Ян Калікставіч Ольскі (Кулікоўскі) () — беларускі дзяржаўны дзеяч, старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры ЦВК Беларускай ССР (1921—1923).

Біяграфія Нарадзіўся ў 1898 годзе ў маёнтку Бутрымавічы Троцкага павета Віленскай губерні. Паляк.

У 1917—1918 гадах прымаў удзел у Кастрычніцкім узброеным паўстанні ў Петраградзе, знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце ў Вільні, служыў у Чырвонай Арміі.

З 1919 года — у органах дзяржаўнай бяспекі: начальнік аператыўнай часці, часова выконваючы абавязкі начальніка АА 16-й арміі, начальнік інфармацыйнага аддзялення АА і асобаўпаўнаважаны АА Заходняга фронту, начальнік АА 1-й Польскай Чырвонай арміі, начальнік АА 16-й арміі.

З 1921 года па 1923 год — старшыня Надзвычайнай камісіі БССР, затым — старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры ЦВК Беларускай ССР. У 1923—1930 гадах — начальнік аддзялення, памочнік начальніка КРА АДПУ пры СНК СССР, начальнік аддзела пагранічнай аховы, галоўны інспектар Галоўнай інспекцыі войскаў АДПУ і начальнік Вышэйшай пагранічнай школы АДПУ пры СНК СССР.

З 1930 года — начальнік АА АДПУ пры СНК СССР. У 1931 годзе адкамандзіраваны ў распараджэнне ЦК УКП(б) і ў далейшым працаваў на кіруючых пасадах у сістэме грамадскага харчавання. Апошняя пасада — начальнік Галоўнага ўпраўлення сталовых, рэстаранаў, кафэ і буфетаў «Саюзнархарч».

Арыштаваны 30 мая 1937 года «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі». 27 лістапада 1937 года Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны па артыкулах 58-1 «а», 58-8 і 58-11 КК РСФСР да вышэйшай меры пакарання. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў той жа дзень. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 19 лістапада 1955 года.

Узнагароды Ордэн Чырвонага Сцяга