«Лю́дзі на бало́це» () — беларускі мастацкі фільм, зняты ў 1981 годзе рэжысёрам Віктарам Туравым па аднайменным рамане Івана Мележа. Асноўная сюжэтная лінія — прыход савецкай улады ў глухую вёску, згубленую сярод палескіх балот . Прэм’ера фільма адбылася ў СССР 29 лістапада 1982 года. У тым жа годзе Віктарам Туравым зняты працяг карціны — «Подых навальніцы» .
Фільм быў адзначаны шматлікімі прэміямі і стаў унікальнай з’явай у нацыянальным экранным мастацтве. У творчасці кінарэжысёра фільмы паводле Івана Мележа былі вяршыннымі, з’яўляліся найбольш поўнай рэалізацыяй яго творчага патэнцыялу. У іх Віктар Тураў перадаў не экзотыку Палесся, а паказаў жыццё людзей, вартых павагі, працавітых, сумленных; жыццё ва ўсёй яго паўнаце — з жарсцямі, бедамі, нягодамі, каханнем і пакутамі.
Сюжэт Першая серыя Дзеянне адбываецца ў вёсцы Курані на Палессі ў 1926 годзе. Летняй раніцай вясковы хлопец Васіль Дзятлік збіраецца на сенакос, які знаходзіцца на балотах. Дзед Дзяніс збірае мёд. Увечары, пасля цяжкай працы на сенакосе з аднавяскоўцамі, Васіля кліча да кастра каля выпасу коней малодшы брат Валодзька. Васіль згаджаецца, але, каб распаліць касцёр, ідзе да суседскай кампаніі пазычыць вугольчык. Сын кулака Яўхім Глушак не хоча дзяліцца агнём, але яго бацька Халімон не дае разгарэцца спрэчцы. Адно аб’ядноўвае і багатых, і бедных: боязь банды Маслака, што нібыта была перакінута з Польшчы і аб’явілася ў суседніх вёсках. Несучы вугольчык да свайго кастра, Васіль сустракае аднавяскоўца Міканора, які толькі вярнуўся з войска. Той запрашае яго да свайго кастра, дзе ідзе гаворка пра маючы адбыцца перадзел зямлі, стварэнне камуны ў адной з вёсак і цяжкі лёс селяніна на забалочанай зямлі. Але Васіль дзякуе і ідзе далей, да сваіх. Урэшце, разам з Валодзькам і дзяўчынай Ганнай, Васіль распальвае свой касцёр.
Васіль дзякуе за вячэру і ідзе даглядаць каня, пакінуўшы касцёр. Ганна таксама пакідае кампанію ля кастра і ідзе за Васілём. Дзяўчына пачынае размову з хлопцам, просіць у яго прабачэння за тое, што часам смяялася з яго з-за знешняга выгляду, нібыта рознага колеру вачэй. Ганна адзначае, што хлопец добры і працавіты, але занадта маўклівы і баіцца дзяўчат. Раніцай Васіля і Ганну, якія разам заснулі каля кастра, будзіць Яўхім. Сын кулака сароміць Васіля, смяецца з яго, але бойкая Ганна востра адказвае Яўхіму.
Ідзе жніво, жанчыны цяжка працуюць з сярпамі ў руках. Нават немаўлят бяруць у поле, каб карміць іх, амаль не адрываючыся ад працы. Ганна, якая працуе ў полі з іншымі вясковымі жанчынамі, бачыць Васіля, што працуе побач з возам. Дзяўчына лагодна ўсміхаецца хлопцу, Васіль чырванее, але, натхнёны ўвагай Ганны, таксама ўсміхаецца ў адказ. Дзяўчына прапануе Васілю жбан з малаком, каб наталіць смагу. Бацькі, нібыта жартуючы, прапануюць ажаніць маладых.
