Бружмель татарскі, Бружмень татарскі (Lonícera tatárica) — расліна роду Бружмель сямейства Бружмелевыя, дэкаратыўны куст.

Батанічнае апісанне Бружмель татарскі — лістападны куст вышынёй 1-3 м.

Парасткі полыя. Кара маладых парасткаў жаўтлява-бурая, пакрытая дробнымі цёмнымі чачавічкамі; у старых парасткаў кара шэрая, адслойваецца палосамі.

Лісце яйкападобнае або даўгавата-яйкападобнае, 3-6 см даўжынёй, цэльнакрайняе.

Кветкі парныя, даўжынёй да 2 см, з двухгубым венчыкам белага або ружовага колеру, размешчаны ў пазухах лісця. Цвіце бружмель татарскі ў маі — чэрвені.

Плады шарападобныя, чырвоныя або аранжавыя, часта зрослыя парамі ў аснаванні, дыяметрам каля 6 мм, спеюць у ліпені — жніўні. Неядомыя, горкія на смак.

Распаўсюд і асяроддзе пражывання У дзікім выглядзе расце на паўднёвым усходзе еўрапейскай часткі Расіі, у Сібіры, перадгор’ях Цянь-Шаня і Алтая.

Прымяненне Бружмель татарскі дзякуючы хуткаму росту і непераборлівасці часта вырошчваецца ў якасці дэкаратыўнага кустоўя. Асабліва дэкаратыўны ён падчас цвіцення і плоданашэння.

Мароза — і засухаўстойлівы, непатрабавальны да якасці глебы. Лёгка размножваецца насеннем і тронкамі. Існуе некалькі садовых формаў, якія адрозніваюцца афарбоўкай кветак, формай лісця і кампактнасцю куста.

Добры майска-чэрвеньскі меданос. Мёд светлы, пылок бруднавата-жоўты.

Літаратура

Катэгорыя:Дэкаратыўныя кусты Катэгорыя:Бружмель Катэгорыя:Меданосныя расліны Катэгорыя:Флора Еўразіі