Царква Усіх Святых — праваслаўны храм у вёсцы Пірэвічы Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.
Гісторыя
Напрыканцы XIX стагоддзя Пірэвічы былі адносна невялікім паселішчам (у 1886 годзе — каля 570 жыхароў) і не мелі ўласнага храма. У пачатку XX стагоддзя колькасць насельніцтва перавысіла 1100 чалавек, што абумовіла неабходнасць адкрыцця прыхода ў самой вёсцы.
Царква была пабудавана ў 1902 годзе з чырвонай цэглы паводле праекта П. І. Калніна на сродкі памешчыцы Аляксандры Раговіч. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры неарускага стылю і адным з найбольшых праваслаўных храмаў БеларусіВиленский календарь на 1910 г. С. 96..
Будаўніцтва царквы профінансавала мясцовая памешчыца Аляксандра Аляксееўна Раговіч (удава тайнага саветніка), якая таксама выдзеліла зямельны ўчастак пад храм. Непасрэднай арганізацыяй работ кіраваў давераны асоба памешчыцы Леанід Аляксеевіч Спыткоў (у 1911 годзе ён з жонкай стаў уладальнікам фальварка Пірэвічы; пахаваны на двары царквы).
Асвячэнне адбылося 6 чэрвеня 1903 года. Першыя набажэнствы ў новым прыходзе служылі айцы Лявонцій Глінскі і Павел Кернажыцкі; першым псаломшчыкам быў Хрыстафор Глыбоўскі.
Першым настаяцелем храма стаў Лявонцій Глінскі (1903 — 1907).
У 1920-я гады з храма былі канфіскаваныя званы, а ў 1930 годзе савецкая ўлада закрыла царкву; будынак прыстасавалі пад склад для калгаснай маёмасці.
Падчас нямецкай акупацыі (1941—1944) богаслужэнні ў Пірэвіцкай царкве аднавіліся. Настаяцелем у гэты час быў святар Васіль Шыкуноў з вёскі Скепня, чый храм быў разбураны. У 1943 годзе айцец Васіль і яго дзве дачкі загінулі ад рук партызан (іх жыўцом спалілі).
У 1944 годзе, пасля вызвалення вёскі, набажэнствы ў царкве аднавіліся і больш не спыняліся. У пасляваенныя дзесяцігоддзі, нягледзячы на антырэлігійную палітыку ўладаў, царква заставалася дзейнай (за выключэннем 1930-х гадоў службы ішлі бесперапынна).
Аднак савецкія чыноўнікі часта пагражалі закрыццём прыхода; святары называлі службу ў Пірэвічах «ссылкай», бо мясцовы прыход лічыўся «няспакойным, бедным і слабым».
Толькі на пачатку 1990-х гадоў улады дазволілі адрамантаваць будынак храма. У сярэдзіне 1990-х, калі настаяцелем быў протаіерэй Яўменій Малец, была адноўлена разбураная ў вайну званіца і праведзена рэстаўрацыя храма. Звон, вывезены немцамі, выраблены нанова; адбылося паўторнае асвячэнне комплексу, якое здзейсніў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх. Архітэктура
Помнік архітэктуры неарускага стылю. Падоўжна-восевая крыжападобная ў плане кампазіцыя храма складаецца з выцягнутага па папярочнай восі прытвора, прамавугольнай трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, паўкруглай апсіды з бакавымі рызніцамі такога ж абрысу. У сілуэце будынка дамінуе асноўны кубападобны аб’ём, апяразаны па перыметры какошнікавым парапетам, завершаны пакатым шатровым дахам з двух’ярусным (цыліндры на васьмерыку) купальным барабанам. Галоўны ўваход аформлены магутным ганкам-рундуком з арачнымі прасветамі, вуглавыя ўваходы (паміж трапезнай і малітоўнай залай) — ганкамі пад навісямі. Сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў фігурных з кілепадобнымі сандрыкамі ліштвах. Архітэктура будынка мае насычанае пластыка-дэкаратыўнае і колеравае рашэнне. Са старажытнарускай царкоўнай архітэктуры пазычаны вуглавыя ўразныя калонкі, маёлікавыя паліхромныя шырынкі і круглыя разеткі, закамары і какошнікі, аркатурныя і гарадковыя фрызы.
Храм збудаваны з чырвонай цэглы, што надае будынку манументальны выгляд. Над прытворам узвышаецца масіўная двух’ярусная званіца з шатровым дахам.
