Стафан Багушэўскі () — польскі навуковец-аграрнік, палітык, дзеяч рэвалюцыйнага руху, выдавец.
Біяграфія Нарадзілася ў 1877 годзе ў шляхецкай сям’і Багушэўскіх. Родавым гняздом гэтай сям’і быў маёнтак Ізабалёва пад Мінскам.
Скончыў гімназію ў Пецярбургу (1899), вучыўся ў Інстытуце сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў Пулавах (Люблінская губ.), быў вольным слухачом Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве (1901—1905).
Малодшы брат Марыі Кастравіцкай, часта гасцяваў у яе ў Лідзе. Тут летам 1903 года пецярбургскі студэнт Вацлаў Іваноўскі схіліў Багушэўскага да ўдзелу новай выдавецкай задуме: выпуску беларускіх кніжак у Кракаве, які ў той час знаходзіўся ў Аўстра-Венгрыі. Багушэўскі ў сваю чаргу прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго гімназічнага сябра Мар’яна Фальскага, студэнта Варшаўскай політэхнікі.
У 1903-04 гады разам яны займаліся арганізацыяй беларускай выдавецкай дзейнасці ў Кракаве, адкуль выданні перапраўлялі на Беларусь. Група Багушэўскага надрукавала першыя афіцыйныя праграмныя дакументы Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Гэта былі ўлёткі-адозвы на беларускай мове (лацінкай і кірыліцай), якія заклікалі беларускіх сялян і рабочых да змагання з царызмам, патрабавалі аўтаноміі для Беларусі і права навучання на роднай мове. У брашуры «Калядны падарунак» (1904) пад выглядам рэлігійнага ці святочнага тэксту (каб абысці ўвагу царскіх памежнікаў) друкаваліся папулярныя асветніцкія тэксты, вершы і апавяданні публіцыстычнага і рэвалюцыйнага зместу. Кніжка была скіравана на беларускае сялянства. Багушэўскі і Іваноўскі займаліся перакладамі папулярных еўрапейскіх і польскіх твораў на беларускую мову. Менавіта ў гэты перыяд у Кракаве рыхтаваліся і друкаваліся невялікія народныя кніжкі (накшталт перакладу апавядання Генрыка Сянкевіча «Янка Музыкант»), якія павінны былі паказаць беларусам, што іх мовай можна ствараць якасную літаратуру. Друкаваліся асобныя аркушы з патрыятычнымі і пратэстнымі вершамі, якія сяляне маглі лёгка вучыць на памяць і распаўсюджваць у вёсках Міншчыны і Гродзеншчыны. Увесь гэты друк лічыўся кантрабандай. Стафан Багушэўскі асабіста арганізоўваў каналы перапраўкі гэтых матэрыялаў праз аўстра-расійскую мяжу на тэрыторыю Беларусі.
Пасля вяртання на радзіму ў 1905 годзе ўдзельнічаў у рабоце Беларускай сацыялістычнай грамады. У снежні 1905 арыштаваны разам з Казімірам Каастравіцкім, быў зняволены ў Мінскай турме. Потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі, а напярэдадні суда ўцёк у Кракаў. Тут скончыў вучобу і атрымаў дыплом агранома. Па гэтай спецыяльнасці працаваў у 1907—1914 гады. У 1-ю сусветную вайну служыў у польскіх легіёнах аўстра-венгерскай арміі.
У 1918—1928 гады працаваў выкладчыкам, займаўся навукова-агранамічнай дзейнасцю. Дзеяч Цэнтральнага Саюза земляробчых гурткоў у Варшаве, выкладчык Вольнага польскага універсітэта, быў членам Міжнароднай земляробчай камісіі, створанай пры Лізе Нацый. У 1928 і 1930 выбраны ў польскі Сенат ад ББСУ (Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам). У 1931 завязаў супрацоўніцтва з Кампартыяй Польшчы, у 1932 абвясціў аб сваім выхадзе з ББСУ. Пад уплывам сустрэчы з А. Барбюсам у 1932 годзе ў Парыжы далучыўся да міжнароднага антываеннага руху; у маі 1933 заснаваў Польскі антыфашысцкі і антываенны камітэт, быў дэлегатам Еўрапейскага антыфашысцкага рабочага кангрэса ў Парыжы (1933). З канца 1934 рэдагаваў часопіс «Kolumna» («Калона»), у якім выступаў з крытыкай санацыйнага ўрада Польшчы. Выданне канфіскоўвалася ўладамі. 1 жніўня 1936 года арыштаваны і зняволены ў турме. Пасля вызвалення аслабіў кантакты з КПП, пачаў крытыкаваць сталінскія рэпрэсіі ў СССР.
Крыніцы
Літаратура Najnowsze dzieje Polski: Materiały i studia z okresu 1914—1939. T. 14. Warszawa, 1969.
Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польскай Рэспублікі (1918—1939) 3 склікання Катэгорыя:Члены Беларускай сацыялістычнай грамады