сялянства заставалася за мяжой беднасці. Грэцыя заставалася ў даўгах перад Лонданскімі фінансавымі дамамі.
У 1890-м годзе Грэцыя была практычна банкрутам. Беднасць панавала ў сельскай мясцовасці і на астравах і паслаблялася толькі маштабнай эміграцыяй у ЗША. Тым не менш, у будаўніцтве камунікацый і інфраструктуры быў дасягнуты прагрэс і ў Афіных былі ўзведзены вялікія грамадскія будынкі. Нягледзячы на дрэнную фінансавую сітуацыю, Афіны арганізавалі адраджэнне Алімпійскіх гульняў у 1896 годзе, якія сталі вялікім поспехам.
Падчас кіравання Георга I у Грэцыі была распрацавана парламенцкая сістэма. Першапачаткова заставалася і не спрыяла нестабільнасці каралеўская прэрагатыва ў выбары прэм'ер-міністра да ўвядзення прынцыпу парламенцкага даверу ў 1875 годзе рэфармістам Харылаасам Трыкупісам. Кліентызм і частыя выбарчыя ўзрушэнні заставаліся нормай у грэчаскай палітыцы і тармазілі развіццё краіны.