Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі Беларускай ССР (ВСНГБ) — дзяржаўны орган адміністрацыйна-каманднага кіравання прамысловасцю Беларусі ў 1923—1932 гг. Створаны 4 снежня 1923 года паводле пастановы Прэзідыума Цэнтральнай выканаўчай камісіі і СНК БССР аб перайменаванні Савета народнай гаспадаркі ССРБ.
Перадгісторыя Эканомікай Расійскай савецкай рэспублікі (з 1918 РСФСР) кіраваў агульнагаспадарчы, жорстка цэнтралізаваны, бюракратызаваны орган — Вышэйшы савет народнай гаспадаркі, утвораны 2 (15) снежня 1917 г. ВСНГ меў у падпарадкаванні глаўкі, цэнтральныя ўпраўленні — «цэнтры», пастаянныя і часовыя спецыяльныя органы. На месцах, у т.л. і на Беларусі, — губернскія і павятовыя саўнаргасы — СНГ, якія пад кантролем мясцовых Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў павінны былі ажыццяўляць «арганізацыю і рэгуляванне эканамічнага жыцця». На тэрыторыі беларускіх губерняў у адпаведнасці з першай Канстытуцыяй ССРБ (1919 г.) на СНГ ускладалася кіраўніцтва асобнымі галінамі прамысловасці (паліўнай, лясной, будаўнічых матэрыялаў, харчасмакавай і інш.). СНГ меў правы канфіскацыі, рэквізіцыі, прымусовага сіндыцыравання розных галін прамысловасці і гандлю, правядзення іншых мерапрыемстваў у вытворчасці і размеркавання прамысловай прадукцыі, а таксама дзяржаўных фінансаў. У 1921 г. у падпарадкаванні СНГ было 87 найбольш буйных прадпрыемстваў (5,4 тыс. рабочых). Кіраўніцтва мясцовай прамысловасцю (саматужная, мясцовае будаўніцтва і г д.) перайшло ад павятовых СНГ да ўтвораных у павятовых выканкомах эканамічных аддзелаў, якія падпарадкоўваліся СНГ ССРБ. У 1921 годзе ў структуры рэспубліканскага СНГ было 14 вытворчых і 12 функцыянальных аддзелаў, працавала 1009 чал., на 6 паветаў, якія складалі тэрыторыю ССРБ, упраўленцаў было зашмат. На месцах створана 19 заводаўпраўленняў і 15 групавых упраўленняў, якія аб’ядноўвалі аднародныя па вытворчасці або блізкія тэрытарыяльна прадпрыемствы. У 1922 г. з пачаткам НЭПа некаторыя групавыя ўпраўленні ліквідаваны, іншыя аб’яднаны або здадзены ў арэнду; функцыянальныя рэарганізаваны ў адзіны апарат.
Дзейнасць Пасля ўтварэння СССР было праведзена размеркаванне прамысловых прадпрыемстваў на саюзныя і рэспубліканскія. Пасля перайменавання СНГ БССР у ВСНГ БССР, апошні, з’яўляючыся адным з наркаматаў рэспублікі, непасрэдна падпарадкоўваўся ЦВК і СНК БССР, адначасова быў органам ВСНГ СССР на тэрыторыі БССР, дырэктывамі якога кіраваўся ў сваёй дзейнасці. Старшыня ВСНГ назначаўся ЦВК БССР, СНК БССР фарміраваў прэзідыум ВСНГ. Бягучыя пытанні вырашала бюро прэзідыума (старшыня ВСНГ і два загадчыкі аддзелаў). ВСНГ БССР складаў і даваў на зацвярджэнне эканамічнай нарадзе і ВСНГ СССР вытворчы план і бюджэт прамысловасці, якая яму падпарадкоўвалася, распрацоўваў праекты заканадаўства рэспублікі па прамысловасці даводзіў да групавых упраўленняў праграму выпуску прамысловай прадукцыі на год і інш. Паводле пастановы ЦВК і СНК БССР ад 26 верасня 1924 г. «Аб рэарганізацыі прамысловасці», групавыя ўпраўленні былі ліквідаваны, замест іх створаны трэсты. «Трэсціраванне» распаўсюджвалася таксама на транспарт, камунальную гаспадарку, выдавецкую справу і інш. Трэсты аб’ядноўвалі прадпрыемствы па галіновым прынцыпе, сталі асноўным падраздзяленнем у структуры дзяржаўнага кіравання прамысловасцю. У снежні 1927 г. ЦВК і СНК БССР правялі рэарганізацыю структуры ВСНГ БССР — створаны савет ВСНГ (50 чал.), прамыслова-планавая камісія, сакратарыят, 4 аддзелы. У савет ВСНГ уваходзілі адказныя супрацоўнікі апарату ВСНГ, прадстаўнікі наркаматаў і грамадскіх арганізацый. На яго пасяджэннях абмяркоўваліся найбольш важныя пытанні развіцця прамысловасці БССР. Прэзідыум ВСНГ БССР атрымаў правы канчаткова зацвярджаць прамыслова-фінансавыя планы, балансы, статуты трэстаў, тэхнічныя праекты прамысловага будаўніцтва.
У гэты час у непасрэдным падпарадкаванні ВСНГ БССР знаходзіліся 122 прадпрыемствы (23,5 тыс. чал.), 113 з іх уваходзілі ў структуру 9 трэстаў, астатнія дзейнічалі як аўтаномныя гаспадарчыя адзінкі. Да 1930 г. у складзе ВСНГ БССР 13 рэспубліканскіх трэстаў, якія падпарадкоўваліся галіновым аператыўным групам (апошнія ў 1928 г. замянілі аддзелы цэнтральнага апарата ВСНГ БССР). У снежні 1930 г. з мэтай узмацнення адзінаначалля і спрашчэння структуры ВСНГ БССР замест трэстаў і аператыўных груп створаны 12 вытворчых аб’яднанняў, якія дзейнічалі ва ўмовах гаспадарчага разліку. Лічылася, што новая структурная адзінка будзе менш забюракратызаваная. 3 кастрычніка 1931 г. Палажэнне аб ВСНГ БССР прадугледжвала перадачу яму кіраўніцтва ВНУ, тэхнікумамі, школамі ФЗН, якія рыхтавалі кадры для прамысловасці. Аднак у пачатку 1930-х гадоў ва ўмовах узмацнення адміністрацыйна-камандных метадаў у эканоміцы адбылася канцэнтрацыя кіравання прамысловасцю ў Маскве. 25 снежня 1931 г. ЦК ВКП(б) прыняў рашэнне, у адпаведнасці з якім ВСНГ СССР рэарганізаваны ў Наркамат цяжкай прамысловасці. Саюзным рэспублікам прапанавалася ператварыць свае ВСНГ у наркаматы лёгкай прамысловасці. 3 красавіка 1932 г. ВСНГ БССР рэарганізаваны ў Наркамат легкай прамысловасці БССР.
Старшыні А. І. Вайнштэйн (1921—1922) А. С. Карпешын (1923—1924) А. Я. Калнін (1924—1926) С. Б. Карп (1926—1929) Р. П. Грысевіч (1929—1931).
Літаратура Процька, Т. С. Вышэйшы савет народнай гаспадаркі БССР / Т. С. Процька // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; [Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Беліцк — Гімн. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1994. — 536 с. — С. 378. — ISBN 5-85700-142-0.
Катэгорыя:Эканоміка БССР Катэгорыя:Народныя камісарыяты БССР Катэгорыя:З’явіліся ў 1923 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1932 годзе