Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Песках Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.
Гісторыя
Пабудавана ў 1868—1870 гадах на месцы драўлянага струхлелага храма па праекце гродзенскага архітэктара Мікалая ЦіхвінскагаКулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 78. Грошы на ўзвядзенне — 8634 рублёў — былі выдзелены ўладальнікам маёнтка Масты Аляксандрам Азнабішыным.
Царкву, разлічаную на 300 прыхаджан, асвяцілі 6 снежня 1870 года, аб чым сведчыць надпіс на прастольным крыжы. Яна стала цэнтрам прыхода Ваўкавыскага благачыння, які па звестках 1899 года аб’ядноўваў 2145 вернікаў і 10 вёсак. Пры храме дзейнічалі царкоўна-прыходскае апякунства, царкоўная школа і народнае вучылішча, налічвалася 103 дзесяціны зямліГродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. Том I, 1899. — С. 72—73.
У 1919 годзе святаром царквы стаў Васіль Іванюк. 7 жніўня 1929 года храм наведаў архіепіскап гродзенскі Алексій. У 1931 годзе настаяцелем прыхода стаў Канстанцін Краскоўскі, дзякуючы якому царква за савецкім часам не зачынялася.
З 2008 года настаяцелем прыхода з’яўляецца айцец Віктар Шнайдар. Пры храме дзейнічае нядзельная школа.
Архітэктура
Помнік архітэктуры сінадальнага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. У аснове кампазіцыі кубападобны аб’ём малітоўнай залы, над чатырохсхільным дахам якога ўзведзены цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане. Да аб’ёму далучаны паўкруглая апсіда і прамавугольная трапезная. Да фасада дабудавана двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. Фасады крапаваны вуглавымі лапаткамі і аркатурнымі фрызамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, арачны ўваходны праём аформлены кілепадобным парталам. У бутавую агароджу ўбудавана 3-арачная брама.
З гэтай царквы паходзіць абраз «Прападобная Параскева з жыціем» 1642 года (дошка, тэмпера, 114х80х2,5) — адзін з трох падобных у Беларусі. Першапачаткова ён меў значна большыя памеры, аднак быў абрэзаны. Абраз знаходзіцца ў калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры.
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Мастоўскага раёна Катэгорыя:Пескі (Мастоўскі раён) Катэгорыя:Храмы Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіі Катэгорыя:1870 год у Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мікалая Ціхвінскага