Аляксей Сцяпанавіч Анішчык (; Псеўданімы: Андрэй Чэмер; А. Шпак) — беларускі мемуарыст, педагог, журналіст, грамадскі дзеяч.
Біяграфія Нарадзіўся 19 ліпеня 1912 года на хутары Мондзіна Навагрудскага павета Мінскай губерні.
Скончыў Навагрудскую гімназію і эканамічны факультэт Пазнаньскага ўніверсітэта; магістр эканамічных навук. Працаваў у Катавіцах, кіраваў курсамі для інжынераў і тэхнікаў. У верасні 1939 года запісаўся ў батальён, які абараняў Варшаву ад немцаў, за што пазней быў узнагароджаны медалём.
Пасля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Навагрудак, дзе выкладаў у школе беларускую мову і літаратуру. Потым на Беласточчыне быў дырэктарам школы. У 1941 годзе — выкладчык і загадчык школы ў мястэчку Уселюб Навагрудскага раёна. З 1942 года — выкладчык Навагрудскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Публікаваўся ў газеце «За праўду», са студзеня 1944 года — яе рэдактар. У лютым — маі 1944 года — загадчык Навагрудскай друкарні, у маі—чэрвені — супрацоўнік сектара радыёперадач Беларускага культурнага цэнтра ў Мінску. Сябар падпольнай Беларускай Народнай Грамады. Удзельнік Другога Усебеларускага кангрэса.
Пры адступленні нямецкіх войск выехаў у Германію. У 1945—1946 гадах жыў у Кракаве, працаваў у газетах. Потым узначаліў ваяводскі аддзел выдавецтва «Czytelnik» ва Уроцлаве і Шчэціне.
Арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў маі 1948 года, вывезены ў Мінск. За супрацоўніцтва з немцамі прысуджаны да расстрэлу, замененага 25 гадамі зняволення. Правёў у лагерах Запаляр’я і Мардовіі 14 гадоў. Вызвалены ў 1962 годзе. Вярнуўся на Радзіму. Працаваў эканамістам у Навагрудскім раёне і ў Лідзе. Потым пераехаў Літву (Эйшышкі). Жыў у Вільні. Узначальваў суполку віленскіх беларускіх палітвязняў. Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2000 года. Падрыхтаваў кнігу мемуараў.
Памёр 31 сакавіка 2007 года ў ВільніУ Вільні памёр найстарэйшы беларускі пісьменьнік Наша Ніва 2 красавіка 2007.
Творы Жизнь живым принадлежит: (Стихи). — Вильнюс, 1996. За калючым дротам: (Нарысы, вершы). — Вільня, 1996. Мондзінская балада: Дакументальная аповесць. — Вільня, 1996. Наваградская Беларуская Гімназія. — Вільня, 1997.
Літаратура
Мілаш Л. Аляксею Анішчыку — 90 // Кантакты і дыялогі. 2002, № 5-6. У Вільні памёр найстарэйшы беларускі пісьменнік // «Наша Ніва». 2007, 2 сакав.
Спасылкі Вопіс архіва Аляксея Анішчыка ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча
Адлічбаваныя матэрыялы са збору Аляксея Анішчыка ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча
Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса Катэгорыя:Члены Беларускай Народнай Грамады (1941)