Пасля працы моладзь бавіць час размовамі ля кастра пра ўсялякія жахі ды небыліцы, спевамі і смехам. Васіль жа адводзіць каня Гуза на балоты і ідзе на задвор’е, дзе з некаторага часу сустракаецца з Ганнай. Аднак сёння дзяўчына злуецца на Васіля з-за спазнення. Яна нават беспадстаўна раўнуе Васіля да дачкі Зайчыка. Але Васіль клянецца, што не разумее адкуль у дзяўчыны такія думкі. Ганна чуе ад хлопца няўмелыя, але шчырыя кампліменты. Уражаная, яна аднак не ўтрымліваецца, каб трохі не зачапіць Васіля. Збянтэжаны хлопец не ведае, як сябе паводзіць з Ганнай, што гаварыць ёй. Дзяўчына збіраецца дахаты, Васіль просіць яе застацца яшчэ трохі. Ганна аднак гаворыць, што хутка развіднее і трэба вяртацца да мачыхі. У апошні момант Ганна прама пытае Васіля, ці любіць ён яе. Васіль гаворыць, што любіць, і Ганна таксама прызнаецца ў каханні. Маладыя цалуюцца.
Ідзе вясковы сход, на якім сялян абавязваюць адправіць дзяцей у школу. Школа знаходзіцца ў другой вёсцы, і зноў паўстае даўняе пытанне аб будоўлі грэблі. Выступае Апейка, які распавядае пра перамогу над бандай Маслака і агітуе да будоўлі грэблі паміж Куранямі і Алешнікамі. Калі ён гаворыць сялянам, што грэблю трэба будаваць самастойна, усёй вёскай, чуюцца незадаволеныя нараканні. Але Апейка працягвае пераконваць сялян у неабходнасці будоўлі: людзі, адрэзаныя ад воласці, бывае, галадаюць, паміраюць ад хвароб, не дачакаўшыся дапамогі. У выніку супраць грэблі сярод сялян быццам нікога і няма, але працаваць яшчэ і на будоўлі грэблі ніхто не хоча.
Ноччу ў сваю хату забягае Ганна і будзіць бацьку Цімоха. Яна распавядае, што ў вёсцы з’явіліся ўзброены Маслак і бандыты, што выжылі. Яны некуды павялі Васіля, і Ганна хоча апавясціць аднавяскоўцаў. Напалоханая мачыха не пушчае Ганну з хаты, Цімох гаворыць, што Васілю нічога не зробяць. Бандыты вядуць Васіля да хаты Ахрэма Грыбка і стукаюць у дзверы. Ахрэму, які быў старшынёй на сходзе па пытанні аб перадзеле зямлі, пагражаюць смерцю і забараняюць працягваць працу па перадзеле. Ганна выбягае з хаты ў пошуках Васіля, якога знаходзіць хмурнага і абыякавага.
Раніцай вядзецца следства ў хаце Міканора. Ахрэма пытаюцца пра начныя падзеі, але адказвае ў асноўным яго жонка, якую Андрэй не змог выправадзіць з хаты. На пытанне аб сувязях бандытаў з вясковымі жыхарамі, Грыбкова кажа, што маслакоўцаў прывёў нібыта Васіль Дзятлік. Міканор пасылае Андрэя па Чарнушку. Пасля Ганны дапытваюць Васіля. У выніку, Алена Дзятлік са слязамі збірае рэчы сыну, якога збіраюцца везці ў турму. На вуліцы Васіль сустракаецца паглядам з Ганнай.
