Царква Святой Тройцы — драўляны праваслаўны храм у аграгарадку Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры класіцызма.
Уваходзіць у 1-ую Пухавіцкую благачынную акругу.
Гісторыя Царква была пабудавана ў 1826 годзе з драўлянага бруса на месцы згарэлага ў 1820 г. храма. Капітальна адраманавана ў 1873 г. на сродкі прыхаджан і казны (5975 руб.).
У 1930-х гадах у царкве служыў святар Аляксандр Шылай, які нарадзіўся ў 1879 годзе ў Слуцку. Калі ў жніўні 1935 года царкву зачыніла савецкая ўлада, і пачалі здымаць званы, святар застаўся жыць у Блоні, працягваў сваю службу па хатах у вернікаў. Пад час Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў 1937 годзе арганізаваў збор подпісаў за адраджэнне царквы. 6 жніўня 1937 года Аляксандра Шылая арыштавалі і расстралялі, абвінаваціўшы ў антысавецкай агітацыі. Сям'ю святара выслалі. Аляксандр Шылай быў пасмяротна прызнаны свяшчэннамучанікам.
Архітэктура З’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Будынак сіметрычна прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай. Кампазіцыя будынка заснавана на чаргаванні рознавысокіх аб’ёмаў. Званіца з высокім шпілем над бабінцам (васьмярык на чацверыку), васьмігранны светлавы барабан са шлемападобным купалам над сяродкрыжжам. Галоўны і бакавыя фасады маюць высокую цэнтральную частку і фланкіруючыя нізкія аб'ёмы. Трохвугольны франтон галоўнага фасада падтрымліваюць чатыры мураваныя калоны, утвараючыя манументальны ўваходны порцік. Гарызантальна ашаляваныя сцены завершаны карнізам с поясам «сухарыкаў», разным фрызам геаметрычнай арнаменцікі, а таксама прарэзаны прамавугольнымі і васьміграннымі аконнымі праёмамі. У барабане аконныя праёмы паўцыркульныя.
Асноўная частка інтэр’еру раздзелена 2-ма радамі невысокіх калон з цэглы на тры нефы. Бакавыя нефы значна ніжэйшыя за цэнтральны. Над бабінцам на такіх жа калонах размешчаны хоры. Столь падшыўная, плоская, у барабане — пірамідальная, гранёнаяЗбор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, зтнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1987,— 308 с.: іл., с.125
Літаратура
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, зтнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1987,— 308 с.: іл. Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Пухавіцкага раёна Катэгорыя:Славутасці Блоні Катэгорыя:Храмы Барысаўскай епархіі Катэгорыя:1826 год у Беларусі Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі