Міхаіл (Міхал) Кірылавіч Баброўскі (, в. Волька Выганоўская, цяпер Бельскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — , мяст. Шарашова Пружанскага павета) — славіст, арыенталіст, багаслоў, даследчык старажытных славянскіх рукапісаў і старадрукаваных кірылічных выданняў, доктар багаслоўя (1823), канонік Брэсцкага капітула (1817).

Член Археалагічнай акадэміі ў Рыме, парыжскага і лонданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх пры Маскоўскім універсітэце, камітэта па выпрацоўцы харвацкага правапісу ў Далмацыі.

Міхаіл Баброўскі разам з Ігнатам Даніловічам лічыцца адным з першых творцаў «беларускага нацыянальнага адраджэння» альбо «беларускай нацыянальнай ідэі».

Валодаў беларускай мовай, за якую лічыў падляшскі дыялект без «акання», «дзекання», «цекання», з мяккімі «дзь» і «ць» і поўнымі канчаткамі інфінітываў, напрыклад «ходити».

Біяграфія

Сям’я

Паходзіць са старадаўняга беларускага шляхецкага роду. Бацька — Кірыла Баброўскі — быў высвечаны на ўніяцкага святара берасцейскім грэка-каталіцкім біскупам Сімяонам Млоцкім у 1779 годзе, яго маці — Ганна з роду Крупскіх. У сям’і было пяцёра сыноў, аднак у жывых засталіся толькі старэйшы Язэп і малодшы Міхал.

Адукацыя

Навучаўся ў Кляшчэляўскай царкоўнай школе і піярскім вучылішчы ў Драгічыне, Беластоцкай гімназіі (скончыў у 1806 годзе) і Галоўнай духоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце (скончыў у 1812 годзе). У 1811 годзе атрымаў ступень магістра філалогіі, у 1812 годзе стаў магістрам багаслоўя, у 1814 — магістрам філасофіі. Прыняў пасвячэнне ў 1815 годзе, з 1817 года канонік брэсцкі.

Праца ў Віленскім універсітэце

У 1817—1822 гадах у замежнай навуковай камандзіроўцы ад Віленскага ўніверсітэта, наведаў славянскія землі, Францыю і Італію і вывез адтуль значную колькасць кніг, якія ён прадаў потым Віленскай семінарыі.

З 1822 года прафесар Віленскага ўніверсітэта. У 1822—1824 гадах і пасля перапынку з 1826 года прафесар экзегетыкі і герменеўтыкі Віленскага ўніверсітэта. З 1823 года доктар тэалогіі. Заснавальнік беларуска-літоўскага філалагічнага гуртка ў Віленскім універсітэце. Выступаў супраць паланізацыі і лацінізацыі.

Следства і высылка

У сувязі са следствам, разгорнутым М. М. Навасільцавым па справе тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, быў разам з прафесарамі Ю. Галухоўскім, І. Даніловічам, І. Лялевель адхілены ад выкладання і высланы з Вільні.

У 1824—1826 гадах знаходзіўся ў ссылцы ў базыльянскім манастыры ў Жыровіцах.

Дзякуючы заступніцтву мецэната М. П. Румянцава ў 1826 годзе Баброўскі атрымаў магчымасць вярнуцца ва ўніверсітэт

У 1833 годзе практычна быў сасланы ў мястэчка Шарашова, дзе быў святаром да канца жыцця. У сувязі з пераследаваннем грэка-католікаў перайшоў у праваслаўе. Займаўся навукай і выхаваннем пляменніка Паўла, бацька якога заўчасна памёр. Памёр ад халеры. Пахаваны на шарашоўскіх могілках за алтаром царквы св. Пятра і Паўла.

Навуковая дзейнасць Даследаваў унікальныя калекцыі славянскіх рукапісаў і старадрукаў, увёў у навуковы ўжытак многія помнікі пісьменства. Адзін з пачынальнікаў скарыназнаўства, які нанова адкрыў для еўрапейскай навукі імя Ф. Скарыны. Толькі невялікая частка яго рукапіснай спадчыны апублікавана пры жыцці, частка знікла адразу пасля смерці даследчыка.

Супрасльскі рукапіс left|thumb|Супрасльскі рукапіс

Яшчэ гімназістам зацікавіўся архівам і бібліятэкай Супрасльскага манастыра каля Беластока, дзе ў 1822 годзе выявіў Супрасльскі зборнік, адзін з вельмі важных кірылічных помнікаў царкоўнаславянскай мовы. Баброўскі паведаміў пра гэта Вастокаву, які ў 1825 годзе надрукаваў вынікі сваіх даследаванняў. Частка рукапісу (118 лістоў) трапіла да Копітара і захоўваецца ў Любляне; яна была выдадзена пад назвай «Monumenta linguae paleoslovenicæ е codice Supraslensi» (Вена, 1851). Частка (два сшыткі) захоўваецца ў пецярбургскай Расійскай нацыянальнай бібліятэцы; астатняя частка патрапіла ў бібліятэку графаў Замойскіх у Варшаве і захоўваецца цяпер у польскай Нацыянальнай бібліятэцы.

Іншая дзейнасць Збіраў матэрыялы пра дзейнасць Швайпольта Фіёля, Францыска Скарыны, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца. Склаў навуковае апісанне старажытных кірылічных і глаголічных помнікаў пісьменства, якія захоўваюцца ў Ватыканскай бібліятэцы. Увёў у навуковы абарот шэраг важных помнікаў гісторыі і культуры.

У кантэксце разваг аб заняпадзе старажытнай славянскай мовы ў Літве ў 1826 г. на старонках «Віленскага дзённіка» выказаў свае меркаванні аб беларускай мове. Адзначыў яе высокі статус у старажытнасці. Указаў на ўвядзенне ў Літве «для дыпламатычных спраў і трыбуналаў... беларускага дыялекту», пераклад Ф. Скарынам «на той жа дыялект» Бібліі, стварэнне палемічных кніг, казанняў, катэхізісаў і іншых духоўных твораў «на беларускім, маларускім і чырванарускім дыялектах з дамешкай польскага».

За свае навуковыя працы Баброўскі быў абраны членам археалагічнай акадэміі ў Рыме, Азіяцкага грамадства ў Парыжы і Лондане, .

Працы шмат дробных артыкулаў у «Dziennik Wileński» 1824—1826 Wyobrażenie nauki Pisma św., jej części i literatury (в «Dzieje dobroczynności Krajowej i zagranicznej», 1823) «Archeologia biblica» (Вільна, 1829) «Wiadomość historiczna o Universytecie Wileńskim» (1828)

Памяць Імя Баброўскага нададзена Лабараторыі вывучэння духоўнай культуры Падляшша (Масква) і вуліцы ў Шарашове.

Крыніцы

Літаратура Бобровский П. О. М. К. Бобровский (1785—1848), ученый славист-ориенталист. — СПб., 1889; Бобровский П. О. К биографии М. К. Бобровского (славянского филолога-ориенталиста). — СПб., 1890; Charkiewicz W. Bez steru i busoli (sylwetka ks. prof. Michała Bobrowskiego). — Wilno, 1929; Станкевіч А. Магнушэўскі, Паўлюк Багрым, Баброўскі: (Да вытокаў беларускага адраджэння). — Вільня, 1937; Лабынцев Ю. А. Первая книга, напечатанная глаголицей, и ее исследователь Михаил Бобровский // Сов. Славяноведение. 1983. № 4; Cieplak Jan ks. Ks. Michał Bobrowski: Profesor Uniwersitetu Wileńskiego. — SPb, 1894; Улащик Н.. Введение; Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992, № 1; Ліс А. Беларуская ідэя ў кантэксце адраджэння славян // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994; ; Białokozowicz B. Między Wschodem a Zachodem: Z dziejów formowania się białoruskiej świadomości narodowej. Białystok, 1998; Календарыюм // «Czasopis» № 10/2003;

Суша А. А. Баброўскі Міхаіл // Культура Беларусі: энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 1. — С. 353—354. Церашковіч, П. Падляшане, якія разбудзілі беларусаў // Наша гісторыя, № 3, 2018, с. 44—47. ISBN 2617—2305 PSB; SHP;

АЗБ. Лаўрэш Леанiд. Выбiтныя манахi-базiлiяне часоў лiквiдацыi ўнii // Biuletyn Historii Pogranicza. №15. С. 65-89.

Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Дактары навук Катэгорыя:Дактары багаслоўя Катэгорыя:Багасловы Беларусі Катэгорыя:Хрысціянскія багасловы Катэгорыя:Славісты Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Памерлі ад халеры