Гай Юлій Цэзар (Магчыма, яго прозвішча ў той час чыталася як Кайсар; 12 ці 13 ліпеня 100 да н.э. — 15 сакавіка 44 да н.э.) — старажытнарымскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, палкаводзец, пісьменнік. Консул 59, 48, 46, 45 і 44 гадоў да н.э., дыктатар 49, 48—47 і 46—44 гадоў да н.э., вялікі пантыфік з 63 года да н.э.

Цэзар паходзіў са старажытнай патрыцыянскай сям’і, паслядоўна займаў усе ардынарныя рымскія пасады (cursus honorum) і зрабіў сабе імя на барацьбе з кансерватыўнымі сенатарамі (аптыматамі). У 60 годзе да н.э. арганізаваў першы трыумвірат разам з двума ўплывовымі палітыкамі — Гнеем Пампеем Вялікім і Маркам Ліцыніем Красам. З 58 года да н.э. больш за восем гадоў правёў на тэрыторыі сучасных Францыі, Бельгіі, Германіі і Вялікабрытаніі ў Гальскай вайне, далучыўшы да Рымскай рэспублікi велізарную тэрыторыю ад Атлантычнага акіяна да Рэйна і набыўшы славу таленавітага палкаводца. На пачатку 49 года да н.э. пачаў грамадзянскую вайну з-за непрымірымых рознагалоссяў з сенатарамі па пытаннях дэталяў свайго вяртання ў Рым і пра гарантыі судовай недатыкальнасці за службовыя злачынствы (подкупы на выбарах, хабары службовым асобам, парушэнне дамоў, гвалтоўныя дзеянні і іншыя парушэнні). На працягу чатырох гадоў прыхільнікі сената, якія згрупаваліся вакол Пампея, былі разбіты Цэзарам у Італіі, Іспаніі (двойчы), Грэцыі і Афрыцы, таксама ім былі разбіты войскі ўладароў Егіпта і Понта. Прытрымліваўся палітыкі міласэрнасці, але ў той жа час пакараў смерцю шэраг сваіх ключавых апанентаў. Дамогшыся поўнай перамогі над праціўнікамі, сканцэнтраваў у сваіх руках уладу консула і надзвычайныя паўнамоцтвы дыктатара (урэшце — у якасці пажыццёвай пасады), правёў шэраг рэформаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Пры жыцці Цэзара пачалося яго абагаўленне, ганаровы тытул палкаводца-пераможца «імператар» стаў часткай яго імя, аднак ён адмаўляўся ад улады старажытных рымскіх цароў. Пасля забойства Цэзара групай сенатараў на чале з Маркам Юніем Брутам пляменнік Цэзара Гай Актавій прыняў яго імя і атрымаў большую частку спадчыны паводле завяшчання, стаўшы пасля першым імператарам.

Да Цэзара розна ставіліся пры жыцці і такая традыцыя захавалася ў Рымскай імперыі: яго імя ўсяляк абялялася прыхільнікамі ўладароў, а апазіцыя ўсхваляла яго ахвяр і змоўнікаў супраць яго. Вельмі папулярнай была асоба Цэзара ў Сярэднявечча і Новы час. Апроч палітычнай і ваеннай дзейнасці Цэзар вядомы і як літаратар. Дзякуючы прастаце і выразнасці стылю яго сачыненні лічацца класікай старажытнарымскай літаратуры і выкарыстоўваюцца пры навучанні лацінскай мове. Ад імя Юлія Цэзара паходзяць тытулы кайзер і цар, а таксама назва сёмага месяца ў многіх мовах свету.

Пачатак кар’еры Нарадзіўся ў вельмі знатнай, але беднай патрыцыянскай сям’і Юліяў, якія ўзводзілі сваё паходжанне да багіні Венеры і цара Анка Марцыя. Дакладная дата яго нараджэння невядомая, бо пачаткі адпаведных біяграфічных твораў Плутарха і Светонія не захаваліся. Падчас панавання ў Рыме дыктатара Сулы у 82 — 79 да н.э. быў вымушаны збегчы з Рыма і хавацца ў Азіі, бо Цэзар быў сваяком Марыя і Цыны, ворагаў Сулы. Акрамя таго, Сула спрабаваў развесці Цэзара з яго жонкай КарнеліяйПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 1, выкарыстоўваючы свае дыктатарскія паўнамоцтвы. У час свайго выгнання Цэзар служыў у віфінскага цара і аднойчы трапіў у палон да піратаўПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 1—2. У выгнанні Цэзар працягваў атрымліваць адукацыю (у прыватнасці, на востраве РодасПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 3), што потым дапамагло яму ў палітычнай кар’еры. Цэзар быў майстрам лацінскай пісьмовай мовы, а таксама быў выдатным прамоўцам.

