Ян Янавіч Глябовіч (1544—1590) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Дзяржаўца анікштанскі (1571—1585), кашталян менскі (1571—1585, выконваў абавязкі да 1587), староста анікштанскі (1575—1590), староста радашковіцкі (1576—1590), падскарбі земскі (1580—1586), дзяржаўца ўпіцкі (1584—1590), кашталян троцкі (1585—1586), ваявода троцкі (1586—1590). Граф Свяшчэннай Рымскай імперыі на Дуброўне і Заслаўе. Жанаты з Катарынай Кратоўскай, дачкой ваяводы інаўроцлаўскага. Па веравызнанні спачатку каталік, пасля перайшоў у кальвінізм.

Паходзіў з роду Глябовічаў гербу «Ляліва». Сын ваяводы віленскага Яна Юр’евіча Глябовіча і Ганны з Заслаўскіх. Бацька памёр калі Яну было 5 гадоў, апякунства ўзяў вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды. Вывучаў вольныя мастацтвы ў адным з заходнееўрапейскіх універсітэтаў, затым паўтара гады быў пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, пасля пры двары вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. У 1563 ва ўзросце 19 гадоў паступіў на вайсковую службу — накіраваны ў полацкі гарнізон, удзельнічаў у абароне Полацку (1563) ад войск Маскоўскай дзяржавы, з уласным атрадам удзельнічаў у вылазках, быў паранены і трапіў у палон. Іван IV, даведаўшыся што Ян Янавіч знавец Бібліі, вёў з ім дыскусіі пра рэлігію. У Маскве Ян Янавіч збіраў разведвальную інфармацыю і перапраўляў яе ў ВКЛ, пасля выкрыцця чакаў смерці, але быў памілаваны Іванам IV. Цар прапанаваў яму схіліць магнатаў ВКЛ да падтрымкі Маскоўскай дзяржавы, Я. Я. паабяцаў гэта і ў 1566 быў вызвалены, абменены на маскоўскага палоннага.

Вярнуўшыся ў ВКЛ Ян Янавіч паведаміў вял.кн. Жыгімонту Аўгусту аб намерах Іван IV, вялікі князь апраўдаў яго учынак, але староста жамойцкі Я. Г. Хадкевіч не аднакроць абвінавачваў у дзяржаўнай здрадзе і Яну Янавічу давялося звярнуцца да вялікага князя, каб той пацвердзіў апраўданне. Сварка з Я. Г. Хадкевічам ледзь не дайшла да двубоя, яны памірыліся толькі пры абранні вялікім князем Стэфана Баторы (1576), калі абодва супрацьстаялі Радзівілам.

У 1571 прызначаны на пасаду кашталяна менскага ў новаствораным Менскім ваяводстве. Пабудаваў у Менску кальвінскі збор. Быў адным з фундатараў кальвінскага збору ў Вільні. У 1576 узначальваў дэлегацыю ВКЛ з патрабаваннямі да Стэфана Баторыя. Удзельнічаў у вызваленні Полацка, у захопе Вялікіх Лук, аблозе Пскова. У 1577 годзе пабудаваў у Заслаўі кальвінскі збор, заснаваў друкарню, працу якой наладжваў Даніэль Ленчыцкі. Па запрашэнні Яна Янавіча ў Заслаўі некаторы час жыў і працаваў філосаф і тэолаг Сымон Будны. Удзельнік элекцыйнага сойму 1587 года, 14 жніўня быў адным з трох ураднікаў Рэчы Паспалітай, якія афіцыйна прынялі маскоўскіх паслоў. У 1588 годзе пры абранні вялікім князям Жыгімонта Вазы Ян Янавіч узначальваў дэлегацыю ВКЛ да яго з патрабаваннем зацвярджэння Статута ВКЛ і Статут, паводле якога ВКЛ была суверэннай дзяржавай, быў зацверджаны.

Памёр ва ўзросце 47 год, пакінуўшы двух малалетніх сыноў Яна і Мікалая.

Крыніцы

Літаратура Заяц Ю. А. Заславль X—XVIII веков (историко-археологический очерк). — Мн.: Наука и техника, 1987; Спиридонов М. Ф. Заславль в XVI в. — Мн., 1998.

Ян Янавіч Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Ваяводы троцкія Катэгорыя:Кашталяны троцкія Катэгорыя:Кашталяны менскія Катэгорыя:Падскарбіі вялікія літоўскія Катэгорыя:Старосты анікштанскія Катэгорыя:Старосты радашковіцкія Катэгорыя:Старосты ўпіцкія Катэгорыя:Графы