Агульная плошча будынка складае каля 500 м², таўшчыня муроў — больш за 1 м. Унутры храму — цэнтрычная кампазіцыя: сярэдняя частка перакрыта сферычным купалам з ліхтаром на парусах. Апсіда змяшчае трох’ярусны іканастас; ніжнія часткі сцен унутры абліцаваныя дэкаратыўнай керамічнай пліткай. У інтэр’еры прысутнічаюць насценныя фрэскі з біблійнымі сцэнамі, царскія вароты, абразы ў традыцыйных акладах, клірас.
Інтэр’ер У інтэр'еры сяродкрыжжа перакрыта сферычным купалам з ліхтаром, падтрыманым магутнымі аркамі і вуглавымі парусамі, трапезная і прыдзелы — цыліндрычнымі скляпеннямі. Цокальная частка сцен абліцавана керамічнай пліткай.
Настаяцелі За больш чым стогадовую гісторыю прыходу змяніўся шэраг настаяцеляў царквы. Сярод іх:
1902–1907 — святар Лявонцій Глінскі — першы настаяцель храма; 1907—1922 — святар Павел Кернажыцкі; 1922–1930 — звесткі адсутнічаюць; прыход мог абслугоўвацца святарамі суседніх парафій; 1930–1931 — святар Фёдар Семёнаў; 1941—1943 — святар Васіль Шыкуноў (загінуў у 1943 годзе); 1944–1953 — іераманах Мануіл (у міру Міхаіл Сівенкоў); 1953 — святар Анатоль Місеюк; 1953–1955 — святар Мікалай Кныш; 1955–1959 — святар Васіль Рынкевіч; 1959–1965 — протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі; 1965 (травень–кастрычнік) — святар Міхаіл Мандрык; 1965–1968 — протаіерэй Яўген Вейго; 1968–1969 — святар Аляксей Аляксеюк; 1969–1970 — святар Пётр Пінчук; 1970–1972 — іерэй Данііл Адзінокі; 1973–1977 — святар Леў Васільеў; 1977–1978 — святар Іярафей Антоненка; 1978–1980 — святар Мікалай Салахін; 1980–2000 — протаіерэй Яўменій Малец; 2000–2017 — протаіерэй Васіль Міхайлоўскі; 2017–2020 — іерэй Сяргей Плятэжаў; з 2020 — іерэй Васіль Церашкоў (дзейсны настаяцель).
Сучасны стан Царква Усіх Святых у Пірэвічах з’яўляецца дзеючым прыходскім храмам. Храм адкрыты штодня, у вызначаныя дні праводзяцца вечаровыя службы, па нядзелях і святах здзяйсняецца Бажэственная літургія. Будынак падтрымліваецца ў добрым стане пасля рэстаўрацыі; у сярэдзіне 1990-х гадоў нанова адбудавана званіца і аднавіліся званы.
Пры храме працуе нядзельная школа для дзяцей і моладзі, праводзяцца катэхізатарскія гутаркі. Прыход актыўна ўдзельнічае ў духоўным жыцці мясцовай супольнасці.
У чэрвені 2023 года ў Пірэвічах адбыліся ўрачыстасці з нагоды 120-годдзя з дня асвячэння храма. 11 чэрвеня 2023 года юбілейную Бажэственную літургію ў дзень прастольнага свята (Сабор Усіх Святых) узначаліў епіскап Светлагорскі Амвросій — вікарый Гомельскай епархіі. Яму саслужылі благачынны Жлобінскай акругі протаіерэй Аляксей Сматрыцкі, настаяцель прыхода храма Усіх Святых іерэй Васіль Церашкоў і духавенства акругі. Пасля богаслужэння адбыўся хрэсны ход.
У дзень святкавання вучні Пірэвіцкай сярэдняй школы падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю пра гісторыю царквы, а выхаванцы нядзельных школ прадставілі выставу дзіцячых малюнкаў на духоўную тэматыку. Святочныя мерапрыемствы яшчэ раз падкрэслілі значнасць храма Усіх Святых як цэнтра духоўнага жыцця і культурнай спадчыны рэгіёна. Галерэя
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Жлобінскага раёна Катэгорыя:Пірэвічы (Пірэвіцкі сельсавет) Катэгорыя:Храмы Гомельскай і Жлобінскай епархіі Катэгорыя:1902 год у Беларусі