Хутка пасля адыходу Сулы ад улады Цэзар быў абраны на малодшую грамадзянскую пасаду квестара. Смерць Сулы ў 78 да н.э. дазволіла вярнуцца да былых дэмакратычных традыцый. Адбываліся вольныя выбары магістратаў, суды зноў сталі роўнымі, і рашэнні выносіліся не па жаданню дыктатара, а так, як прагаласуюць суддзі. Цэзар быў ужо даволі значнай палітычнай фігурай, бо неаднаразова прыцягваў да суда магістратаў, якімі быў незадаволены народ (напрыклад, Далабелу і Публія АнтоніяПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 4). Таксама Цэзар зрабіў выдатную прамову падчас пахавання сваёй жонкіПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 5, пасля чаго ён стаў лічыцца добрым прамоўцам. У гэтай прамове ён таксама закрануў тэму паходжання свайго роду ад багіні Венеры. Таксама Цэзар таемна аднавіў бюсты свайго сваяка Гая Марыя, якія ў свой час знішчыў СулаПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 6.

Праз некалькі год на выбарах прэтара Цэзар перамог з вялікай перавагай, дзякуючы сваім здольнасцям прамоўцы і велізарнай папулярнасці сярод плебеяў, якія складалі большасць выбаршчыкаў. Аднак на падтрымку сваёй папулярнасці, у тым ліку на арганізацыю гульняў для народа, Цэзар патраціў безліч грошай, у выніку чаго яго фінансавае становішча вельмі пагоршылася. Менавіта ў гэты час Цэзар зблізіўся з Красам, адным з найбагацейшых рымлян таго часу. Крас бачыў у Цэзары прыладу для барацьбы супраць свайго ворага Пампея і таму шчодра азалаціў Цэзара.

У 63 да н.э., пасля смерці вялікага пантыфіка Квінта Цэцылія Метэла Пія, Цэзар быў абраны на гэтую вельмі ганаровую пасаду і стаў захавальнікам рымскіх рэлігійных традыцый, хаця на пасаду прэтэндавалі таксама два вельмі вядомых чалавека — Ісаўрык і КатулПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 7. Аднак у часы Цэзара старыя рымскія рэлігійныя традыцыі амаль не паважаліся, а ў Рыме з’яўляліся новыя культы, прынесеныя з Грэцыі, Малай Азіі, Егіпта і Блізкага Усходу, таму роля вялікага пантыфіка была значна меншая, чым раней.

У тым жа 63 да н.э. Рым перажыў найбуйнейшую спробу незадаволеных існуючым ладам кіравання здзейсніць дзяржаўны пераварот — змову Катыліны. Лічылася, што Цэзар меў дачыненне да змовы, а раней, у 65 да н.э., ён нібыта быў адным з галоўных асоб першай спробы змовы. Аднак доказаў удзелу Цэзара ў змове не было, таму супраць яго не былі выстаўленыя прамыя абвінавачванні. Аднак Катон Малодшы ў сваёй прамове ў сенаце паспрабаваў абвінаваціць Цэзара ў дачыненні да змовы, але Цыцэрон, які кіраваў раскрыццём змовы і пакараннем вінаватых, не стаў прымаць меры супраць Цэзара, улічваючы папулярнасць Цэзара сярод плебеяў.

Пасля прэтарства ў Рыме Цэзар выехаў у падначаленую яму на нейкі тэрмін правінцыю Дальняя Іспанія. У Іспаніі Цэзар правёў некалькі невялікіх вайсковых кампаній і атрымаў навыкі ваяра і военачальнікаПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 12, якія потым спатрэбіліся яму ў Галіі. Плутарх распавядае, што калі Цэзар ехаў у падначаленую яму Іспанію і калі ён праязджаў праз невялікае селішча, Цэзар у адказ на нейкі жарт сваіх сяброў сказаў: «Што да мяне, я б хацеў быць першым тут, чым другім у Рыме»Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 11.

Трыумвірат і консульства Цэзар стаў буйной і вядомай самастойнай палітычнай фігурай, абапіраючыся на рымскіх плебеяў, нягледзячы на сваё патрыцыянскае паходжанне. У Цэзара з’явілілся і першыя ворагі — перш за ўсё, гэта былі сенатары са старых і паважаных сямействаў, якія вельмі крытычна ставіліся да так званых «папуляраў», да ліку якіх належаў і Цэзар.