Познім вечарам дзяўчаты пяюць песні ля кастра. Хадоська размаўляе з Ганнай пра заўтрашнюю працу ў Яўхімава бацькі — трэба ісці малаціць, каб аддаць доўг. Раптам у кампанію ўрываецца вясёлы Яўхім, які з’едліва размаўляе з Ганнай. Раніцай, падчас малацьбы, ён адкрыта глядзіць на Ганну, круціцца каля яе. Але бацька, які бачыць гэта, вядзе Яўхіма за гумно і груба павучае сына, з кім трэба вадзіцца, а з кім не. Але Яўхім усё роўна прыстае да Ганны, гаворыць ёй, што Дзятліка дзяўчына яшчэ доўга не ўбачыць. Ганна адказвае, што не любіць Яўхіма і лепей яму паглядзець на Хадоську, каханне якой да хлопца відавочна. Яўхім абыякавы да Хадоські, але калі тая прыходзіць у гумно, хлопец абяцае жаніцца на ёй і схіляе да блізкасці.
Тым часам, Васіль сядзіць у гарадской турме. У адчаі ён просіцца ў ахоўніка на працу, але той адмаўляе. Да Васіля прыязджае маці, прывозіць свежы хлеб і мёд. Васіль пытаецца пра вясковыя справы. Маці перадае паклон ад Ганны, на твары Васіля з’яўляецца лагодная ўсмешка. Ён цікавіцца настроем Ганны і таксама перадае паклон. Днём Васіль пілуе дровы з іншымі арыштантамі. Да хлопца прыязджае актывіст Міканор і абяцае дайсці нават да Апейкі, але вызваліць ні ў чым не вінаватага хлопца. На чарговым допыце Васілю аб’яўляюць, што ён свабодны, але папракаюць тым, што праявіў баязлівасць і тым самым дапамог ворагам калектывізацыі. Харчоў выпраўляе Васіля з турмы ў горад і просіць перадаць аднавяскоўцам хлопца, што банду Маслака і яе памагатых ён знішчыць. Васіль подбегам вяртаецца ў родныя мясціны.
Прыйшла зіма, вёска гатуецца да калядаў. Міканор сустракае каля калодзежа Васіля і выказвае незадавальненне гэтым звычаем. У размове з бацькамі падчас разбірання кабанчыка Міканор параўноўвае аблічча на іконе з Халімонам Глушаком, чым выклікае слёзы маці. У хаце Дзятлікаў гатуюць куццю. Увечары жыхары вёскі з песнямі і танцамі ідуць калядаваць. Хадоська пад іконай моліць Бога, каб ажаніцца з Яўхімам. Раніцай Міканор, Ганна і Хадоська вяртаюцца дадому і дзеляцца вынікамі каляднай варажбы. Апошняя сцэна — вясковыя дзяўчаты збіраюць каліну з-пад снегу, і Ганна нібыта чуе дзіўнае рэха, якое кліча яе.
Другая серыя Жыхары вёскі святкуюць Божае Нараджэнне. Раптам па вясковай вуліцы разносяцца крыкі — бойка. Жыхары выглядваюць з вокнаў і бачаць хлопца, які ляжыць з крывёй на твары.
Ідзе наступны агульны вясковы сход. Пракоп на сходзе абвінавачвае выбраную камісію і ўвесь сельсавет у хлусні. У выніку п’янага Пракопа выводзяць з хаты. Спецыяльны ўпаўнаважаны Зубрыч, які прыехаў з горада, заяўляе, што ўсе пытанні па землеўпарадкаванні цяпер прымае ён. Слова бярэ Міканор. Ён разважае пра незадаволенасць Ігната, а таксама пра тое, што некаторыя вяскоўцы няправільна зрабілі абмер сваёй зямлі. Нехта пытаецца, ці не перадзеляць разам з зямлёй і хатнюю жывёлу. На сходзе становіцца шумна. Тым часам Васіль употай глядзіць на Ганну, а дзяўчына ўсміхаецца яму ў адказ. Вяскоўцы ізноў падымаюць пытанне пра банду Маслака, якая да гэтага часу не знішчана. Эпілогам сходу становіцца натхнёная прамова Васіля, што выступае за роўны перадзел зямлі. Яўхім злосна глядзіць на Васіля, Ганна — з гонарам.
