Стары́ Ула́с, сапраўднае імя Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі (; ) — беларускі паэт, публіцыст, этнограф.

Біяграфія

З каталіцкай сям’і валожынскіх сялян Пятра і Людвікі. Бацька служыў кухарам у графа Міхала Тышкевіча.

Асірацеў у 9 гадоў, быў узяты пад апеку цёткай Юзэфай Амяльянскай. У больш дарослым узросце пайшоў працаваць памочнікам кухара да графа Тышкевіча, пазней стаў кухарам. Сістэмнай асветы не атрымаў, пісьменнасці яго навучыў выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Зяновіч, чалавек ліберальна-дэмакратычных поглядаў. Авалодаў рускай і польскай граматай, пісаў па-беларуску лацінкай. З 1909 года пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве».

Ва ўзросце каля 20 гадоў Стары Улас быў аб’ездчыкам, потым ляснічым у графа Тышкевіча (да пачатку Першай сусветнай вайны). Жонка Антаніна з Вайцяхоўскіх, у пары было 8 дзяцей (4 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі). У сваім валожынскім доме адкрыў беларускамоўную школу. У 1914 годзе паводле службы быў пераведзены ў Варняны Вілейскага павета (цяпер Астравецкі раён). Пазней пераехаў з сям’ёй у Вільню. У 1920 годзе пераехаў у вёску Сужаны на Віленшчыне, дзе працаваў у маёнтку ляснічым. У 1922 годзе гэтыя землі афіцыйна адышлі да Польшчы. У 1934 годзе пераехаў у суседнія з Сужанамі Шашэльгішкі, дзе атрымаў зямлю ад Тышкевіча за доўгую службу, займаўся земляробствам. Памёр ад запалення лёгкіх у Шашэльгішках. Пахаваны на могілках у Сужанах.

Творчасць Дэбютаваў вершамі ў 1909 годзе ў «Нашай Ніве». Змяшчаў свае вершы і вершаваныя апавяданні ў беларускіх дарэвалюцыйных і заходнебеларускіх календарах. Выступаў і як публіцыст. Рабіў вершаваныя апрацоўкі народных легенд і паданняў. Аўтар парадыйна-сатырычнага апавядання «Тры злодзеі» (1912), паэмы «Год беларуса» (1911 ці 1910). На творчасці адчуваецца ўплыў фальклорных традыцый.

Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969). Выйшла кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса» (1990). Рукапісы захоўваюцца ў архівах Беларусі, Літвы, Польшчы.

Памяць На доме ў Валожыне, дзе жыў Стары Улас, размешчана памятная дошка.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Пісьменнікі Расійскай імперыі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Фалькларысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Фалькларысты Беларусі Катэгорыя:Паэты Расійскай імперыі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Памерлі ў Вільнюскім раёне