Калі Цэзар вярнуўся з Іспаніі, ён спрабаваў адначасова дамагчыся трыумфа і змагацца на выбарах консулаў. На той час удзельнічаць у выбарах было магчыма толькі асабіста, а ў гэтым выпадку Цэзар страціў бы магчымасць правесці трыумфПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 13. Спачатку большасць сенатараў пагаджалася даць Цэзару магчымасць прымаць удзел у выбарах праз давераных асоб. Аднак калі наступіў дзень галасавання па пытанню, Катон Малодшы пачаў абструкцыю — прамову, якая доўжылася ўвесь дзень, і таму Цэзар быў вымушаны ахвяраваць трыумфам дзеля консульства. У тым жа 60 да н.э. незадаволены сенатам Цэзар стварыў «першы трыумвірат» з удзелам Пампея і Краса — буйных палітыкаў старэйшага пакалення і былых суланцаў, якія таксама былі незадаволеныя апошнімі дзеяннямі сенатараў. Пампей і Крас раней варожа ставіліся адзін да аднаго, яднак Цэзар здолеў памірыць іх і зацікавіць у стварэнні агульнай кааліцыі супраць сенатараў. З падтрымкай гэтых буйных палітыкаў Цэзар пачаў дамагацца вышэйшай дзяржаўнай пасады — консульства. Больш таго, ён увайшоў у саюз з нейкім Луцыем Лукцэем, даволі багатым чалавекам — планавалася, што народ абярэ консуламі Цэзара і Лукцэя. Сенатары на чале з Катонам Малодшым супрацьпаставілі ім на выбарах Марка Кальпурнія Бібула, якога яны шчодра забяспечвалі золатам і сваёй падтрымкай. З яго дапамогай яны планавалі мінімізаваць уплыў Цэзара на дзяржаўныя справы, бо консульства было калегіяльнай пасадай і ўсе важныя рашэнні павінны былі прымацца толькі са згоды абодвух консулаў. На выбарах былі абраныя Цэзар і БібулПлутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 14.

Цэзар даволі жорстка расправіўся з Бібулам — прыхільнікі першага прымусілі яго хавацца, не даючы займацца прамымі абавязкаміГай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 20, 1. Прыхільнікі Катона, якія складалі большасць у сенаце, актыўна выступалі супраць усіх законаў Цэзара, якія былі накіраваны на паляпшэнне жыцця плебеяў. У адказ Цэзар арыштаваў Катона і запалохаў Цыцэрона — двух лідараў сенатарскай партыі.

Цэзар у Галіі. Грамадзянская вайна

Пасля заканчэння свайго консульства Цэзар накіраваўся ў Галію. Гальская вайна доўжылася амаль 10 гадоў амаль без перапынкаў. За гэты час Цэзар са сваімі легіёнамі паступова падпарадкаваў Рыму ўсю тэрыторыю сучаснай Францыі, а таксама частку Бельгіі. Падчас гальскай кампаніі Цэзар набыў вялікую папулярнасць сярод легіянераў. Пазней менавіта безумоўная падтрымка з боку легіёнаў дазволіла Цэзару пачаць грамадзянскую вайну і разбіць сваіх ворагаў па чарзе.

Падчас знаходжання ў Галіі Цэзар уважліва сачыў за справамі ў Рыме і перапісваўся з Пампеем і Красам. Аднак калі Крас памёр у Сірыі, а папулярнасць Цэзара, выкліканая перамогамі ў Галіі і пашырэннем Рымскай дзяржавы, засланіла папулярнасць Пампея, апошні заключыў саюз з варожа настроеным да Цэзара сенатам. Сенат са згоды Пампея пачаў патрабаваць вяртання Цэзара ў Рым з той прычыны, што вайна ўжо скончана. Больш таго, сенатары патрабавалі распусціць легіёны і даць сенату поўную справаздачу аб сваіх дзеяннях, у той час як Пампей хутка збіраў войска (афіцыйна — для кампаніі супраць Парфіі). Цэзар адмовіўся гэта зрабіць, і хутка пасля гэтага пачалася грамадзянская вайна 49 — 45 да н.э.

Грамадзянская вайна паміж Цэзарам і Пампеем

Падчас гэтай вайны Цэзар правёў кампаніі ў Італіі, Іспаніі, Грэцыі і Егіпце.

10 студзеня 49 да н.э. Цэзар перайшоў праз пагранічную раку Рубікон і хутка захапіў Рым, з якога паспеў збегчы ўвесь сенат на чале з Пампеем. Апошні вырашыў арганізаваць супраціўленне Цэзару ў Грэцыі і адплыў з Італіі. Цэзар спачатку правёў кампанію супраць пампеянцаў у Іспаніі і толькі потым высадзіўся ў Грэцыі. Першыя некалькі бітваў былі беспаспяховымі для Цэзара, аднак ён здолеў перавесці ваенныя дзеянні з горыстага Эпіру (сучасная Албанія і заходняя Грэцыя) на ўзбярэжжа Эгейскага мора. Там адбылася галоўная бітва грамадзянскай вайны — бітва пад Фарсалам у 48 да н.э., у якой Цэзар цалкам перамог армію Пампея. Пампей збег у Егіпет, але там яго схапілі і забілі па загаду егіпецкага цара. Пасля таго, як Цэзар прыплыў у Егіпет, ён умяшаўся ва ўнутрыегіпецкія інтрыгі на баку кандыдаткі на царскі трон Клеапатры. Пасля перамогі Цэзар пачаў афрыканскую кампанію на тэрыторыі сучаснага Туніса, дзе Цэзару процістаяў яго стары вораг Катон Малодшы. Катон скончыў жыццё самагубствам падчас аблогі крэпасці Утыка Цэзарам. Нарэшце, Цэзар правёў апошнюю кампанію — зноў у Іспаніі, дзе ён перамог апошніх пампеянцаў.

Пасля грамадзянскай вайны. Забойства Цэзара