Цэнтральнабеларускі масіў — найбольш прыўзнятая частка Беларускай антэклізы ў яе скляпенні на ўсходзе Гродзенскай і захадзе Мінскай абласцей, дзе крышталічны фундамент месцамі выходзіць на падантрапагенную паверхню.

Абмежаваны на паўночным усходзе Налібоцкім, на поўдні — Свіслацкім і Ляхавіцкім разломамі і серыяй паўночных прыбартавых разломаў Прыпяцкага прагіну, на захадзе — ізагіпсай паверхні фундамента -200 м. Мае форму кліна, выцягнутага з захаду на ўсход па лініі Гродна—Капыль, даўжыня 230 км, шырыня асновы 160 км.

Паверхня крышталічнага фундамента ў цэнтральнай і ўсходняй частках прыўзнята на Бабаўнянскім выступе, на паўночных і заходніх схілах апушчана да -200 м. Цэнтральнабеларускі масіў уяўляе сабой сістэму блокавых падняццяў. У яго межах выдзяляецца шэраг больш дробных структур (Зэльвенска-Іўеўскі вал, Слонімскі купал, Мастоўскае падняцце і інш.).

Платформавы чахол складзены з фрагментаў валынскай і валдайскай серый венду, якія залягаюць пераважна на паўночных і паўднёвых схілах і ў паніжэннях паміж адносна прыўзнятымі блокамі ў цэнтральнай частцы, а таксама з мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў. На ўсходзе ў ніжняй частцы чахла захаваліся фрагменты палескай серыі сярэдне-верхняга рыфею. Мелавыя і антрапагенавыя адклады залягаюць суцэльным покрывам. У цэнтральнай і заходняй частцы (Мастоўска-Дзятлаўскі блок) фундамент перакрываецца мелавымі адкладамі, у найбольш прыўзнятай усходняй частцы (Бабаўнянскі выступ) і месцамі ў цэнтральнай — антрапагенавымі.

Паводле часу фарміравання Цэнтральнабеларускі масіў як частка Беларускай антэклізы, — структура найбольш старажытнага вендскага залажэння. Як самастойны выступ у складзе Балтыйскага шчыта яна існавала ў валынскі час. На каледонскім этапе ў сувязі з прагінаннем Балтыйскай сінеклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Мазавецка-Люблінскага прагіну Цэнтральнабеларускі масіў канчаткова адасобіўся і ўтварыў ядро Беларускай антэклізы.

Літаратура Шкуратаў Д. Цэнтральнабеларускі масіў // Коженов В. Белорусская антеклиза // Геология Беларуси / Редкол. А.С. Махнач, Р.Г. Гарецкий, А.В. Матвеев и др. — Мн.: Институт геологических наук НАН Беларуси, 2001. — 815 с. ISBN 985-6117-56-9

Катэгорыя:Беларуская антэкліза Катэгорыя:Геалогія Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Геалогія Мінскай вобласці Катэгорыя:Тэктоніка Беларусі