Новае спатканне Васіля і Ганны. Васіль марыць аб урадлівай зямлі і магчымасцях, якія яна дае. Ганна лагодна смяецца ў адказ і гаворыць, што Васіль надта любіць хваліцца. Васіль аднак настроены сур’ёзна, ён абдымае дзяўчыну і гаворыць, што за ім Ганна не прападзе. Становіцца зразумела, што Васіль гатовы ўзяць Ганну за жонку і тая згодная.
Падчас спякотнага летняга дня вяскоўцы працуюць на жніве. Яўхім з воза бачыць стомленую Ганну, якая прылягла ў цень. Хлопец пажадліва глядзіць на маладое і прывабнае цела дзяўчыны. Бацька крычыць на Яўхіма, бо той з-за адцягнутай увагі марудна працуе. Яўхім аддае вожжы Сцяпану і воз са снапамі едзе ў вёску. Сам жа Яўхім ідзе следам за Ганнай у арэшнік. На ўзлеску хлопца перапыняе Хадоська, якая імкнецца абняць Яўхіма, але той гаворыць дзяўчыне, каб адчапілася. Хадоська шчаслівым голасам прызнаецца, што цяжарная. Яўхім збянтэжаны, абвінавачвае дзяўчыну ў тым, што яна «нагуляла» дзіця ад некага іншага, прапануе звярнуцца да знахаркі ў Глінішчах. Хлопец пакідае засмучаную Хадоську і бяжыць за Ганнай. Пасля кароткай размовы Яўхім зноў прыстае да Ганны, але тая гаворыць, што не сілай, а толькі дабратой яе можна заваяваць. Яўхім спрабуе згвалціць дзяўчыну, але тая кусае хлопца і вырываецца. Зразумеўшы, што Ганна не паддаецца, Яўхім перакананым голасам гаворыць, што ўсё роўна даб’ецца яе любым спосабам.
Дажджлівым восеньскім днём Чарнушкава прыбягае да мужа, што працуе ў хляве і са слязамі распавядае вясковыя пагалоскі, быццам Яўхім Карчоў «зсільнічаў» Ганну. Чарнушка бярэ вяроўку і ідзе на поле, дзе Ганна капае бульбу разам з Хадоськай. Ганна бажыцца, што нічога не было. Чарнушка ў парыве лютасці б’е вяроўкай жонку за тое, што тая слухае пустыя плёткі. Застаўшыся на полі ўдвох, Хадоська пытае Ганну, ці сапраўды Яўхім чапляўся да яе. Ганна прызнаецца, што чапляўся, нават парваў кофту, але не дамогся. Хадоська ў адчаі плача.
Яўхім гаворыць з бацькам пра жаніцьбу. Хлопец ставіць умову: ажэніцца з той, каго сам выбраў. Калі бацька чуе, што сын выбраў Ганну Чарнушку, то прыходзіць у лютасць. Халімон Глушак абвінавачвае сына, што той не мае розуму і што «галадранка» яго папросту акруціла, як дурня. Сцяпан, што прысутнічае пры размове, заступаецца за Ганну, і бацька ледзь не збівае яго. Маці і Яўхім супакойваюць старога, але адно застаецца цвёрдым — бацькоўскага дазволу не будзе.
На рачной пераправе выпадкова сустракаюцца Васіль і Ганна. Хлопец чуў пра брудныя плёткі і пытае, ці праўду кажуць людзі. Ганна бачыць, што хлопец паверыў хлусні і ў роспачы пытаецца, ці сапраўды Васіль думае пра яе так дрэнна. Засмучаны Васіль спрабуе высветліць, можа Яўхім узяў дзяўчыну сілаю. Ганна ганарлівым голасам адказвае, што ўсё было добраахвотна і абзывае Васіля дурнем. Васіль прышпорвае каня, а Ганна, застаўшыся адна са слязамі на вачах, уголас гаворыць: «Я гэтага табе не забуду!»